Вы тут

Пяціпавярховы жылы дом узвялі за рэкордна сціслыя тэрміны


Сімвалічны ключ ад новага пяціпавярховага жылога дома на 40 кватэр уручыў кіраўніку Любанскага раёна Сяргею Казецкаму старшыня савета дырэктараў замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Слаўкалій» Міхаіл Гуцэрыеў. Гэта асабісты падарунак бізнесмена, мецэната горада. Узвялі будынак за рэкордна сціслыя тэрміны — менш як за год. Забудоўшчык — падкантрольная Міхаілу Гуцэрыеву кампанія «СертусАвія».


 

У доме толькі двух- і трохпакаёвыя кватэры, аснашчаныя сантэхнікай, кухоннымі плітамі. Выдзяляцца яны будуць тым, хто стаіць у чарзе і мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пяціпавярховік у Любані ўжо назвалі сонечным, паколькі фасад аздоблены цёплымі жоўтымі фарбамі. А ключ ад гэтага дома, лічаць любчане, сімвалізуе новы этап развіцця райцэнтра, які пачаўся з таго моманту, калі ў верасні 2015 года Прэзідэнт Беларусі і расійскі бізнесмен заклалі капсулу ў знак пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната на месцы Старобінскага радовішча калійнай руды.

— Два гады таму мы паабяцалі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку пабудаваць дом. Ён узведзены не на народныя, а на асабістыя грошы. Гэта не першы падарунак гораду. Мы пабудуем яшчэ шмат такіх дамоў, — адзначыў Міхаіл Гуцэрыеў. — Мясцовыя людзі, тыя, хто прыедзе працаваць на новы камбінат з іншых рэгіёнаў, павінны жыць у добрых умовах. У межах праекта па будаўніцтве горна-абагачальнага камбіната плануецца ўзвесці яшчэ пяць жылых дамоў. Але на савеце дырэктараў мы прынялі рашэнне пабудаваць дадаткова яшчэ пяць шматкватэрных дамоў, якія бясплатна перададзім ва ўласнасць горада. Тут будуць прадугледжаны ўся неабходная інфраструктура, дзіцячыя пляцоўкі.

Міхаіл Гуцэрыеў наведаў таксама пляцоўку пад будаўніцтва вытворчасці.

— Гэта праект ХХІ стагоддзя з выкарыстаннем найноўшых сусветных тэхналогій. Яго агульны кошт два мільёны долараў: наша кампанія ўкладзе 600 млн долараў, Кітай дасць крэдыт у 1,5 млрд долараў, — расказаў бізнесмен. — Будаўніцтва камбіната пачалі ў 2016 годзе і разлічваем закончыць да 2020 года. Магутнасць прадпрыемства — 2 млн тон калійных угнаенняў штогод, тут будзе створана больш як тысяча працоўных месцаў. Пасля ўвядзення камбіната ў дзеянне канкурэнцыі «Беларуськалію» па цэнах не прадбачыцца. Канкурэнцыя магчымая толькі па якасці, выпрацоўцы. Будзем разам выходзіць на сусветны рынак праз Беларускую калійную кампанію.

Як адзначыў дырэктар «Слаўкалія» Ігар Коржыч, усе работы ідуць планава, адпаведна з графікам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Сонечны дом

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».