Вы тут

У Мінадукацыі прааналізавалі вынікі прыёмнай кампаніі 2017 года


Ніжні парог вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання па першым профільным прадмеце прапануецца ў наступным годзе павялічыць на пяць балаў, а тэрміны рэгістрацыі для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні скараціць: пункты рэгістрацыі адкрыюцца для абітурыентаў толькі 10 мая. На калегіі Міністэрства адукацыі прааналізавалі вынікі прыёмнай кампаніі 2017 года і паставілі задачы на наступны год.


Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ лічыць, што павышэнне парога па профільным прадмеце павысіць значнасць гэтай дысцыпліны і дазволіць адабраць найбольш падрыхтаваных абітурыентаў. «Паэтапнае павышэнне парогавых значэнняў па выніках ЦТ працягнецца і ў наступныя гады, — паведаміў ён. — Гэты працэс будзе праходзіць паралельна з укараненнем і апрабацыяй новых методык па апрацоўцы і шкаліраванні вынікаў удзельнікаў ЦТ.

Для ўдасканалення правядзення ўступнай кампаніі Міністэрства адукацыі падрыхтавала праект указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб змяненнях і дапаўненнях у Правілы прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі І ступені. Дакумент рыхтаваўся на падставе даручэнняў кіраўніка дзяржавы і прапаноў дзяржаўнай камісіі, абмяркоўваўся і ўзгадняўся з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, Рэспубліканскім саветам рэктараў вышэйшых навучальных устаноў.

Сярод плануемых новаўвядзенняў — аптымізацыя льготных катэгорый грамадзян пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі; увядзенне мінімальнага стажу для абітурыентаў, якія плануюць паступаць на завочную форму навучання; ажыццяўленне мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў незалежна ад месца знаходжання арганізацый пры падрыхтоўцы па найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях. У праект указа ўведзена норма, якая дасць магчымасць выкарыстоўваць гутарку ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі як дадатковы метад упарадкавання льготных катэгорый грамадзян.

Таксама будуць праходзіць апрабацыю наступныя механізмы — правядзенне прафесійна-псіхалагічнай гутаркі пры прыёме на спецыяльнасці, дзе патрабуюцца кіраўніцкія навыкі. Мяркуецца, што гутарка будзе праходзіць да пачатку ўступнай кампаніі. Першы намеснік міністра адукацыі расказаў, што ў ВНУ можа з'явіцца права праводзіць дадатковы профільны экзамен пры паступленні на спецыяльнасці, дзе патрабуецца наяўнасць практычных навыкаў. Гэтая норма будзе выкарыстоўвацца ў эксперыментальным рэжыме. «Літаральна на адной-дзвюх спецыяльнасцях у некалькіх установах адукацыі, каб можна было дакладна адпрацаваць увесь механізм, усе станоўчыя і адмоўныя бакі новаўвядзення», — растлумачыў Вадзім Богуш.

Ёсць пытанні, звязаныя з правядзеннем практычнай апрабацыі новых методык апрацоўкі вынікаў ЦТ.

— Тая мадэль шкаліравання вынікаў ЦТ, якая ў нас цяпер выкарыстоўваецца, даказала сваю эфектыўнасць, — падкрэсліла першы намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля ВАЙЦЯХОВІЧ. — Трэба звярнуць увагу, што тая ці іншая мадэль шкаліравання выкарыстоўваецца ў залежнасці ад мэт і задач выпрабаванняў. Адна мадэль — для прамежкавай атэстацыі, другая — для выніковай. І зусім іншая мадэль павінна выкарыстоўвацца ў рамках уступных выпрабаванняў. Разам з тым, у сувязі з неабходнасцю разгледзець магчымасць укаранення новай методыкі, Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў прапанаваў свой варыянт, прадставіў матэматычныя алгарытмы разлікаў, а таксама паказаў як на станоўчыя бакі новай сістэмы падліку балаў, так і на магчымыя рызыкі. Мы ўсе павінны разумець, што ЦТ — экзамен з высокімі стаўкамі, і ў выпадку пераходу да новай сістэмы патрабуецца час. Немалаважана таксама, каб шкаліраванне вынікаў рэпетыцыйнага і цэнтралізаванага тэсціравання ажыццяўлялася па адной методыцы.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: ЦТ — экзамен з высокімі стаўкамі!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.