Гэтыя цацкі, каб хацеў, іначай, відаць, не назавеш — толькі пушысцікі. Аўтар іх — рукадзельніца Таццяна Кендысь.
Па адукацыі Таццяна Іванаўна педагог, працуе ў Вярховіцкай сельскай бібліятэцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Вязаць навучылася змалку: спачатку пераважна для сябе, потым для сына — кофтачкі, штонікі, шкарпэткі...
Першай цацкай, якую звязала, стаў снегавік. За імі «пайшлі» сабакі, яноты, вожыкі, совы, свінкі, мышы, цмокі і нават Змей Гарынавіч. Аднак любімымі па-ранейшаму застаюцца кацяняты з махеравых нітак.
Варта зазначыць, што захапленне майстрыхі ніколькі не перашкаджае асноўнай працы — нават наадварот: пры бібліятэцы створаны гурток «Вясёлка рукадзелля», дзе Таццяна Іванаўна вучыць дзяцей таму, што ўмее сама.
А яна, дарэчы, на дасягнутым не спыняецца. Спрабавала сябе і ў шыцці, і ў вышыўцы, і ў пляценні кошыкаў з паперы ды ўпрыгажэнняў з бісеру. Але ж асноўным было і засталося вязанне: сёння, прынамсі, сабачак — самых розных парод, што і зразумела: год менавіта гэтых пушысцікаў ужо не за гарамі. Значыць, попыт на іх павінен узрасці?
Ганна СОЎПЕЛЬ
Фота Міколы ШУМА
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.