Вы тут

Драматычны тэатр беларускай арміі адзначыў 15-годдзе


Нягледзячы на зусім юнацкі ўзрост, творчы калектыў установы ўжо мае адметнае аблічча ў тэатральным мастацтве нашай краіны. Шырока вядомы сваімі спектаклямі на тэму Вялікай Айчыннай вайны, ён з энтузіязмам бярэцца і за пастаноўкі пра сучасную беларускую армію, а таксама адлюстроўвае ўласнае бачанне класічных твораў.


Драматычны тэатр беларускай арміі — самы малады прафесійны тэатр Беларусі. Прычым адзіны, які не падпарадкоўваецца Міністэрству культуры. Але прыналежнасць да галоўнага ваеннага ведамства краіны зусім не сведчыць пра тое, што гледачом тэатра з'яўляецца выключна чалавек у пагонах.

— Будучы першым армейскім тэатрам на постсавецкай прасторы, у кароткі тэрмін тэатр змог заваяваць аўтарытэт і павагу як у нашай краіне, так і за мяжой, — адзначыў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ. — Нездарма ў кулуарах яго называюць тэатрам высокіх пачуццяў. Перш за ўсё гэта прызнанне прафесійнага ўзроўню і заслуг усяго творчага калектыву.

Для першага намесніка міністра культуры Ірыны ДРЫГІ Драматычны тэатр беларускай арміі перш за ўсё ўнікальны выразнай творчай праграмай. «Тэатр не разменьваецца на танныя камедыі, не імкнецца толькі забаўляць гледача, — пераканана намеснік міністра. — Яго спектаклі часта даюць эстэтычнае задавальненне, выхоўваюць гледача на ўзорах высокай драматургіі. Калі зазірнуць у тэатральную афішу, то далёка не кожны тэатр можа пахваліцца такім добрым падборам рэпертуару».

Творчы летапіс установы быў распачаты спектаклем «Ты памятаеш, Алёша...» па п'есе Аляксея Дударава. Некалькі гадоў вядомы драматург быў мастацкім кіраўніком тэатра. Напісаныя і пастаўленыя Аляксеем Дударавым п'есы назаўжды палюбіліся гледачу: яны дагэтуль не сыходзяць з тэатральнай афішы.

Ля вытокаў тэатра — і Марына Дударава, з лёгкай рукі якой пастаўлены 12 прэм'ер. Калі яна сюды прыйшла, у штаце было ўсяго пяць артыстаў, якія толькі і ездзілі па краіне з канцэртамі. За 15 гадоў тэатр вырас да Нацыянальнай тэатральнай прэміі за спектакль-казку «Снежная каралева».

— Тэатр — гэта як нараджэнне дзіцяці: перажываеш з-за кожнай няўдачы, радуешся поспехам, — лічыць мастацкі кіраўнік Драматычнага тэатра беларускай арміі Марына ДУДАРАВА, якая яшчэ і выконвае абавязкі дырэктара. — Каб стварыць тэатр, патрэбна неймаверная энергія. Невыпадкова зроблены акцэнт на маладых артыстах. Цяпер такі час, што артыст павінен быць універсальным: валодаць не толькі акцёрскім майстэрствам, але і ўмець спяваць, быць знаёмым з харэаграфіяй, нават акрабатыкай.

Каб глядач паверыў таму, што адбываецца на сцэне, яго нельга падманваць. «Калі ты будзеш сумленным да сябе і сваёй прафесіі, глядач рана ці позна гэта адчуе і будзе ўдзячны», — перакананы галоўны рэжысёр тэатра Ігар ФІЛЬЧАНКОЎ, якога за значныя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ўзнагародзілі медалём Францыска Скарыны.

Часты наведвальнік тэатра ў першую чаргу ведае галоўнага рэжысёра па ролях. Бадай, няма такога спектакля, калі б ён не падымаўся на сцэну. Нават тады, калі з'яўляецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам. А, між іншым мала хто ведае, што па першай адукацыі Ігар Фільчанкоў — тэхнік-тэхнолаг. І каб не народны тэатр на камвольным камбінаце, куды ён амаль штовечар пасля змены на маторным заводзе ездзіў на рэпетыцыі, складана было б у ролі капітана Леановіча з «Вераб'інай ночы», пастаўленай па аповесці Караткевіча «Паром на бурнай рацэ», уявіць кагосьці іншага. Але ў рэальным жыцці, як прызнаецца маэстра, акцёрскую маску ён ніколі не надзявае.

Нягледзячы на юбілейную дату, праца ў тэатры не спыняецца ні на дзень. У святочныя дні акцёры парадуюць казкай «Навагоднія прыгоды Леі на планеце Зямля». Дарослага гледача ў хуткім часе чакае камедыя па Чэхаву. А напярэдадні 100-годдзя Узброеных Сіл з творчым калектывам змогуць бліжэй пазнаёміцца і жыхары абласных цэнтраў, куды з гастролямі завітаюць артысты самага маладога, але не менш заслужанага тэатра Беларусі.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Тэатр у пагонах

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.