Вы тут

Калі снайпер — не проста стралок


Разведчыкаў, якіх па-ранейшаму называюць вачамі і вушамі сучаснай арміі, рыхтуюць не толькі ў сілах спецыяльных аперацый. Быць вынослівым, бясшумным, а галоўнае, незаўважаным вучаць і ў 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе.


На паласе перашкод падчас адпрацоўкі баявых задач.

Дзмітрый Шэндрыкаў служыць тут ужо амаль год. За гэты час не толькі набраўся самастойнасці, фізічна адужэў, але і паспеў зарэкамендаваць сябе лепшым снайперам брыгады. Каб даведацца, як служыцца ў адной з элітных вайсковых часцей краіны, карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з салдатам.

Заўсёды хацеў у армію

Часць стала для Дзімы ўжо другім домам. Да армейскага ўкладу жыцця ён прызвычаіўся з першых дзён. Чалавека, які па будзільніку ўставаў на працу, а таксама заўжды планаваў свой дзень, распарадак, прыняты ў падраздзяленні, не напалохаў.

Дзмітрый родам са Жлобінскага раёна, што на Гомельшчыне. У сям'і — адзіны сын, мае дзвюх сясцёр. Да арміі Дзіма працаваў электратэхнікам у Асіповічах, але размеркаванне для яго хутка скончылася — прыйшла павестка.

Служба ў войску не стала для хлопца нечаканасцю. Дзіма заўсёды хацеў у армію, гэта была проста справа часу. «Чым раней аддасі свой доўг Радзіме, тым лепш, — лічыць вайсковец. — Пасля арміі можна спакойна планаваць сваё далейшае жыццё: з'явіцца сям'я, і ты ўжо павінен думаць, як яе забяспечыць. А калі сямейныя хлопцы яшчэ ідуць служыць, часам пакінуўшы на жонку малое дзіця, лічу гэта несур'ёзным».

Адслужыў — іншая справа

У сям'і Дзмітрыя лічаць, што кожны сапраўдны мужчына (безумоўна, калі яму дазваляе здароўе) павінен аддаць свой доўг Радзіме. Нягледзячы на тое, што абставіны склаліся так, што бацька хлопца ў войску не служыў, ён быў вельмі рады за сына, калі той надзеў ваенную форму.

У пакоі адпачынку кожны салдат можа пачытаць кнігі і газеты.

— У маёй вёсцы, адкуль я родам, нават іншае стаўленне да тых, хто прайшоў праз армію, — прызнаецца салдат тэрміновай службы. — Нават калі ў школе ты быў двоечнікам і першым парушальнікам дысцыпліны, пасля войска ўжо і настаўнікі на цябе па-іншаму пачынаюць глядзець, цікавяцца тваім лёсам. Не кажу ўжо пра дзяўчат...

Дзіму ў гэтым сэнсе пашчасціла: з арміі яго чакаюць не толькі родныя. Дзяўчына Аксана працуе ў Мінску, таму пры першай жа магчымасці спяшаецца да свайго салдаціка. Хто ведае, можа, менавіта яна стане яго нявестай.

Як прызнаецца вайсковец, армія яго пазнаёміла з харошымі хлопцамі. Дарэчы, выпадковасць ці не, але ўсе яго новыя таварышы родам з Гомельскай вобласці. Дзіма ўпэўнены, што і пасля службы яны абавязкова будуць падтрымліваць адносіны.

— У войску няма майго ці твайго: тут усё становіцца агульным, — гаворыць разведчык. — Датычыцца гэта і ежы, якую перадаюць з дому. Калі ты дзесьці схаваешся, адзін будзеш ласавацца прысмакамі, цябе проста не зразумеюць. Армія вучыць дзяліцца, думаць не толькі пра сябе.

Мішэнь для праціўніка

Па выніках спаборніцтваў, якія праводзіліся ў брыгадзе, Дзмітрый Шэндрыкаў быў прызнаны лепшым снайперам. Для яго гэта таксама стала нечаканасцю, асабліва калі ўлічыць тое, што да арміі хлопец толькі ўмеў разбіраць і збіраць аўтамат Калашнікава. Дзякуючы армейскай падрыхтоўцы, цяпер ён выдатна трапляе ў цэль яшчэ і з вінтоўкі Драгунова, пісталета Макарава.

Як разведчык, Дзіма дакладна ўяўляе розніцу паміж снайперам і стралком. «Калі ты ўмееш націскаць на курок і трапляць у цэль, то ты проста стралок, — упэўнены хлопец. — Снайпер жа, акрамя трапнасці і дакладнасці выстралу, павінен быць яшчэ і бясшумным, незаўважаным, нават хітрым. Выстраліць — гэта толькі палова справы. Трэба правільна заняць пазіцыю, замаскіравацца, каб цябе не выявілі, бо для праціўніка ты ж таксама з'яўляешся мішэнню».

На агульным пастраенні (пасярэдзіне).

— Абстаноўка ў свеце не становіцца спакайнейшай, таму кожны мужчына павінен калі не быць трапным стралком, то хаця б умець трымаць у руках зброю, — лічыць салдат. — Дай бог, каб гэта ні нам, ні іншым пакаленням не спатрэбілася, але стаць на абарону Айчыны мы павінны быць гатовы ў любую хвіліну

Вераніка КАНЮТА.

kanyuta@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Счытваць думкі праціўніка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.