Вы тут

Хто яны — адметныя беларусы?


Ужо сёння ўвечары, у 20.10, на міжнародным тэлеканале «Беларусь 24» можна ўбачыць першы выпуск новай праграмы «Беларусы». Таксама ён будзе даступны і анлайн на сайце bеlаrus24.bу. Здавалася б, усё проста, — перадача пра беларусаў. Аднак часам тое, што падаецца відавочным і простым, аказваецца досыць складаным. Якія яны, самыя цікавыя прадстаўнікі народа, хто і чаму іх выбіраў? Мы звярнуліся да аўтара праекта Алены Некрашэвіч, каб разабрацца ва ўсіх нюансах. Аднак размова павярнула ў вельмі цікавае рэчышча...


— Спадарыня Алена, з аднаго боку, расказаць пра беларусаў — досыць натуральнае жаданне. Аднак з іншага — мы не заўсёды робім тое, што з'яўляецца відавочным. Як узнікла ідэя праекта «Беларусы», і што ён сабой уяўляе?

— Гэта праграма на 26 хвілін, якая ўяўляе сабой маналогі галоўных герояў. Па сутнасці, там нават няма закадравага тэксту. Мы даём магчымасць удзельніку самому выказацца і распавесці пра сябе. Герой расказвае, чым займаецца, пра сэнс свайго жыцця, пра трагедыі, пра наканаванне і пра тое, як да яго прыйшоў. Гэта культурна-пазнавальная праграма. А наша журналісцкая справа — выбудаваць тэкст так, каб ён быў лагічны і зразумелы.

— Ці складана раскрыць героя? Вы кажаце, што ён распавядае нават пра патаемнае — натуральна, гэтаму павінна папярэднічаць вялікая праца.

— Калі ты задаеш навадныя пытанні, то нават па голасе, па інтанацыі можна зразумець, наколькі глыбокія рэчы гучаць, наколькі яны кранаюць героя. Голас робіцца больш нізкі, спакойны. Пэўна, разгаварыць героя нескладана. Імкнешся адшукаць такія тэмы, якія цікавыя апавядальніку, паглыбляешся ў тое, як ён да іх прыйшоў. Напрыклад, наш герой дудар Алесь Лось доўгі час паказваў прадстаўленні батлейкі. Але аднойчы я прачытала, што са сваімі спектаклямі ён бываў у чарнобыльскай зоне — натуральна, гэта не проста тэма лялечнага тэатра. Я задавала адпаведныя пытанні, і герой прыгадваў, як і дзе гэта адбывалася, усплывалі розныя гісторыі... З размовы ў размову ты выбудоўваеш адносіны з героямі. Часам я задаю і правакацыйныя пытанні. Напрыклад, мы здымалі ксяндза Пятра ў касцёле Божага цела ў Нясвіжы, я запытвала, ці не страшна яму спускацца да саркафагаў?
Героя трэба зачапіць — асабістым, патаемным.

— У вас надзвычай добрая падборка герояў. Як вы іх шукалі?

— Мы выбіралі герояў, з якімі нам самім хацелася б паразмаўляць. Напрыклад, наш дырэктар Аляксандр Мартыненка расказаў, што ў Дзяржынску жыве майстар, які робіць гадзіннікі з дрэва. Мы адразу зацікавіліся і вырашылі здымаць пра яго перадачу. Андрэй Мартынюк займаецца ўнікальнай справай і ўкладвае ў яе шмат працы: размячаць розныя шасцяронкі вельмі няпроста. А ў 1990-м на рынку яму трапілася настройка з артылерыйскага прыцэла. Гэта дазволіла рабіць надзвычай дакладныя механізмы — напрыклад, чарцёж на 1000 дзяленняў. Калі раней на выраб аднаго гадзінніка ў яго ішло тры гады, то цяпер — год. Усе вырабы майстра ўнікальныя, з аўтарскім дызайнам. Напрыклад, ёсць гадзіннік, упрыгожаны... сцэнамі з Шэкспіра! Уявіце самога чалавека, калі яму хочацца гэта зрабіць! Вельмі важна, што ў справе яго падтрымлівае другая палавінка. Іншыя жонкі зазвычай кажуць сваім мужам, каб ішлі зарабляць грошы. А яго жонка станоўча ставіцца да такога занятку. Яшчэ адзін удзельнік перадачы — Алесь Лось. Ён жыве на хутары ў Валожынскім раёне. Цікава, што яшчэ Якуб Колас пісаў пра гэты хутар і сябраваў з яго гаспадарамі. У наш час Алесь Лось на сваёй сядзібе захоўвае беларускасць, служыць нашай гісторыі. Ён адраджае дударства — аб'ездзіў шмат вёсак: жывых дудароў ужо не застаў, затое ўдалося ўбачыць іх дзяцей, людзей, якія займаліся спевамі. Яму найгравалі мелодыі — напрыклад, на скрыпцы — ці проста напявалі тыя мелодыі, што калісьці выконвалі дудары. Штосьці захавалася ў нотах, запісах, але шмат было страчана. Алесю Дудару ўдалося многае аднавіць, занатаваць... Для такіх творцаў іх справа — сэнс жыцця. Сустрэцца з такімі людзьмі — светлымі, яркімі, добрымі — як у царкву схадзіць і падпітацца чысцінёй.. Яны выконваюць прыгожую задуму, сваё служэнне.

— Як думаеце, наколькі гледачу цікавая форма маналогу?

— Тут, натуральна, ёсць свае асаблівасці. Гэта цікава, калі герой эмацыянальна прамаўляе. Наш фармат — не дакументальны. Дакументальнае кіно складана глядзець па тэлебачанні — яго найлепш паказваць у кінатэатрах. А ў тэлебачання ёсць свае спецэфекты, музычнае афармленне. А форма маналогу... Нашы героі настолькі самадастатковыя, што ўсё важнае могуць распавесці і без закадравага тэксту! Трэці наш герой — майстар Ігар Бышнёў. Ён працуе ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, з'яўляецца кандыдатам біялагічных навук. Але гэты чалавек ужо даўно сышоў у дакументалістыку, здымае фільмы пра прыроду. Нашы героі — беларусы, якія самааддана выбралі пэўны шлях і ідуць па ім, робячы ўсё шчыра і прыгожа, выконваючы сваю місію.

У май­стэр­ні Анд­рэя Мар­ты­ню­ка, які вы­раб­ляе га­дзін­ні­кі з дрэ­ва.

— Пэўна, такі прыклад і гледачоў натхніць на тое, каб ісці сваёй дарогай. Можа, і вы асабіста на нешта натхніліся?

— Больш даведваючыся пра герояў, разумееш, што настолькі самааддана рабіць справу яны б не змаглі, калі б мелі нейкую іншую зацікаўленасць. Спажывецкія рэчы для іх на другім месцы. Усе гэтыя людзі аказаліся вельмі моцнымі асобамі, працаўнікамі, якія гатовы аддана служыць сваёй справе. Часам нават зайздросціш таму, наколькі вялікая ў іх цікавасць да жыцця і да свайго паклікання.

— А ў вас асабіста на першым месцы тэлебачанне? Ці ёсць іншыя зацікаўленасці?

— Я працую з мастацтвам. Цяпер на тэлеканале «Беларусь 24» мы робім праграму «АРТіШОК» — імкнемся знаходзіць нефармальныя праявы творчасці, звяртацца да цікавых, глыбокіх асоб, якія, можа быць, не надта раскручаныя ў грамадстве.

— Ваша мэта — знайсці і паказаць адметнасць?

— Мне падаецца, так. Бо калі ты выбраў прафесію тэлежурналіста, трэба адшукваць цікавыя хады. Выходзіць па-за межы навіннага фармату, які робіцца на патрэбу дня. А такія цыклы, як наш, дазваляюць закрануць глыбокія тэмы, звярнуць увагу на штосьці. Я рада, што стала журналістам. Натуральна, кожны зыходзіць са сваіх здольнасцяў. Бо можна быць і бухгалтарам, але, калі гэта тваё, ты будзеш шчаслівы і будзеш адчуваць, што знаходзішся на сваім месцы. А ў мяне такі характар — заўсёды хацелася апынуцца там, дзе зачынены дзверы, пазнаёміцца ці даведацца больш за тое, што табе, умоўна, дазволена па прэйскуранце. Я рада, што атрымала магчымасць задаволіць сваю цікаўнасць у гэтым праекце.

— Распавядзіце, якія плюсы і складанасці ў працы тэлевізіёншчыка?

— Гэта камандная праца. Вынік залежыць ад многіх складнікаў. Трэба, каб герой апынуўся на месцы, каб у яго быў добры настрой. Каб побач не ішла будоўля, нічога не шумела і не грымела — іначай гук будзе з хібамі. Каб увагу героя нічога не адцягвала і каб ён знайшоў для нас час. Цяпер мы пераходзім на новую якасць, таму шмат залежыць ад тэхзабеспячэння. Заяўку на тэхніку трэба пакідаць за два тыдні — і яшчэ важна, каб у калег у гэты дзень не было здымак, ты павінен з імі падзяліць абсталяванне, падладзіцца пад расклад. Патрэбен добры аператар, каб малюнак атрымліваўся прыгожы. Адпаведна, і на мантажы павінен быць рэжысёр, які заўважае ўсе нюансы. Гэта праца, у якой завязана вельмі шмат людзей, — складаны арганізацыйны працэс, аднак у нас ён ужо добра наладжаны. Як зоры павінны сысціся ў пэўны момант, так і ў працы тэлекаманды ўсё павінна ўдала падабрацца.

Алесь Лось ад­ра­джае ста­ра­жыт­нае май­стэр­ства.

— Не складана пастаянна ездзіць у камандзіроўкі?

— Наша работа вельмі ўдзячная. Кожны раз ты быццам набываеш квіток у кіно. Едзеш у камандзіроўку — і там абавязкова будзе штосьці цікавае. Табе ўсё пакажуць, раскажуць. А пэўныя складанасці ёсць у любой справе. Самаадчуванне залежыць і ад таго, што атрымліваецца ў выніку. Калі гэта праект, які табе цікавы, то атрымліваеш задавальненне.

— Ці выкарыстоўваеце новыя падыходы ў рабоце?

— Так, цяпер тэлежурналістыка робіцца крыху іншай. Мы адыходзім ад штатыўных здымак, выкарыстоўваем рухомыя камеры, здымаем слайдарамі. І аператар больш рухаецца, і герой выглядае іначай. А што датычна формы маналогу — мы таксама сталі больш свабодныя, больш сучасныя. Ніхто не спрабуе паўплываць на наша меркаванне. На ўзроўні мантажу мы можам скончыць на той думцы, якая патрэбна. Мантажом можна фарміраваць меркаванне і ўражанне пра героя.

— Можна сказаць, што дзякуючы праграме вы па-новаму адкрылі для сябе Беларусь?

— У мяне заўсёды было перакананне, што ў вёсцы ты адшукаеш вельмі цікавага суразмоўцу, і ў кожнага знойдзецца свая дзівосная гісторыя. У нашай праграме важна паказаць тых людзей, што не проста пражываюць жыццё, а робяць нешта важнае. Мы прадстаўляем Беларусь на ўвесь свет. Таму і паказваем усё ўнікальнае і непаўторнае для нашай краіны.

— Калі чалавек з іншай краіны паглядзіць вашы перадачы, якімі ён убачыць беларусаў?

— Памятаю, мяне ўразіў каментарый аднаго этнографа, што наведаў нашу краіну дзесьці ў ХVІІІ—ХІХ стагоддзі. Тады беларусы былі зусім не тыя — несапсаваныя, глыбокія. А цяпер быццам штосьці змянілася, і мы маем іншае пакаленне. Аднак мне падаецца, што тыя, каго мы паказваем, — найлепшыя. Яны сапраўды набліжаныя да таго вобраза, па якім іх ствараў Бог. Яны выконваюць на зямлі вельмі прыгожую задуму. Нашы героі — лепшыя прадстаўнікі не толькі Беларусі, але і ўсяго свету.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота з асабістага архіва Алены НЕКРАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.