Вы тут

«Штурман» прыходзіць на дапамогу невідушчым людзям


«Я выйшаў на вуліцу, а за ноч выпаў снег... І сцёр усе мае звыклыя арыенціры, — расказвае невідушчы Арцём. — Раней я павінен быў стаяць і мерзнуць, чакаючы выпадковага чалавека, які прыйдзе на дапамогу. Зараз дастаткова аднаго званка праз мабільную праграму «Штурман» — і валанцёр імгненна дапамагае мне зарыентавацца».

Яшчэ не так даўно ў дапамогу невідушчаму чалавеку былі толькі белы кіёк ды спецыяльна навучаны сабака-павадыр, які, дарэчы, каштаваў зусім не танна. Новыя тэхналогіі значна спрасцілі жыццё такіх людзей. Але трэба зразумець адну рэч: каб атрымаць больш магчымасцяў — самім трэба зрабіць крок ім насустрач.


Валанцёр становіцца «вачыма»

Адна з такіх магчымасцяў — якраз-такі мабільная праграма «Штурман», створаная распрацоўшчыкамі нашай айчыннай кампаніі «Белхард Дэвелапмент» спецыяльна для невідушчых і слабавідушчых людзей. Ідэя ў тым, што валанцёр дыстанцыйна становіцца на нейкі час «вачыма» невідушчага чалавека. Каб атрымаць дапамогу, трэба бясплатна спампаваць на свой смартфон мабільную праграму. Пасля гэтага чалавек у любы момант можа патэлефанаваць па мабільным тэлефоне, і праграма выбярэ сярод валанцёраў тых, хто цяпер даступны. Першы з іх, хто падняў трубку, і стане павадыром, або, як называюць яго распрацоўшчыкі, «штурманам».

Дзякуючы відэакамеры смартфона «штурман» у рэжыме рэальнага часу бачыць усё, што акружае невідушчага, і дае яму неабходныя парады. Ён можа дапамагчы прайсці па вуліцы, назваць нумар аўтобуса, што падышоў да прыпынку, зняць паказанні лічыльнікаў і многае іншае. Напрыклад, збіраецца чалавек гатаваць салату, а ў яго дзве аднолькавыя банкі стаяць: зялёны гарошак і салодкая кукуруза. Якую адкрываць, як даведацца? Тэлефануе — і «штурман» прыходзіць на дапамогу.

Пасля завяршэння званка невідушчы чалавек можа ацаніць «штурмана», які працаваў з ім. І калі ён пакіне негатыўны водгук, такога чалавека могуць заблакіраваць, і ён больш не будзе ўдзельнічаць у праекце.

Дарэчы, з дапамогай праграмы можна не толькі здымаць відэа — ёсць і дадатковыя функцыі. Напрыклад, можна зрабіць фатаграфію. Калі «штурману» складана разабраць нешта, дапусцім нейкія лічбы, ён можа дыстанцыйна сфатаграфаваць іх і ўжо на сваім тэлефоне павялічыць фота, каб прачытаць свайму падапечнаму. «Штурман» можа дыстанцыйна вызначыць геалакацыю, гэта значыць месца, дзе зараз знаходзіцца невідушчы чалавек, каб дапамагчы яму зарыентавацца. Калі цёмна, ён можа дыстанцыйна ўключыць са свайго тэлефона ліхтарык на тэлефоне невідушчага.

А калі чалавек з праблемамі са зрокам захоча, каб яго званок ішоў на кагосьці канкрэтнага, каго ён ведае асабіста, дапусцім сваяка ці сябра, ён можа стварыць у праграме спіс асобных кантактаў, і званок будзе паступаць толькі на гэтую групу. Ужо цяпер ёсць падобны прыклад: пажылы бацька, які слаба бачыць, жыве ў Оршы, а яго сын — у Мінску. Абодва спампавалі гэту праграму і маюць даступную і бясплатную відэасувязь «тут і цяпер». Сын у любую хвіліну можа дапамагчы зарыентавацца свайму блізкаму чалавеку.

Ні адзін зварот не застаецца без адказу

34-гадовая Вольга Шпакава з Віцебска зарэгістравалася ў гэтай праграме ў якасці валанцёра яшчэ ў чэрвені. Рэальна дапамагаць пачала з верасня, як толькі ў яе з'явіўся андроід. «Ёсць невідушчы знаёмы, ад яго і даведалася пра гэту праграму», — кажа маладая жанчына. Учора, напрыклад, яна дапамагла дзяўчыне Маргарыце з Магілёва.

— Паступіў званок, я зняла трубку і спытала, якая дапамога патрэбна, — кажа Вольга. — Дзяўчына папрасіла дапамагчы зарыентавацца і апісала, які будынак ёй патрэбен. Маршрут яна ў асноўным ведала, арыентавалася на мясцовасці таксама добра. Я толькі накіроўвала яе направа-налева, каб пазбегнуць няроўнасцяў на асфальце, слупоў. Дапамагла не ўрэзацца ў агароджу... Са мной яна, вядома, адчувала сябе больш упэўнена. Пераходзіла і дарогу, але на пешаходным пераходзе, які спецыяльна абсталяваны для невідушчых, з гукавым сігналам. Мы «ішлі» разам з ёй хвілін сем. Потым яна патэлефанавала і папрасіла «правесці» яе назад, дадому.

Вольга кажа, што часам людзі просяць прачытаць які-небудзь тэкст або назву лекаў, дапамагчы прайсці да крамы...

— Ні адзін званок не застаецца без адказу, — сцвярджае каардынатар праекта Анастасія Сухаварава. — Часта хтосьці са штурманаў-добраахвотнікаў падымае трубку ў першыя ж секунды. І мы яшчэ не атрымалі ніводнага негатыўнага водгуку ад невідушчых людзей.

Дадзены праект быў запушчаны ў канцы вясны — пачатку лета. Ён з'яўляецца сацыяльным: праграма цалкам бясплатая для карыстальнікаў, і ўсе тры беларускія аператары мабільнай сувязі выдзяляюць для яго бясплатны інтэрнэт-трафік. На цяперашні момант у ім зарэгістравана каля тысячы людзей. Гэта не толькі мінчане і нават не толькі беларусы, а таксама жыхары Расіі, Казахстана, Эстоніі, Грузіі...

Па словах Анастасіі Сухаваравай, сярод карыстальнікаў — прыблізна палова невідушчых і палова «штурманаў». Прычым людзі з нармальным зрокам, якія хочуць дапамагчы, падключаюцца нават больш актыўна, чым невідушчыя. Праект дае здаровым людзям магчымасць зрабіць добрую справу, дапамагчы іншаму тут і цяпер. Гэта нармальнае жаданне любога здаровага, адэкватнага чалавека. Добрыя справы натхняюць, пачынаеш сам сябе больш паважаць...

Але зараз галоўнае — каб гэтай праграмай пачалі карыстацца невідушчыя і тыя, хто слаба бачаць, кажа Анастасія Сухаварава. Дзесьці 70% людзей з сур'ёзнымі праблемамі зроку складаюць пажылыя людзі. І многія з іх баяцца сучасных тэхналогій. Да таго ж не ва ўсіх невідушчых ёсць смартфон, а мабільная праграма працуе толькі на такой прыладзе. Але сёння смартфон каштуе зусім не велізарныя грошы, яго кошт на парадак ніжэйшы, чым кошт сабакі-павадыра.

Спампаваць «Штурмана» і разабрацца ў ім зусім нескладана. Калі чалавек не можа зрабіць гэта сам — дапаможа сын, унук або любы школьнік. Галоўнае — не баяцца зрабіць хоць бы маленькі крок, таму што пад ляжачы камень вада не цячэ. Некаторыя любяць скардзіцца на тое, як усё дрэнна і няма магчымасцяў. На самай справе магчымасці ёсць, трэба толькі працягнуць руку.

Вы зробіце званок — і хтосьці абавязкова вам адкажа. Гэты «хтосьці» можа жыць у Мінску, Разані або ў Тбілісі, — але ўсё роўна дзякуючы «Штурману» ён зможа вам дапамагчы. Пры жаданні вы нават зможаце перакінуцца з чалавекам парай слоў, даведацца з першых вуснаў, якое надвор'е зараз у Грузіі ці Маскве... Магчыма, вы яшчэ некалькі дзён пасля будзеце ўсміхацца, успамінаючы невялічкую размову з незнаёмцам, які адгукнуўся і дапамог вам. А ён будзе ўсміхацца, успамінаючы вас...

Р.S. Дарэчы, у найбліжэйшы час «Штурман» будзе ўдасканалены. Дзякуючы супрацоўніцтву з Мінтрансам невідушчы альбо слабавідушчы чалавек, які спампаваў праграму, зможа, стоячы на аўтобусным прыпынку, запытаць праз яго расклад транспарту, каб даведацца, які аўтобус зараз прыбудзе, і выбраць той, што яму патрэбны. Пры гэтым кіроўцу абранага чалавекам аўтобуса прыйдзе сігнал, што на прыпынку будзе садзіцца невідушчы і трэба пад'ехаць проста да пачатковага слупа, каб той мог без праблем увайсці ў салон...

У тэму

У сталіцы невідушчых навучаць карыстацца мабільнымі праграмамі

У Заводскім раёне Мінска найбліжэйшым часам будзе арганізавана навучанне невідушчых людзей карыстанню смартфонамі, планшэтамі і мабільнымі праграмамі. Гэты праект будзе рэалізаваны дзякуючы дзяржаўнаму сацыяльнаму заказу.

Невідушчых мінчан пазнаёмяць з асновамі камп'ютарнай адукаванасці без зрокавага кантролю з дапамогай праграм экраннага доступу. Дарэчы, з ліпеня гэтага года такім навучаннем ужо скарысталіся 45 чалавек, якія пражываюць у Фрунзенскім раёне сталіцы.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Дастаткова зрабіць званок...»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.