Вы тут

Бодзібілдар Ілья Лукавец: Не лічу гадзін, праведзеных у зале


Новапалачанін Ілья Лукавец — адзін з самых вядомых бодзібілдараў краіны. Абсалютны чэмпіён Беларусі, шматразовы пераможца і прызёр розных турніраў гэтай восенню дадаў у сваю скарбонку яшчэ адзін тытул — стаў абсалютным чэмпіёнам Расіі. Пры гэтым Ілья працуе ратавальнікам, ён прапаршчык унутранай службы пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада і выхоўвае дзвюх паўгадовых дачок. У сваім інтэрв'ю спартсмен расказаў аб заваяваных тытулах, каштоўнасці кубкаў і медалёў, а таксама падзяліўся меркаваннем пра тое, ці лёгка вялікаму чалавеку знайсці адзенне патрэбнага памеру ў беларускіх крамах.


— Ілья, для пачатку раскажыце пра сваю нядаўнюю перамогу на чэмпіянаце Расіі.

— У Астрахані сабраліся вельмі моцныя хлопцы, наогул, у гэтым сезоне ў маёй катэгорыі высокая канкурэнцыя. Было шмат удзельнікаў, у асноўным гэта расіяне, а таксама спартсмены з Беларусі, Казахстана, Ірана, Украіны. Падрыхтоўку да асенняга сезона пачаў са снежня, у верасні быў ужо задаволены сваёй формай, думаю, лепш у фізічным плане я сябе яшчэ не адчуваў. Рыхтаваўся пад кіраўніцтвам вопытных трэнераў — Юрыя Мялешкі і Фідэля Сядых.

Да гэтага часу не да канца разумею, што змог перамагчы на чэмпіянаце Расіі, але сказаць, што ўва мне штосьці змянілася, перавярнулася, таксама не магу. Настройваюся на далейшую працу, стаўлю перад сабой новыя мэты. Для мяне заўсёды самае галоўнае — паказаць сваю лепшую форму, свой прагрэс, а пра месца на п'едэстале думаеш ужо потым. Таму лічу, што няма ніякай каштоўнасці ў медалях і кубках. Дарэчы, у мяне дома — ні адной узнагароды, усе яны знаходзяцца ў зале ці ў трэнера.

— Наогул цяперашні сезон складваецца для вас удала?

— Так, у мяне было тры турніры акрамя чэмпіянату Расіі. У верасні ўдзельнічаў у Кубку Піцера, дзе стаў трэцім, гэта быў толькі пачатак сезона, таму форма яшчэ не дайшла да свайго піку. Потым выйграў Кубак Беларусі, стаў найлепшым у суперцяжкай і абсалютнай катэгорыях. Таксама нядаўна ў Маскве ўдзельнічаў у буйным турніры, дзе выйграў у суперцяжкай катэгорыі.

— Які турнір лічыцца самым прэстыжным у бодзібілдынгу?

— Адназначна, гэта «Містар Алімпія». Я пакуль лічуся аматарам, таму не магу ў ім удзельнічаць, але з наступнага сезона планую перайсці ў прафесійную лігу. Там усё нашмат сур'ёзней: заключаецца кантракт (цяпер я якраз вяду перамовы з міжнароднай арганізацыяй аб заключэнні дагавора), вызначаюцца ўмовы, якія павінен выконваць спартсмен, і гэта становіцца ўжо працай. У адрозненне ад аматараў, якія ў звычайным жыцці зарабляюць грошы зусім у іншых сферах...

— На дадзены момант якім са сваіх дасягненняў вы ганарыцеся больш за ўсё?

— Напэўна, якраз нядаўна выйграным тытулам чэмпіёна Расіі. Гэта другі раз у гісторыі, калі ў ім перамагае беларус. Да мяне гэта зрабіў Аляксей Шабуня ў 2015 годзе. На самай справе такі поспех нашых суайчыннікаў — вялікая рэдкасць, таму што суддзі заўсёды больш лаяльныя да сваіх, расійскіх, спартсменаў.

— Наколькі ваш від спорту можна назваць суб'ектыўным?

— Скажу шчыра, шмат што залежыць ад журы. Аднак сёння імкнуцца ўносіць розныя змяненні ў судзейства, каб зрабіць яго больш адкрытым і сумленным.

— Наколькі развіты бодзібілдынг у Беларусі?

— Вельмі слаба. Праводзіцца зусім мала турніраў, усяго толькі два — чэмпіянат і кубак краіны. Магчыма, з-за фінансавай сітуацыі. Спартсменаў у краіне таксама мала. Хадзіць у спартзалы сталі многія, бо гэта модна, але да спаборніцтваў рэдка хтосьці даходзіць. У сябе трэба ўкладваць дастаткова шмат грошай, перш за ўсё яны патрабуюцца для добрага, збалансаванага харчавання. Рацыён павінен быць спланаваны вельмі старанна — гэта разнастайнае мяса, не толькі курыца, як было раней, але і ялавічына, трусяціна, добрая рыба і, вядома, спартыўнае харчаванне. У бодзібілдынгу самымі важнымі з'яўляюцца тры рэчы: рэжым, дыета і цяжкія трэніроўкі.

— Гэта праўда, што на сняданак вы з'ядаеце дзясятак яек?

— Цяпер мой рацыён змяніўся, а раней было так. З раніцы стараюся есці вугляводы, каб запасацца энергіяй на цэлы дзень. У асноўным гэта розныя крупы, імі фарміруецца целасклад. Таксама ў маім рацыёне — яйкі, агародніна, садавіна. Практычна ніколі не ем салодкае. Што датычыцца спартыўнага харчавання, то яно не такое важнае для чалавека, які проста наведвае трэнажорную залу, але мае значэнне для мяне, таму што падтрымліваць масу звыш 100 кілаграмаў няпроста — трэба вельмі шмат есці. Спартыўнае харчаванне ратуе, бо яго можна прыняць нават ноччу.

— Сустракаліся з цяжкасцямі пры выбары адзення?

— Так, заўсёды. Калі нешта знаходжу, то гэта, як правіла, адзенне амерыканскіх вытворцаў, у якіх ёсць вялікія памеры. Вельмі складана з джынсамі, у мяне іх толькі дзве пары, і я іх вельмі берагу, толькі па святах нашу (смяецца).

— Каб стаць паспяховым бодзібілдарам, ці трэба валодаць нейкімі прыроджанымі якасцямі?

— Абавязкова. Генетыка — гэта тое, што дала нам прырода. Калі, напрыклад, мацаванне цягліц у чалавека няўдалае, то складана будзе выправіць гэта працай у зале, нават калі і вельмі пастарацца.

— Ведаю, што ў спорце вы з самага дзяцінства...

— У бодзібілдынгу выступаю каля шасці гадоў. Але спортам сапраўды займаўся з самага дзяцінства, у пяць гадоў бацькі аддалі на плаванне, потым займаўся каратэ, пазней перайшоў на водныя лыжы. Вось там затрымаўся надоўга, на 8—10 гадоў, стаў прызёрам чэмпіянату Еўропы, чэмпіёнам Беларусі. Гэты від спорту вельмі класны, але адбіраў шмат часу. У той момант, калі трэба было паступаць у ВНУ, лыжы давялося кінуць, бо разумеў, што вынікі былі не настолькі добрыя, каб я мог забяспечыць сабе жыццё ў далейшым. Калі паступіў у інстытут, проста наведваў трэнажорную залу, але нешта мяне зацягнула.

— Вы працуеце ў падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Ставіцеся да гэтай працы толькі як да спосабу зарабіць на жыццё?

— Цяжка сказаць. Раней я вучыўся на афіцэра ў Камандна-інжынерным інстытуце ў Мінску, але літаральна на апошнім курсе перавёўся на грамадзянскае аддзяленне. Проста таму, што не бачыў сябе ў далёкай будучыні ў гэтай прафесіі. Сёння больш хацелася б рэалізаваць сябе ў спорце. Я не лічу гадзін, праведзеных у зале, тым больш гэта таксама прыносіць пэўны заробак. Гатовы пастаянна развівацца ў гэтым кірунку.

— Як ставяцца да вашага захаплення калегі?

— Цяпер ужо цікавяцца, а раней толькі пасмейваліся. Ды я і сам успрымаў бодзібілдынг несур'ёзна, пакуль не ўбачыў, як працуюць спартсмены, не схадзіў на спаборніцтвы. Насамрэч гэта вельмі цяжкі спорт, асаблівы лад жыцця, які патрабуе пастаяннага рэжыму. З воднымі лыжамі было лягчэй.

— Пастаянная ўцягнутасць у кар'еру не перашкаджае займацца сям'ёй?

— Не, адзінае, трохі адыходжу ад сямейных спраў у апошнія тыдні перад спаборніцтвамі. Калі ты на жорсткай дыеце, вугляводаў у арганізме становіцца мала, энергіі не хапае, пастаянна адчуваеш сябе стомленым, трохі замыкаешся ў сабе. Жонка з разуменнем ставіцца да майго занятку і дае адпачыць. У нас дзве малыя — двайняткі, зараз ім усяго па паўгода, дзеці патрабуюць шмат увагі, таму я стараюся не ляжаць на канапе пасля трэніроўкі.

— Ёсць сфера, у якой вы яшчэ хацелі б паспрабаваць сябе?

— Можа, у кіно. Мне гэта таксама вельмі цікава.

— Як бы вы паставіліся да таго, калі б вашы дзеці захацелі праявіць сябе ў спорце?

— Спадзяюся, што не ў бодзібілдынгу (смяецца). Не ўспрымаю такія віды спорту ў жаночым выкананні. Усё ж дзяўчына павінна заставацца жаноцкай, далікатнай. А наогул, галоўнае, каб ім падабалася тое, чым яны займаюцца. Мая сястра Яна Лукавец — чэмпіёнка свету па мастацкай гімнастыцы, магчыма, дочкі захочуць пайсці па яе слядах. Вось гэты від спорту мне вельмі падабаецца.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.