Вы тут

Вялікі рэзананс выклікаў дзёрзкі напад на аддзяленне Беларусбанка


У інтэрнэце вялікі рэзананс выклікаў дзёрзкі напад на аддзяленне Беларусбанка, які адбыўся ў панядзелак у Магілёве. Злачынца захапіў заложнікаў, пагражаў ім пісталетам, ставіў праваахоўнікам умовы, каб далі магчымасць яму ўцячы. Але быў затрыманы і цяпер знаходзіцца пад арыштам. Група інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкама падзялілася падрабязнасцямі.


Сігнал «трывожнай кнопкі» паступіў у Ленінскі аддзел Дэпартамента аховы Магілёва ў 14.41, а праз тры хвіліны па лініі «102» супрацоўніца банка паведаміла, што ў злачынцы ёсць агнястрэльная зброя, ён страляе і патрабуе грошы. Тым часам нарад затрымання Дэпартамента аховы ўжо блакаваў падыходы да аддзялення банка і прылеглую тэрыторыю. Але пры спробе супрацоўніка нарада ўвайсці ў памяшканне мужчына ў масцы накіраваў на яго падобны на пісталет прадмет і запатрабаваў выйсці на вуліцу. На падлозе ў філіяле ляжалі 12 заложнікаў.

Пра захват аддзялення банка далажылі міністру ўнутраных спраў, на што быў атрыманы загад не дапусціць прычынення шкоды жыццю людзей. Групу затрымання АМАП узначаліў начальнік упраўлення ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Аляксандр Кавальчук. Зламыснік запатрабаваў перагаворшчыка, які павінен быў быць без верхняга адзення. Пад выглядам супрацоўніка службы бяспекі банка ў аддзяленне ўвайшоў першы намеснік начальніка УУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў.

Нападнік патрабаваў ад заложнікаў аддаць мабільныя тэлефоны, якія сабраў у кошык. Пасля таго як зламысніку перадалі грошы, ён загадаў даць яму зброю і аўтамашыну. А яшчэ пажадаў узяць з сабой аднаго з заложнікаў. Аляксандр Васільеў прапанаваў сябе, і мужчына пагадзіўся. Ён загадаў, каб Васільеў сеў за руль і вывез яго за горад. Сам жа размясціўся на заднім сядзенні і прыставіў пісталет да галавы кіроўцы. Калі машына ад'ехала на 400 метраў ад аддзялення банка, захопнік убачыў супрацоўнікаў міліцыі на службовай аўтамашыне і запанікаваў. Ён запатрабаваў, каб тыя спынілі пераслед.

Аляксандр Васільеў, скарыстаўшыся збянтэжанасцю нападніка, пакінуў аўтамашыну.

Той перасеў на пярэдняе сядзенне аўто, каб уцячы, але быў заблакаваны дзвюма службовымі аўтамашынамі. Ён выскачыў з салона і паспрабаваў схавацца ў прыватным сектары. Калі ўбачыў, што за ім бягуць, пачаў страляць. Каб абясшкодзіць уцекача, яго паранілі ў ногі. У 15.34 ён ужо быў затрыманы. Пры ім знаходзіліся заплечнік з грашыма, жорсткі дыск з запісамі камер відэаназірання з аддзялення банка, а таксама пісталет і нож. Першапачаткова мужчына адмаўляўся казаць, хто ён. Толькі прасіў: «Забіце мяне... Не хачу сядзець у турме». Як потым высветлілася, затрыманым аказаўся грамадзянін Расіі 1989 года нараджэння. У 2009—2010 гадах ён праходзіў прызыўную службу ва ўнутраных войсках МУС Расійскай Федэрацыі ва Уладзівастоку, пасля год служыў у ваенізаваным горнавыратавальным атрадзе МНС Расіі ў Магаданскай вобласці. Сёлета прыехаў у Магілёў да маці на пастаяннае месца жыхарства.

У сацыяльных сетках уражаннямі ад захопу падзяліўся Алег, брат аднаго з заложнікаў, які якраз знаходзіўся ў памяшканні аддзялення банка разам з маці. «У той момант, калі пачалося рабаванне, мы размаўлялі па тэлефоне, і брат не стаў адключаць яго нават пасля таго, як злачынец загадаў скласці ў смеццевы кошык усе тэлефоны. Я слухаў усё, што там адбывалася, пакуль не сеў тэлефон — практычна на працягу гадзіны», — расказаў Алег.

Па яго словах, ён не адразу зразумеў, чаму брат перастаў адказваць на яго пытанні. Страшная здагадка дайшла да яго толькі тады, калі на заднім фоне голас маладога мужчыны загадаў: «Я вам сказаў: адыдзіце ад будынка» і «Прыбярыце зброю». Ён чуў, як зламыснік загадаў усім легчы на падлогу тварам уніз, як адпраўляў кагосьці з жанчын агучыць сілавікам свае патрабаванні, як патрабаваў перамоўшчыка, а ўзамен абяцаў выпусціць жанчын. Быў момант, калі нехта з заложнікаў папрасіў дазволу выпіць лекі, потым нейкая жанчына спытала, ці патрэбны каму-небудзь валідол. «І я пачуў, як яго папрасіла мая мама — у яе слабае сэрца, ды і ўзрост ужо немалы, — перажывае мужчына. — Гэта было як страшны сон. Я не мог паверыць, што чую ўсё гэта, што гэта рэальнасць. Дзякуй богу, усё абышлося. Мама ўжо дома, але яна вельмі дрэнна сябе адчувае — ёй ужо двойчы выклікалі «хуткую». Яна прызналася, што, калі нападнік стаў пагражаць ім пісталетам, яна падумала, што жывымі адтуль ужо ніхто не выйдзе».

Як паведамляе БЕЛТА, па выніках праведзенай супрацоўнікамі МУС аперацыі Александрам Лукашэнкам прынята рашэнне прадставіць усіх байцоў, якія ўдзельнічалі ў затрыманні злачынца, да дзяржаўных узнагарод

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulуа@zvіаzdа.bу 

Фота прадстаўлена УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Загаловак у газеце: «Гэта было як страшны сон»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».