Вы тут

Ці патрэбна заключаць дагавор па вывазе смецця з лецішча?


Не так даўно атрымала цікавае пісьмо з Камянецкага ЖКГ. У ім гаворыцца: «У сувязі з тым, што вы з'яўляецеся ўласнікам жылога дома, размешчанага на тэрыторыі раёна, у адпаведнасці з пунктам 52 артыкула 12 Палажэння аб парадку разлікаў і ўнясення аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12.06.2014 г. №571, вам неабходна заключыць дагавор на аказанне паслуг па вывазе і абясшкоджванні цвёрдых бытавых адходаў». Да пісьма прыкладзены дагавор.


Гаворка ідзе пра домік у вёсцы, які з'яўляецца дачай. У ім ніхто не зарэгістраваны і не пражывае. Прыязджаем на выхадныя ў летні сезон. Гэтым летам, наогул, мала атрымлівалася прыязджаць, апошні раз мы з сынам былі там 9 кастрычніка адзін дзень без начоўкі. Гэта так, дарэчы.

Азнаёміўшыся з дагаворам, я зразумела, што ён складзены некарэктна. Гэта значыць, дакумент прымушае мяне плаціць за паслугі, якія мне не могуць быць аказаны і якія я не магу спажыць фізічна, бо я там не бываю амаль паўгода. Пра што аўтар гэтых радкоў і паведаміла службовай асобе па тэлефоне. Спецыяліст на тым канцы проваду выслухала, паспачувала, сказала, што як чалавек яна разумее абсурднасць патрабаванняў, але як супрацоўнік службы мусіць выконваць сваю работу. І дапоўніла, што непадпісанне дагавору не вызваляе мяне ад налічэння аплаты. Калі ж я плаціць не буду, то дакументы перададуць натарыусу для спагнання грошай з маіх даходаў. Такім чынам мне папулярна растлумачылі мае правы і абавязкі.

Вось толькі пра натарыуса, здаецца, яна пагарачылася. Прымусіць вылічваць грошы з даходаў можа толькі суд, наколькі я ведаю. Думаю, што суд падтрымае... іх. (Ну і што, што ў названых вышэй дакументах ёсць радок «на падставе дагавора», а калі дагавор не заключаны, то і няма падставы.) Чаму я так пра суд? Таму што тая ж службовая асоба сказала мне, што ніводзін грамадзянін не выйграў гэту спрэчку. Значыць, былі прэцэдэнты.

А цяпер прапаную паглядзець на справу не праз радок дакументаў, а... па-чалавечы. Я зусім не з тых людзей, хто за капейку задушыцца. Тым больш што невялікія грошы просяць. Але ж вельмі не люблю, калі мяне прымушаюць ці, прасцей кажучы, трымаюць за дурня. Ну склалі б дагавор нават з вялікім запасам — скажам, з сакавіка да лістапада — і я падпісала б яго ды плаціла. Іншы раз і выставіла б той пакет смецця за плот (цяпер жа мы ўсё смецце забіраем у Брэст, і яго вывозіць Брэсцкая ЖКГ). Альбо, скажам, сельвыканкам папрасіў бы грошы на любое добраўпарадкаванне тэрыторыі — абавязкова прыняла б удзел. А калі вось так безапеляцыйна патрабуюць плаціць за паветра, то ўзнікае натуральнае супраціўленне. Як казаў наш шматгадовы старшыня абласной выбарчай камісіі: «Памятайце, што залішні ціск на выбаршчыка памнажае галасы «супраць». Так і тут хочацца ўсімі сіламі галасаваць супраць такіх падыходаў. Дарэчы, калі я спытала, як жа быць з тымі ўласнікамі, што жывуць у Расіі, ЗША, Прыбалтыцы і ў лепшым выпадку раз на год наведваюць свае дамы, мне адказалі... ведаеце што? Яны павінны прыязджаць і пакідаць грошы на цэлы год за вываз смецця. А што, добрая схема — як качаць грошы з паветра. Яшчэ ў «Пінскай шляхце» апісана, як бралі штрафы з тых сведак, якія «хуліганства не бачылі і не маглі на яго паўплываць». Нічога, плацілі як міленькія.

Выходзіць, прыдумана форма ўзносаў, толькі не ў бюджэт краіны, а ў бюджэт канкрэтнай арганізацыі. Цікава, чаму пошта саромеецца ўзяць на ўзбраенне правераны метад? Што маю на ўвазе? У названую вёску, акрамя машыны ЖКГ, якая прыязджае раз на два тыдні, кожны тыдзень паштальён ездзіць. А газету выпісвае, здаецца, усяго адна пенсіянерка на вуліцы. Вось і склалі б адпаведны дакумент, паводле якога — выпісваеш газету ці не — ты абавязаны плаціць пэўную суму паштоваму ведамству за заезд паштальёна.

Логікі, праўда, тут няма, затое абсурду колькі хочаш. Вось толькі з гэтага года ў краіне адмянілі адно абсурднае патрабаванне, якое датычыцца наведвання населеных пунктаў, што ўваходзяць у пагранічную зону. Раней вы мусілі браць дазвол на наведванне родных, якія ў гэтай зоне жывуць. Дазвол, як няцяжка здагадацца, азначаў аплату пэўнай сумы. Калі браць у разлік усю сям'ю, то сума атрымлівалася немаленькая. Скажам, у чым была розніца паміж умоўнымі аднакласнікамі Пецем і Васем, якія жывуць у сталіцы, трыццаць гадоў таму скончылі адну школу, але бацькоўскія хаты знаходзяцца ў вёсках за кіламетр адна ад адной. А розніца такая. Васева вёска трапіла ў пагранічную зону, і ён, едучы на Радуніцу з сям'ёй у шэсць чалавек, павінен быў заплаціць кругленькую суму. А да гэтага яму належала па пошце заказаць даведку ў сельскім Савеце аб тым, што тут яго дом, магілы, потым аплаціць пошліну, затым паехаць у пагранатрад і выпісаць дазвол. У той час як Пеця ехаў з вецярком, сябрамі і сямейнікамі. Дык вось, апісаны парадак з гэтага года адмянілі, цяпер дастаткова мець пашпарт пры сабе.

Так што і мы, дачнікі, павінны на лепшае спадзявацца. Пажывём-пабачым, а можа, і адменяць тую пастанову? Сказаў жа кіраўнік дзяржавы нядаўна, што не павінна быць неабгрунтаваных рахункаў за паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Грошы з паветра, або Нашчадкі пінскай шляхты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».