Вы тут

Калі «аграном» будзе гучаць?


Працаваць па аграпрамысловых прафесіях заўсёды было даволі цяжка: залежнасць ад надвор'я, у сезон — звышурочная работа, а заробак — самі ведаеце... Тым не менш у Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі ў Горках заўсёды закрываюцца бюджэтныя месцы (апошні раз яны заставаліся вакантныя ў 2014 годзе), а на некаторыя спецыяльнасці трымаецца добры конкурс.


Падчас доследаў па адаптацыі раслін да падвышанай вільготнасці ў клімакамеры.

Сёлета тыя, хто абраў для сябе дзённую форму навучання, падавалі дакументы на 21 спецыяльнасць. Самы вялікі попыт быў на «Правазнаўства» — 3,3 чалавека на бюджэтнае месца. На спецыяльнасць «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах аграпрамысловага комплексу» — 1,9, «Маркетынг», «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт», «Фінансы і крэдыт» — 1,6, паколькі напрамкі агранамічнага і інжынернага профілю прапаноўвалі даволі шмат месцаў для абітурыентаў, то на іх конкурс застаўся на ўзроўні 1,1 чалавека на месца.

Як нам паведамілі ў прыёмнай камісіі акадэміі, на завочную форму прымаюць каля 1100 чалавек, пры гэтым дакументы падаюць каля 2000. Узровень набраных балаў «дзённых» студэнтаў і завочнікаў прыкладна аднолькавы. У гэтым годзе для абітурыентаў сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў дзённай формы навучання з'явілася магчымасць здаваць альбо ЦТ, альбо ўступныя іспыты адразу ў ВНУ. Завочнікі па такой схеме паступаюць ужо даўно, бо многім тым, хто працуе, нязручна ездзіць летам на тэсціраванне.

Да таго ж зараз у акадэміі вучыцца 356 замежных студэнтаў. Большасць — з Туркменістана, 16 — з Кітая, 5 — з Расіі, 4 — з Узбекістана, па двое — з Украіны, Манголіі, Пакістана, па адным — з Казахстана, Кыргызстана, Нігерыі і Руанды.

Зараз падрыхтоўка спецыялістаў ідзе ў адпаведнасці са стандартамі трэцяга пакалення — яны з'яўляюцца практыкаарыентаванымі. Пакуль дзейнічае стары Кодэкс аб адукацыі, асаблівых змен у адукацыйны працэс уносіць не плануецца. Тым не менш ужо існуюць пэўныя напрацоўкі да стандартаў пакалення 3+. Напрыклад, новы класіфікатар спецыяльнасцяў і кваліфікацый.

Увогуле, у аграрных ВНУ доля практыкі моцна павялічана. У прыватнасці, у горацкай сельгасакадэміі на некаторых спецыяльнасцях да 60% навучальнага часу аддадзена пад практычныя заняткі. Яшчэ больш павялічваць гэты час, мабыць, не зусім рацыянальна, лічаць у навучальнай установе. Лепш павышаць якасць: напрыклад, больш набліжаць навуку да вытворчага працэсу. Сёння не на кожнай гаспадарцы атрымліваецца арганізаваць добрае праходжанне практыкі, на прыватных у тым ліку. Усё залежыць яшчэ і ад кіраўніка: некаторыя з задавальненнем запрашаюць да сябе моладзь, а іншыя не могуць забяспечыць належны ўзровень. Але ў самай Белсельгасакадэміі ёсць уся неабходная база для падрыхтоўкі спецыялістаў: даследчае і навучальныя палі, ферма, палігон, біятэхналагічная лабараторыя і інш. Штогод база абнаўляецца, таму аснашчэннем у ВНУ задаволены.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.