Вы тут

Куды дзець адпрацаванае маторнае масла?


Штогод у нашай краіне ўтвараецца больш за 120 тысяч тон адпрацаваных масел. І гэта толькі афіцыйная лічба. З гэтай колькасці не больш за 10% трапляе на перапрацоўку, астатняе небяспечна спальваецца або захоўваецца. Чаму адпрацаваныя маслы — праблема для нашай краіны і як яна вырашаецца, «Звяздзе» расказаў начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю прадпрыемства «ДВЧ-Менеджмент», якое займаецца перапрацоўкай небяспечных адходаў, Дзмітрый Магілеўскі.


Адпрацаваныя маслы — гэта адходы, якія ўтвараюцца пасля выкарыстання розных відаў маторных масел. Як правіла, масла ў аўтамабілі мы мяняем кожныя 6—12 месяцаў. Але нямногія задумваюцца, як без шкоды для прыроды ўтылізаваць тое, што зліваецца.

Яшчэ некалькі гадоў таму нават пры вялікім жаданні здаць адпрацаванае масла на перапрацоўку было праблематычна. Цяпер, здавалася б, усё, праблем няма, было б толькі жаданне. Кампанія «ДВЧ-Менеджмент» пабудавала завод па перапрацоўцы, а таксама арганізавала сістэму збору небяспечнага адходу па абласных цэнтрах і раёнах. Адзінае, што трэба зрабіць кіраўніку прадпрыемства, на якім утвараюцца адпрацаваныя маслы, — патэлефанаваць супрацоўнікам кампаніі. Яны прыедуць і самі забяруць маслы пры дапамозе спецыяльнай машыны, яшчэ заплаціўшы «маслаздатчыкам» грошы. Для прыватных асоб створаны пункты прыёму. Аднак, па словах Дзмітрыя Магілеўскага, наладзіць збор непатрэбных і небяспечных адходаў як у прадпрыемстваў, так і ў насельніцтва па-ранейшаму цяжка.

— Людзям прасцей спаліць адпрацаванае масла, а то і зусім выліць яго за плот. Многія яшчэ з савецкіх часоў апрацоўваюць ім хаты, садовыя дрэвы ад шкоднікаў, не разумеючы, што тым самым наносяць на іх цяжкія металы, — расказаў спецыяліст.

Асноўная праблема, на думку Дзмітрыя Магілеўскага, у малой інфармаванасці людзей.

— Цяпер нават бабуля ведае, што батарэйку трэба выкідаць у спецыяльны кантэйнер. А пра тое, што адна кропля разлітага адпрацаванага масла — гэта чарга ў анкацэнтр, ніхто не кажа, — адзначыў эксперт. — Адзін мой знаёмы кіраўнік прадпрыемства стаў здаваць адпрацаванае масла пасля паходу да анколага са скаргамі на боль у горле.

Сёння спальваць адпрацаванае масла пры наяўнасці спецыяльнага абсталявання не забаронена, у той час як у Еўропе гэтая дзейнасць цалкам спынена і цягне за сабой крымінальную адказнасць.

— У Беларусі зарэгістравана каля 170 юрыдычных і фізічных асоб, якія маюць дазвол на спальванне. Але на справе іх трэба лічыць тысячамі, — сцвярджае Дзмітрый. — Некаторыя супрацоўнікі прадпрыемстваў проста хаваюць печ перад прыездам інспекцыі. Былі выпадкі, калі на СТА казалі, што аддаюць маслы кліентам. Навошта? На балконе захоўваць? Зразумела, што па выніку яно трапляе куды захочаце, але не на перапрацоўку.

Аднак, па словах эксперта, у гэтым кірунку працуюць. Так, калі раней для рэгістрацыі печы трэба было проста паставіць пячатку, то цяпер неабходны цэлы набор дакументаў. Таксама ўносяцца карэктывы ў заканадаўства наконт гэтага пытання.

А пакуль супрацоўнікі «ДВЧ-Менеджмент» імкнуцца змяніць сітуацыю ўласнымі сіламі. Нядаўна яны рэалізавалі пілотную ініцыятыву ў Крупскім і Барысаўскім раёнах у рамках праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. На грошы ЕС былі закуплены і ўстаноўлены 50 кантэйнераў, якія не дапускаюць праліваў, а таксама пяцісекцыйная цыстэрна для іх бяспечнай перавозкі, якая дазваляе сартаваць маслы ўжо на стадыі збору. Таксама быў зняты сацыяльны ролік, які транслюецца па тэлебачанні і ў грамадскім транспарце.

— З людзьмі трэба размаўляць, каб яны зразумелі, якую шкоду адпрацаваныя маслы наносяць здароўю і навакольнаму асяроддзю. Наша ініцыятыва дала вынік. Я вам гарантую, што ў Крупскім і Барысаўскім раёнах, дзе была праведзена адпаведная інфармацыйная работа, усе маслы трапляюць на перапрацоўку, — падкрэсліў Дзмітрый Магілеўскі.

Па папярэдніх разліках, калі ў Беларусі будзе збірацца 50% адпрацаванага масла, якое сёння знаходзіцца па-за афіцыйным абаротам (прыблізна 40 тысяч тон), то эканамічны эфект дзяржаве ад падатковых паступленняў і імпартазамяшчэння складзе каля 18 млн долараў у год. Далейшае развіццё комплекснай сістэмы збору і перапрацоўкі адпрацаваных масел таксама дасць магчымасць стварыць новыя працоўныя месцы.

Як здаць адпрацаванае масла?

— Патэлефанаваць на нумар +375 (17) 331-50-00
ці на кароткі нумар *5000 (з мабільнага тэлефона)

— Пакінуць заяўку на сайце.

— Месцазнаходжанне пунктаў прыёму масел можна паглядзець там жа ці тут.  

Кацярына КІРЭЕВА

kаtуаkіrееvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Нельга ў печ!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.