Вы тут

Як у Саудаўскай Аравіі змагаюцца з карупцыяй?


Саудаўская Аравія нязменна ў «топе» стужак навін сусветных інфармагенцтваў. Але ў лістападзе паведамленні пра падзеі ў каралеўстве, напэўна, пабілі ўсе рэкорды па наведвальнасці. Прычынай таму — беспрэцэдэнтная па маштабах антыкарупцыйная кампанія, якая распачалася ў найбуйнейшай краіне Аравійскага паўвострава. Генеральны пракурор Саудаўскай Аравіі Сауд аль-Мужыб заявіў аб затрыманні больш чым 200 чалавек у рамках расследавання карупцыйных спраў. Як паведамляе The Wall Street Journal, спасылаючыся на ўласныя крыніцы, урад краіны мае намер канфіскаваць у затрыманых прынцаў, міністраў, чыноўнікаў і бізнесменаў актывы на суму да $800 млрд і пусціць гэтыя сродкі на пакрыццё дэфіцыту бюджэту краіны, які ўтварыўся пасля падзення цэн на нафту. Афіцыйныя крыніцы пакуль устрымліваюцца ад падрабязных каментарыяў. Што адбываецца ў Саудаўскай Аравіі?


Ноч доўгіх ханджараў

4 лістапада кароль Саудаўскай Аравіі Салман ібн Абдул-Азіз Аль Сауд абвясціў аб стварэнні антыкарупцыйнага камітэта, які ўзначаліў наследны прынц каралеўства Мухамад бен Салман. Ужо ўвечары гэтага дня адбылася «ноч доўгіх кінжалаў» (а дакладней ханджараў — так на Аравійскім паўвостраве называецца мясцовы варыянт кінжала). Падчас маштабнай спецаперацыі, якая ўключала ў сябе блакаванне аэрапортаў і ўзяцце пад ахову найважнейшых аб'ектаў краіны, прайшлі масавыя затрыманні саудаўскай эліты. А ўжо на наступны дзень стала вядома, што ўлады арыштавалі 11 прынцаў, чатырох дзейных міністраў і дзясяткі былых міністраў па падазрэнні ў карупцыі. Антыкарупцыйны камітэт надзелены правам арышту, увядзення забароны на перасячэнне мяжы, а таксама замарозкі актываў на тэрыторыі каралеўства. Згодна з указам караля камітэту даручана аднавіць расследаванне па дзвюх справах: па факце паводкі ў Джэда ў 2009 годзе, а таксама па ліквідацыі наступстваў блізкаўсходняга рэспіраторнага сіндрому.

Поўны спіс імёнаў арыштаваных невядомы, аднак, па даных крыніц, у ліку затрыманых апынуўся адзін з найбагацейшых людзей планеты — прынц і пляменнік цяперашняга караля Аль-Валід ібн Талал Аль Сауд. Часопіс Forbes ацэньвае яго капітал у 17,2 мільярда долараў, Аль-Валід — найбагацейшы чалавек каралеўства. Яму належыць 95 працэнтаў акцый у Kіngdom Holdіng Co., праз якую ён валодае пакетамі акцый у Cіtіgroup (каля 6 працэнтаў), разам з Білам Гейтсам з'яўляецца ўладальнікам асноўнага пакета кампаніі, якая кіруе гатэлямі Four Seasons, таксама яму належаць долі ў Apple, Twіtter, ХХІst Century Fox, Dіsney. Дзякуючы свайму капіталу прынц карыстаўся адноснай незалежнасцю ад каралеўскай сям'і. Ён нярэдка дазваляў сабе гучныя выказванні, напрыклад, Аль-Валід раскрытыкаваў ідэю публічнага размяшчэння акцый Saudі Aramco — адзін з сістэмаўтваральных пунктаў плана «Бачанне-2030», які адстойвае наследны прынц Мухамад.

Мыццё бялізны

Таксама стала вядома і аб арышце брата былога тэрарыста №1 Усамы бен Ладэна — Бакра бен Ладэна. Яны добра знаёмыя з Аль-Валідам, брат тэрарыста валодае адной з найбуйнейшых у Аравіі будаўнічых фірмаў — Saudі Bіnladіn Group, якая ўзводзіць для прынца Аль-Валіда адзін з найвышэйшых будынкаў у свеце — Kіngdom Tower — непадалёк ад Джэда.

Паралельна з арыштамі ад пасады быў вызвалены кіраўнік Нацыянальнай гвардыі — сын папярэдняга караля Абдалы прынц Міцеб. Мухамад атрымаў поўны кантроль над усімі сілавымі структурамі ў краіне. Зрэшты, масавыя арышты ў Аравіі праходзяць не першы раз. У верасні з падачы наследнага прынца былі арыштаваныя больш за дзесяць уплывовых рэлігійных дзеячаў каралеўства.

Кароль Салман сына публічна падтрымаў, заявіўшы, што ў краіне пачалася маштабная антыкарупцыйная кампанія. Сярод абвінавачанняў, што прад'яўляюцца затрыманым, называюцца ў тым ліку адмыванне грошай, злоўжыванне ўладай, хабарніцтва і растраты. Шэраг асоб «паставілі асабістыя інтарэсы вышэй за грамадскія і сталі красці з дзяржаўных фондаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Нацыянальнага антыкарупцыйнага камітэта. Назіральнікаў здзіўляе не толькі маштаб гэтай кампаніі (цяперашнія арышты «віпаў» — самыя масавыя з моманту заснавання каралеўства), але і беспрэцэдэнтны ўзровень публічнасці. Ніколі яшчэ кіраўніцтва каралеўства не дазваляла сабе ладзіць такое мыццё бялізны на публіцы. Аднак для экспертаў у гэтым няма нічога незвычайнага — дзеянні цалкам чаканыя. Больш за тое, яны былі вельмі неабходныя кронпрынцу Махамеду для таго, каб стаць каралём.

Турма ў гатэлі

Праўда, адпраўляць найвышэйшых прадстаўнікоў улады ў мясцовую турму дзяржава не стала. Як мяркуецца, арыштаваных размясцілі ў 5-зоркавым гатэлі прэміяльнага класа ў цэнтры сталіцы. Інтэр'ер тут амаль як у замку: падлогі і лесвіцы зроблены з мармуру, сцены дэкарыраваны мазаікай, а на столях вісяць шмат'ярусныя люстры ў выглядзе каскада. Хол упрыгожвае мэбля з рэдкіх парод дрэва, абцягнутая сінім аксамітам, жывыя расліны ў дызайнерскіх вазах і калоны, дэкараваныя скульптурамі коней. Дызайн нумара залежыць ад яго статусу, у самым простым варыянце прадугледжаны стандартны набор мэблі, ВК-тэлевізар, тапачкі і халат. Для больш заможных гасцей ёсць варыянты з прасторным кабінетам, абсталяваным дарагой мэбляй, і сталовай, разлічанай на 12 персон.

У гатэлі 6 рэстаранаў, дзе акрамя шведскага стала можна заказаць стравы ліванскай, італьянскай і кітайскай кухні. Сярод забаў велізарны басейн з купалападобным дахам і вокнамі ад падлогі да столі, адкуль адкрываецца від на ландшафтныя сады, спа-зона плошчай каля 18 тыс. кв. м., фітнес-цэнтр і 6 дарожак для боўлінга, дзе пастаяльцы гатэля могуць пакаштаваць безалкагольныя і фруктовыя кактэйлі.

Адаслаць прадстаўнікоў каралеўскай крыві адразу ж у турму азначала б грэбаванне сямейным патрыярхатам, што непазбежна пацягне за сабой наступствы. Справа ў тым, што Саудаўская Аравія кіруецца некалькімі галінамі каралеўскай улады, якія часам канкурыруюць адна з адной. Па словах аднаго з мясцовых высокапастаўленых чыноўнікаў, якія цытуе The Guardіan, гатэль — самае зручнае рашэнне праблемы.

Mістар Усё

Маладога спадкаемцу ўжо назвалі «саудаўскім Сталіным» з-за схільнасці да інтрыг, стаўкі на прымяненне сілы і нечалавечага напору ў паводзінах. Мухамад бен Салман Аль Сауд, першы сын цяперашняга караля Саудаўскай Аравіі Салмана ад трэцяга шлюбу, невыпадкова з'яўляецца ідэолагам маштабных рэформаў у краіне. Дзякуючы выдатным здольнасцям ён перамог усіх шматлікіх братоў, а таксама дзядзькаў і кузэнаў у барацьбе за тытул наследнага прынца. Яшчэ летась наследным прынцам быў пляменнік караля Салмана Мухамад ібн Наіф Абдул-Азіз Аль Сауд, траюрадны брат Мухамада. Кароль памяняў сваё рашэнне адносна нядаўна — 21 чэрвеня, зняўшы пажылога Мухамада дзеля яго маладога цёзкі. Мухамаду бен Салману Аль Сауду, які стаў другім чалавекам у краіне, споўніўся 31 год. Ён паспеў пабываць намеснікам прэм'ер-міністра, міністрам абароны, кіраўніком каралеўскага суда, кіраўніком савета па эканамічных пытаннях і кіраўніком найбуйнейшай у свеце нафтавай кампаніі Saudі Aramco. За вялізную зону адказнасці і масу пасад, якія Мухамад займае адначасова, заходнія дыпламаты празвалі яго Mr. Everythіng (літаральна з англійскай — «містар Усё»).

«Ён фактычна выконвае функцыі караля. Аднак для афіцыйнага ўступлення на трон патрэбныя не толькі фармальныя пасады, але і прыняцце (хай фармальнае) яго фігуры большасцю членаў каралеўскай сям'і», — заўважыла «Эксперту Onlіne» арабіст, супрацоўнік МДІМА Таццяна Цюкаева. А з гэтым ёсць праблемы — занадта малады прынц занадта высока ўзляцеў з пункту гледжання кансерватыўнай саудаўскай сям'і, а да таго ж паводзіць сябе надзвычай дзёрзка. Спадчыннік трона рыхтуе маштабныя рэформы, якія закрануць эканамічную і сацыяльна-палітычную сферы. Гаворка ідзе аб мадэрнізацыі каралеўства, адмове ад радыкальнага вектара ў грамадскім жыцці. Мухамад абвясціў маштабную праграму ліберальных эканамічных рэформаў («Бачанне-2030»), мяркуе прадаць на рынку 5% акцый саудаўскай нафтавай кампаніі Aramco. У якасці кіраўніка Дзяржаўнага інвестыцыйнага фонду Мухамед бен Салман у канцы кастрычніка афіцыйна абвясціў аб запуску праекта NEOM — свайго роду «глабальнай вёскі» ў мініяцюры плошчай больш за 25 тысяч квадратных кіламетраў, дзе будуць жыць і працаваць тысячы спецыялістаў у самых розных галінах. Саудаўскае каралеўства і замежныя інвестары збіраюцца ўкласці ў праект паўтрыльёна долараў, што толькі крыху менш за ВУП каралеўства ў мінулым годзе.

Прынц паведаміў рэпарцёрам, што 70% насельніцтва Саудаўскай Аравіі маладзейшыя за 30 гадоў, і гэтыя людзі хочуць «жыцця, у якім наша рэлігія — сінонім талерантнасці». «Мы вяртаемся да таго, чым былі раней — краіна памяркоўнага ісламу, адкрытая для ўсіх рэлігій, традыцый і людзей з усяго свету», — сказаў ён на сустрэчы з інвестарамі ў канцы кастрычніка. Сярод незадаволеных пераўтварэннямі — перш за ўсё кланы, якія адціснуты ад улады (іх прадстаўнікі знятыя са значных пасад у каралеўстве), а таксама кансерватыўная рэлігійная вярхушка, у прыватнасці прадстаўнікі Савета ўлемаў, чые паўнамоцтвы і ўплыў Мухамад імкнецца абмежаваць. Пакуль яму ўдалося выйграць першы тайм вялікай партыі, прычым з сухім лікам, але што будзе далей, заўважаюць эксперты, уявіць складана.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Гульні вакол трона

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».