Вы тут

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?


Як у нашай краіне вырашаецца праблема з утварэннем і ўтылізацыяй адходаў.

Рост колькасці адходаў — сёння адна з самых актуальных праблем у многіх краінах. Нават Сусветны акіян не ўбярогся ад гэтага бедства — па ацэнках вучоных, пластыкам забруджана больш за 88% яго паверхні.

Як жа трэба падысці ў нашай краіне да абыходжання з адходамі, каб мінімізаваць іх магчымую экалагічную і эканамічную шкоду?


Чыста там, дзе прыбіраюць?

На пачатку лістапада па распараджэнні міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка супрацоўнікі цэнтральнага апарату ведамства накіраваліся ў Гродзенскую вобласць, каб вывучыць сітуацыю па навядзенні парадку ў рэгіёне. Зразумела, «смеццевая праблема» была пад найбольш пільнай увагай спецыялістаў.

Так, інспектары, накіраваныя ў Зэльвенскі раён, адным з першых аб'ектаў наведалі палігон ЦКА «Валыневічы». Па словах майстра ўчастка добраўпарадкавання і саначысткі Зэльвенскага РУП ЖКГ Андрэя Цюхая, супрацоўнікі камунальнай службы не толькі сочаць за парадкам на аб'екце, але і актыўна займаюцца нарыхтоўкай другасных матэрыяльных рэсурсаў з адходаў, якія трапляюць на палігон. Апошнія накіроўваюцца на прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі: макулатура трапляе на слонімскі кардонна-папяровы завод «Альберцін», шкло — на перапрацоўку ў Баранавічы, шыны — на ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» і інш.

Займаюцца ў раёне і рэкультывацыяй міні-палігонаў і ўнутрыгаспадарчых кар'ераў. Два такія аб'екты знаходзяцца каля вёскі Крывічы. Як расказаў начальнік землеўпарадкавальнай службы Зэльвенскага райвыканкама Вадзім Панасік, праца па рэкультывацыі міні-палігона пакуль не завершана, але аб'ект закрыты. Нягледзячы на гэта, падчас наведвання аб'ектаў недалёка ад палігона інспектары заўважылі невялікі сметнік — хтосьці з мясцовых жыхароў выкінуў бытавыя адходы і раслінныя рэшткі.

— На жаль, такія сітуацыі па-ранейшаму здараюцца, але адказныя службы раёна стараюцца аператыўна рэагаваць на іх і ліквідаваць гэтыя міні-звалкі, — адзначыў начальнік Зэльвенскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Чыгрын.

На пад'ездах да некаторых палігонаў і міні-палігонаў дзе-нідзе трапляліся пустыя бутэлькі і іншае пластыкавае смецце. Такую ж карціну інспектары часам назіралі і ўздоўж дарог. Але калі ў першым выпадку гэта недапрацоўкі камунальнікаў, то ў другім — «падарункі» ад мясцовых жыхароў і гасцей раёна. Па словах Генадзя Чыгрына, кожныя два тыдні спецыялісты дарожнай службы праводзяць санітарны абход дарог, але ад гэтай праблемы толькі прыборкай смецця не пазбавіцца.

Па словах начальніка ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Руслана Міхалевіча, агульная сітуацыя з навядзеннем парадку на Гродзеншчыне больш-менш стабільная. Але, безумоўна, сустракаюцца ў рэгіёне населеныя пункты, дзе да праблемы адходаў адносяцца не так уважліва. Раскіданае смецце каля кантэйнераў, дрэнны санітарны стан апошніх, засілле раслінных рэшткаў, якія маглі б пайсці на кампаставанне, — усе гэтыя і іншыя праблемы сустракаюцца ў населеных пунктах. На аб'ектах жа захавання адходаў спецыялісты фіксуюць дрэннае ўтрыманне прылеглай тэрыторыі, адсутнасць агароджы, з-за чаго на палігоны бесперашкодна трапляюць свойскія жывёлы і іншыя няпрошаныя «наведвальнікі». Пакуль, на жаль, актуальная і праблема захавання на палігонах другасных матэрыяльных рэсурсаў.

— Галоўнай задачай масавага абследавання населеных пунктаў і спецыялізаваных аб'ектаў Гродзенскай вобласці было не выявіць негатыў, а знайсці раён, населены пункт, палігон, на які трэба раўняцца іншым, — падкрэсліў Руслан Міхалевіч. — Толькі пасля таго, як спецыялісты будуць ведаць, як трэба працаваць, мы зможам да іх працы прад'яўляць патрабаванні. Плануецца, што пры выяўленні паўторных выпадкаў на палігонах ЦКА будуць прымацца самыя вычарпальныя меры, аж да закрыцця аб'ектаў.

Па інфармацыі Мінпрыроды, на 1 верасня па краіне выяўлены 922 выпадкі захавання ДМР. Да адказнасці прыцягнуты 419 асоб, у тым ліку 327 службовых. Сума штрафаў па краіне склала 74,2 тыс. руб.

Але спецыялісты ўпэўнены: паступова колькасць парушэнняў экалагічнага заканадаўства памяншаецца. Гэтаму ў тым ліку садзейнічае стаўка кантралюючых органаў на маніторынг і растлумачальную працу з насельніцтвам і суб'ектамі гаспадарання. Землекарыстальнікі становяцца ўсё больш свядомымі ў гэтым пытанні, лічаць у Мінпрыроды.

Справа... у смецці

Штогод у Беларусі ўтвараецца каля 4 млн тон цвёрдых камунальных адходаў. З іх толькі 16% перапрацоўваецца, астатнія ж 84% накіроўваюцца на захаванне. Пры гэтым, па ацэнках спецыялістаў, для перапрацоўкі ў якасці другасных матэрыяльных рэсурсаў (пластыку, паперы, шкла) можа быць задзейнічана ўсяго 25% ад агульнай колькасці адходаў. На палігонах застаюцца ляжаць раслінныя і харчовыя рэшткі, старое адзенне, некаторыя небяспечныя адходы і інш., — амаль усё гэта таксама можа быць скарыстана ці абясшкоджана, але пакуль работы з названымі і іншымі відамі адходаў вядуцца не вельмі актыўна.

Сёння ў Беларусі дзейнічае сетка з 168 палігонаў і 1238 міні-палігонаў. Пабудаваныя некалькі дзесяцігоддзяў таму для аператыўнага выдалення адходаў і памяншэння колькасці несанкцыянаваных звалак шматлікія міні-палігоны сёння не адпавядаюць патрабаванням эксплуатацыі. Але пакуль цалкам ад іх адмовіцца немагчыма — спачатку трэба знайсці альтэрнатыўны спосаб абыходжання з адходамі. Сёння спецыялісты Мінпрыроды і іншых ведамстваў кажуць пра неабходнасць распрацоўкі доўгатэрміновай праграмы па рэкультывацыі палігонаў і будаўніцтве новых, якія будуць адпавядаць сучасным патрабаванням.

Стратэгія для адходаў

Удасканаленне работы з аб'ектамі захавання адходаў уваходзіць у зацверджаную ў ліпені 2017 года «Нацыянальную стратэгію па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года». Пры яе рэалізацыі ўзровень выкарыстання камунальных адходаў павінен павялічыцца ў краіне да 50%, абыходжанне ж з ЦКА і ДМР павінна быць экалагічна бяспечным і эканамічна эфектыўным.

Так, у Беларусі плануецца ўкараніць дэпазітную (закладную) сістэму збору пластыкавай, шкляной і металічнай упакоўкі, пачаць вытворчасць RDF-паліва для цэментавых заводаў у Магілёве і Гродне на базе існуючых вытворчых магутнасцяў па сартаванні ЦКА. Механічнае сартаванне адходаў пры вытворчасці RDF-паліва, па словах спецыялістаў, дасць магчымасць выкарыстоўваць арганічную частку бытавых адходаў пасля яе біялагічнай апрацоўкі ў якасці матэрыялу для перасыпання для эксплуатацыі палігонаў. Акрамя таго, каля Мінска плануецца стварыць завод па спальванні змяшаных адходаў магутнасцю каля 500 тыс. т
у год з вытворчасцю цеплавой і электрычнай энергіі.

Удасканаленне заканадаўства ў сферы абыходжання з адходамі — яшчэ адна важная задача, якую ў хуткім часе неабходна будзе вырашыць спецыялістам зацікаўленых ведамстваў. Сярод самых актуальных пытанняў — развіццё сістэмы маніторынгу і кантролю адходаў спажывання, прыняцце нормаў па стымуляванні тавараў і ўпакоўкі, прыдатнай да паўторнага выкарыстання, хуткага і бяспечнага раскладання ў навакольным асяроддзі, а таксама магчымая забарона на захаванне адходаў, якія не прайшлі сартаванне.

Сёння спецыялісты праводзяць аналіз сучасных тэхналогій у сферы абыходжання з адходамі. У хуткім часе плануецца яго завяршыць і вызначыць, якія з гэтых тэхналогій найбольш аптымальныя, эканамічна выгадныя для нашай краіны і прывабныя для інвестараў.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.