Вы тут

Музей як прысутнасць інтэлігентнасці


Ніколі не забуду, як у адным з лістоў да мяне рысы інтэлігентнасці вызначаў настаўнік Пухавіцкай сярэдняй школы Леў Іванавіч Пілатовіч. Маючы за плячыма філалагічную адукацыю, ён падкрэсліваў, што справа зусім не ў тым, каб мець значок і дыплом ВНУ. Інтэлігентнасць — гэта не толькі паводзіны. А хутчэй за ўсё — у сапраўднай інтэлігентнасці закладзены стаўленне да жыцця ўвогуле, разуменне свайго месца ў грамадстве, характар зносін з людзьмі, што знаходзяцца вакол цябе, імкненне перарабіць прастору, спрыяць нармальнай атмасферы ў сацыяльных зносінах. Так, Леў Іванавіч выкладаў усё гэта іншымі словамі, меў у тым нашым ліставанні канкрэтныя прыклады. І ўсё ж мелася на ўвазе інтэлігентнасць...


Успомнілася пра гэта ў дарозе, калі па шляху ў Мінск гутарылі з Аляксандрам Аляксандравічам Прановічам. Ці ў выхадны, ці ў будзённы дзень бываючы на Пухавіччыне, у Мар'інай Горцы, стараюся зазірнуць у музей. Ведаю, што калі б ні пазваніў Прановічу, то ён абавязкова будзе ці на месцы ў карціннай галерэі альбо планы свае выбудуе так, каб абавязкова сустрэцца. Яму цікавыя размовы, сустрэчы, яму цікава праверыць на людзях свае думкі, меркаванні, планы. Чалавек, якому ўжо споўнілася болей за 70 гадоў, па-ранейшаму актыўны, разваротлівы, чуйны да ўсяго, што дзеецца навокал. Яму не патрэбны час на адпачынак. Раённы краязнаўчы музей, калектывам якога ён кіруе, — не частка, а ўсё яго жыццё.

Мне здаецца, што і музей у тым выглядзе, у якім яго ведаюць мар'інагорцы, пухавіччане, — з цэнтральнай сядзібай у Блоні, у маёнтку Бонч-Асмалоўскіх, карціннай галерэяй, мемарыяльным пакоем Алеся Бачылы, залай Якуба Коласа, філіяламі ў СШ №3 і іншымі сваімі адрасамі, — ёсць яго, Аляксандра Прановіча, атаясамленне. Так, былі пачаткі, вытокі. Былі вядомыя на Пухавіччыне і за яе межамі краязнаўцы. Кожны з іх шмат што зрабіў, кожны пэўную сцежку праклаў... Як не назваць Сяргея Іванавіча Сіпача з яго гарэлецкай «партызанкай»! Як не назваць Віктара Рыгоравіча Арлова, які па крупінках збіраў самыя розныя памяткі ў школьных музеях У. І. Леніна і «Героі і подзвігі», як не назваць тых, хто сваімі публікацыямі пашырыў веданне пра Пухавіччыну ў самыя гістарычныя часіны — Анатоля Паўлавіча Ярохіна, Браніслава Аляксандравіча Зубкоўскага, Аляксандра Васілевіча Пікуліка... І, вядома ж, нельга не ўспомніць Васіля Мікітавіча Свістуна — гэта ж ён пачынаў ствараць раённы музей у Дукоры...

А зараз па дарозе ў Мінск мы гутарым з Прановічам пра клопаты на блізкую будучыню. Крыху — і пра тое, што няпроста музею працаваць як самастойнай гаспадарчай адзінцы.

— Ды што паробіш, — падсумоўвае частку размовы Аляксандр Аляксандравіч, — мы ж такая ж установа, як і іншыя, і нам таксама трэба грошы зарабляць. І на экскурсіях, і на іншых паслугах. Вось зараз на адзін дзень музей аддадзім у арэнду дзеля здымкаў кароткаметражнага фільма з цікавым прыгодніцкім, гістарычным сюжэтам... Тым самым і сябе лішні раз прарэкламуем.

Нядаўна ў карціннай галерэі раённага музея адкрылася мастацкая выстаўка Хведара Ладуцькі. Зямляк-пухавіччанін, ён не так даўно адкрыў для сябе музей і галерэю ў Мар'інай Горцы. Дзякуючы найперш свайму сябру — жывапісцу і мастацтвазнаўцу Яўгену Шунейку. Той якраз многіх людзей прывёў у Мар'іну Горку. І з асаблівай асалодай пачаў нават пухавіцкія краявіды маляваць, пухавіччан на партрэты заносіць... Пасябраваўшы з Прановічам і з Мар'інай Горкай, Яўген Шунейка і сваёй вучаніцы Дар'і Раманенцы ў час вучобы ў магістратуры даў заданне выканаць даследаванне па музеефікацыі мастацкай прасторы Пухавіччыны. Дакладней кажучы — даў заданне апісаць як галерэю, так і ўсе памкненні дырэктара музея Аляксандра Прановіча па збіранні мастацкіх памятак Пухавіччыны, па ўшанаванні жыцця і творчасці розных мастакоў з пухавіцкай старонкі. А мастакоў адсюль, з Пухавіччыны, выйшла ў свет нямала: і Генрых Вейсенгоф — сярод іх. І Віталь Цвірка меў тут лецішча. І скульптар Аляксандр Фінскі штораз на выхадныя дні сюды спяшаецца... Атрымалася ў выніку, лічы, манаграфія. І абаронена гэтая праца проста бліскуча.

А Прановіч зусім не сядзіць на месцы...

— Наспеў час зрабіць, арганізаваць яшчэ адзін музейны філіял, — гаворыць ён у дарозе. — Ужо болей за 15 гадоў я дапамагаю народнаму артысту СССР кампазітару Ігару Міхайлавічу Лучанку ўпарадкаваць яго бацькоўскую сядзібу ў Мар'інай Горцы. Тут некалі жылі яго бацькі. Тым самым і рэчы кампазітара, яго бацькоў зберагаюцца. А бацька, між іншым, пачынаў свае жыццёвыя дарогі як музыкант у вандроўнай трупе самога Уладзіслава Галубка!.. Ігар Міхайлавіч столькі зрабіў для Пухавіччыны, Мар'інай Горкі!.. І канцэртаў велізарную процьму даў, і ў традыцыйным музычным фестывалі ў Мар'інай Горцы ўдзельнічае... А колькі людзей ён да нас прывозіў — «Песняры» не адзін раз у Мар'інай Горцы выступалі.

Сапраўды — разважаю сам сябе, не перабіваючы Прановіча, — як на мой прыватны погляд, такі філіял — з назвай, напрыклад, «Музей музычнай і тэатральнай гісторыі Пухавіччыны» — мае самае што ні ёсць права на жыццё ў Мар'інай Горцы. Да матэрыялаў у яго экспазіцыі далучыліся б зборы цікавых дакументаў, кніг, фотаздымкаў і нават партрэтаў, якія расказалі б пра землякоў — Іосіфа Жыновіча з яго захапленнем цымбаламі, акцёраў Таццяну Бандарчык (нарадзілася ў Дукоры), Юлію Хіраску (яна нараджэннем з вёскі Омельна, з сям'і праваслаўнага святара, балерына, якая вучылася яшчэ ў студыі другога нашага земляка — Канстанціна Алексютовіча), Івана Шацілы... Пералік можна доўжыць. Музычная, тэатральная памяць пра наш край — гэта яшчэ і зварот да лёсаў прадстаўнікоў рода Ельскіх. Міхал Ельскі — славуты кампазітар дзевятнаццатага стагоддзя. Адным словам, экспанатаў, матэрыялаў для стварэння такога музея-філіяла бракаваць не будзе.

Другі сённяшні клопат пухавіцкага музейшчыка — гэта дастойна адзначыць стагоддзе з дня нараджэння аўтара верша (адпаведна, і слоў песні) «Радзіма мая дарагая» Алеся Мікалаевіча Бачылы (паэт нарадзіўся ў пухавіцкай вёсцы Лешніца). Дата прыпадае на пачатак сакавіка 2018 года. Ужо болей як дзесяцігоддзе (мо нават недзе каля двух дзесяцігоддзяў) у Мар'інай Горцы праводзяцца мерапрыемствы, звязаныя з ушанаваннем імя гэтага творцы. Адна з сельскіх бібліятэк носіць імя Алеся Бачылы. Чаму б не надаць імя паэта і Пухавіцкай раённай бібліятэцы?! У горадзе ёсць вуліца Алеся Бачылы. «Чужое зямлі нам не трэба, / Пачуцці ў нас сёння адны: / Мы хочам, каб мірнае неба / Не знала пажару вайны. / Мы дружбы народам жадаем / І шчырай братэрскай любві. / Радзіма мая дарагая, / Красуйся і ў шчасці жыві!» Гэтыя радкі — са згаданых верша і песні... Алесь Бачыла напісаў словы на ўсе стагоддзі, для ўсіх пакаленняў...

Мемарыялізацыя імёнаў, жыццяў знакамітых землякоў заўсёды была часткай музейнай практыкі Аляксандра Прановіча.

...Дарога ў Мінск паціху завяршаецца. Падсумоўваем і мы сваю з Аляксандрам Аляксандравічам размову. А хацелася б яе доўжыць... Ды кожнага чакаюць свае справы, свае ўласныя клопаты. Хоць і дзень, здавалася б, у нас вольны — выхадны дзень... Я яшчэ нагадваю Аляксандру Прановічу, што не так ужо далёка і да 75-годдзя з часу вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А следам — і да 75-годдзя Вялікай Перамогі. А значыць — трэба ўспомніць і шмат каго з землякоў, хто аддаў свае жыцці за свабоду Айчыны, за тое, каб адолець фашызм... З такіх людзей — і падпалкоўнік Фёдар Смеяновіч. І шкада, што па сённяшні дзень няма ў Мар'інай Горцы вуліцы імя Фёдара Аляксеевіча Смеяновіча. Афіцэр-дэсантнік, ён з'яўляецца адным з першых выпускнікоў Аб'яднанай ваеннай беларускай школы (у 1929 годзе). Ф. Смеяновіч, адзначаны за адзін з подзвігаў ордэнам Чырвонага Сцяга, загінуў недзе на Дняпры ў 1943 годзе. А ў 1941-м паспеў закончыць Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ. На Малай Зямлі камандаваў дэсантным палком. Аляксандр Аляксандравіч пагаджаецца: быць у Мар'інай Горцы вуліцы Фёдара Смеяновіча...

— Нядаўна прыязджаў да нас дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Ігар Капылоў, — паспявае яшчэ расказаць пухавіцкі музейшчык. — Збіраемся праводзіць тапанімічную канферэнцыю ці тапанімічныя чытанні...

І я ізноў радуюся новай асветніцкай, краязнаўчай ініцыятыве. І разумею, што музейнае, краязнаўчае святло такіх асоб, як Аляксандр Прановіч, прыўносіць у наша жыццё — ці то ў сталіцы, ці то ў рэгіёне — сапраўдную інтэлігентнасць, сапраўднае святло чалавечнасці. Мусіць, на гэтым і жыццё трымаецца...

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.