15 Жнівень, серада

Вы тут

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў


29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). На працягу апошніх дваццаці гадоў сродкі навучання сур'ёзна эвалюцыянавалі, і сёння для таго, каб навучацца, зусім неабавязкова наведваць заняткі і лекцыі. Тая ж інтэрнэт-акадэмія Хана дае бясплатны доступ да больш чым чатырох тысяч мікралекцый па самых розных дысцыплінах. Пра апошнія сусветныя трэнды ў адукацыі і сітуацыю ў нашай краіне мы гутарым з дырэктарам Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Паўлам ЛІСАМ (на фота).


Альтэрнатыва камп'ютарным класам

— Павел Анатолевіч, Канцэпцыя інфарматызацыі сістэмы адукацыі ў Беларусі на перыяд да 2020 года зацвярджалася чатыры гады таму. За мінулы час амаль усе мы сталі ўладальнікамі мабільных устройстваў (планшэтаў, смартфонаў, ноўтбукаў), таму наяўнасць у школе стацыянарных камп'ютарных класаў перастае быць актуальнай. Больш актуальна было б мець мабільныя камп'ютарныя класы або задзейнічаць тую тэхніку, што маецца ў наяўнасці ў школьнікаў і студэнтаў?

— З гэтага года мы якраз пачынаем больш шырокае ўкараненне ў сістэму адукацыі мабільных тэхналогій. У школах ужо з'явіліся планшэты, так бы мовіць, два ў адным — з клавіятурай, якая падключаецца асобна, каб планшэтам можна было карыстацца не толькі як мабільным устройствам, але і як міні-ноўтбукам. Таксама мы плануем укараненне так званых тонкіх кліентаў. Пад імі маюцца на ўвазе прылады (тэрміналы), у якіх няма ўласных вылічальных магутнасцяў, яны падключаныя да агульнага для ўсіх карыстальнікаў сервера, што знаходзіцца ў воблаку. Гэта такія бяздыскавыя кампактныя персанальныя камп'ютары, да якіх падключаюцца перыферыйныя прылады: клавіятура, мыш, маніторы, акустычныя сістэмы і г. д. У школе будуць знаходзіцца толькі інтэрфейсныя часткі, звязаныя з серверам, на якім устаноўлены ўсе неабходныя для работы праграмы і дадаткі. Там жа ў воблаку ўся інфармацыя будзе апрацоўвацца і захоўвацца. Але для гэтага трэба забяспечыць бесперапынную якасную сувязь, чым зараз і займаемся.

Цэнтралізаваных закупак мабільных класаў для школ у нас пакуль што не было, хутчэй, гэта былі нейкія эксперыментальныя класы, ініцыятыва сучасных кіраўнікоў, якія прыцягнулі спонсарскія сродкі. У краіне ёсць шмат ІТ-кампаній, якія падтрымліваюць установы адукацыі новымі тэхналогіямі для таго, каб у школе панавала атмасфера інавацый. Я лічу вельмі важным, калі вучні бачаць перад сабой сучаснага настаўніка, які ўмее карыстацца сучаснымі прыладамі — усё гэта вельмі пазітыўна ўплывае на рэпутацыю педагога.

Цяпер мы разам з нашымі партнёрамі, кампаніяй «Беларускія воблачныя тэхналогіі» адраджаем адукацыйную сетку UNІBEL. У найбліжэйшыя гады праекты па гэтым кірунку чакае спачатку эксперыментальная апрабацыя, а затым укараненне ва ўсёй сістэме адукацыі. Каб зразумець, якія тэхналогіі прыжывуцца, трэба іх апрабаваць. Мы імкнёмся ў нашых эксперыментах задзейнічаць самыя розныя ўстановы адукацыі ў розных рэгіёнах: не толькі гімназіі, але і звычайныя школы, у тым ліку сельскія, з невялікай колькасцю вучняў.

Па­ра­лель­на рас­пра­цоў­ва­ем ме­то­ды­кі вы­ка­ры­стан­ня ма­біль­ных пры­лад, якія ма­юць роз­ныя апе­ра­цый­ныя сіс­тэ­мы і роз­ную ма­гут­насць. Ма­біль­нае ўстрой­ства пад­клю­ча­ец­ца па бес­пра­вад­ных сет­ках, ад­па­вед­на мы па­він­ны іх раз­ві­ваць ва ўста­но­вах аду­ка­цыі. Да та­го ж ма­біль­нае ўстрой­ства па­він­на быць за­рэ­гіст­ра­ва­на ва ўнут­ра­най сет­цы. Ка­неш­не, бу­дзем аб­мя­жоў­ваць до­ступ да пэў­ных ін­тэр­нэт-рэ­сур­саў, бо асноў­ная на­ша мэ­та — аду­ка­цый­ны кан­тэнт. Зараз думаем над тым, як распрацаваць максімальна зручную і недарагую сістэму рэгістрацыі.

— А ці вывучалі вы, для якіх мэт выкарыстоўваюцца камп'ютарныя класы ў школах сёння?

— Гэта тэрыторыя не толькі настаўнікаў інфарматыкі — іншыя прадметнікі таксама вельмі актыўна іх выкарыстоўваюць. Цяпер прапануецца вельмі шмат дадатковых матэрыялаў (і графічных, і інтэрактыўных) па ўсіх прадметах, асабліва па прыродазнаўчых дысцыплінах, якія патрабуюць выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі. Акрамя таго, ёсць вельмі шмат матэматычных праграмных прадуктаў. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі адназначна трэба ўкараняць і выкарыстоўваць на ўроках у школе, але ў педагога пры гэтым абавязкова павінен заставацца час для непасрэдных стасункаў з вучнямі. Роля педагога сёння змянілася, ён больш не з'яўляецца адзінай крыніцай ведаў для вучняў, а выступае, хутчэй, як ментар, які накіроўвае сваіх вучняў па крыніцах ведаў, дапамагае іх фільтраваць і аналізаваць. Сёння вельмі проста, маючы мабільны тэлефон, знайсці ў інтэрнэце пры выкананні дамашняга задання рашэнне тых ці іншых задач, і для сістэмы адукацыі гэта пэўны выклік. Задачы перад вучнямі трэба фармуляваць зусім іншым чынам, каб пошук рашэнняў быў больш складаны, чым раней, каб трэба было для атрымання выніку правесці пэўную работу.

У нас ёсць задумка з адным ці некалькімі партнёрамі рэалізаваць дыстанцыйную праграму тэсціравання школьнікаў. Размова ідзе не пра кантрольнае тэсціраванне абітурыентаў, якім займаецца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, а пра магчымасць пратэсціраваць свае веды па канкрэтным раздзеле ці тэме, каб выявіць, дзе ёсць прабелы. Спадзяёмся ўсё гэта цэнтралізаваць, каб бачыць, па якіх тэмах у школьнікаў больш за усё праблем, і прапанаваць нашым калегам скарэктаваць падачу матэрыялу ці, можа, памяняць раздзелы месцамі, змяніць логіку выкладання з улікам кліпавага мыслення дзяцей. Бо ствараюць праграмы і пішуць падручнікі дарослыя.

Усе нашы намаганні ў галіне інфармацыйных тэхналогій скіраваны на тое, каб палепшыць якасць адукацыі, яе даступнасць, аптымізаваць інструменты і спрасціць работу настаўніка, інакш сэнсу ва ўкараненні інфармацыйных тэхналогій няма.

Не пакараць, а заахвоціць

— А як вы лічыце, імклівы рост магутнасцяў і функцыянальных магчымасцяў сучасных устройстваў не апераджае сёння гатоўнасць карыстальнікаў і, галоўнае, гатоўнасць педагогаў з імі працаваць? Ці ўдалося пераадолець «лічбавы разрыў» пакаленняў?

— Паводле закона Гордана Мура, магутнасць сучаснай камп'ютарнай тэхнікі падвойваецца кожныя 18 месяцаў. У матэматыцы, фізіцы ёсць задачы, якія патрабуюць вялікіх вылічальных магутнасцяў, але сёння з прычыны іх недахопу пытанні не вырашаюцца. Адпаведна, прагназуючы рост магутнасцяў, мы можам уявіць, што рана ці позна задачы будуць вырашаны. Адпаведна нас чакаюць новыя адкрыцці, новыя тэхналогіі, больш дасканалыя, якія адаб'юцца і на адукацыі. Непасрэдны карыстальнік не адчувае моцна рост магутнасцяў, таму што інтэрфейс для яго, наадварот, пастаянна спрашчаецца, усё становіцца больш зразумелым.

Ві­зу­аль­ная част­ка і да­лей бу­дзе спра­шчац­ца, пры гэ­тым ма­гут­нас­ці бу­дуць рас­ці, бу­дзе рас­ці хут­касць ра­шэн­ня за­дач і па­ляп­шац­ца якасць кар­цін­кі. Фак­тыч­на кож­ныя паў­та­ры го­да маг­чы­мас­ці устрой­стваў бу­дуць па­шы­рац­ца, мы змо­жам ра­біць з іх да­па­мо­гай больш скла­да­ныя рэ­чы.

Калі мы ўкаранялі ў школах некаторыя мабільныя ўстройствы і інтэрактыўныя панэлі, нам казалі, што мы падвяргаем рызыцы найперш вопытных педагогаў, якія не жадаюць змяняць свае падыходы, для іх праблематычна вучыцца чамусьці новаму. Але мы заўважылі цікавую заканамернасць: і з планшэтамі, і з інтэрактыўнымі дошкамі педагогі разабраліся вельмі хутка. Па-першае, яны былі матываваныя развівацца ў сваёй галіне. Па-другое, калі ўласнай матывацыі недастаткова, шмат залежыць ад дырэктара ўстановы. Я не маю на ўвазе прымяненне нейкіх карных мер, наадварот, дырэктар можа матэрыяльна заахвоціць тых, хто максімальна ўкараняе ў сябе на ўроках інфармацыйныя тэхналогіі. У выніку сёння і маладыя, і вопытныя педагогі з задавальненнем карыстаюцца новымі ўстройствамі, прычым на такіх прадметах, дзе мы і не чакалі. Напрыклад, на геаграфіі і гісторыі вельмі актыўна пачалі выкарыстоўвацца 3D-карты. І тут ужо паўстае пытанне да нашых распрацоўшчыкаў кантэнту — ці змогуць яны даць столькі, колькі патрабуецца педагогу? Настаўнікі даўно жывуць па прынцыпе, які актыўна прапагандуецца ва ўсім свеце, — навучанне праз усё жыццё. І калі ўзброіць настаўніка новай тэхналогіяй, ён яе засвоіць нашмат хутчэй, чым многія з бацькоў вучняў. Наша задача — даць яму гэту тэхналогію і магчымасць яе засвоіць з мінімальнымі выдаткамі часу.

Магчымасці «воблачных тэхналогій»

— Адной з асноўных сусветных тэндэнцый развіцця сродкаў інфарматызацыі з'яўляецца пераход да так званых воблачных тэхналогій. Наколькі я ведаю, у нас ёсць раёны, дзе «воблачныя тэхналогіі» вельмі спрыяюць змяншэнню дакументаабароту і эканомяць час. Усе планы работы, вынікі анкетавання, статыстыку, актуальную перапіску, матэрыялы метадычнага характару і іншую важную інфармацыю ўстановы адукацыі захоўваюць у «воблаку». А кіруючыя структуры могуць да яе самастойна ў любы час звярнуцца, не адцягваючы ўвагу ні адміністрацыі, ні педагогаў...

— Такія ініцыятывы, кропкі росту нас, безумоўна, радуюць. Зараз ствараем рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе. У яго аснове будзе ляжаць сетка UNІBEL, аб'ядноўваючы ўстановы адукацыі ўсіх узроўняў. Гэта будзе адно вялікае адукацыйнае «воблака». Адпаведна задачы, якія стануць рашацца ў рамках гэтага асяроддзя, ахопяць усю краіну. Яны будуць датычыцца ў тым ліку і збору статыстыкі, справаздачнасці. Інфармацыя на «воблака» пачне сцякацца з усёй краіны, там яна будзе апрацоўвацца і візуалізавацца. Доступ да «воблака» і гэтай інфармацыі разаб'юць па катэгорыях. Для Міністэрства адукацыі будуць даступныя адны звесткі, для абласных/раённых/гарадскіх упраўленняў адукацыі — іншыя. Мы ўжо і партал Міністэрства адукацыі размясцілі ў «воблаку». Зараз мадэрнізуецца партал Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі, на якім прапішацца мультымедыйная платформа, якая таксама будзе «воблачнай». Пра ўкараненне ў школах тонкіх кліентаў я ужо казаў. Калі мы забяспечым устойлівую і якасную сувязь для кожнай школы, серверы для захоўвання і апрацоўкі інфармацыі не трэба размяшчаць ва ўстановах адукацыі. Там будуць знаходзіцца толькі тэрміналы, а ўся апрацоўка будзе адбывацца аддалена, адпаведна класічнае набыццё камп'ютараў знікне. А замест камп'ютарнай тэхнікі трэба будзе набываць па падпісцы патрэбную магутнасць. У перспектыве ў нас застанецца некалькі рашэнняў: гэта выкарыстанне мабільных устройстваў, у тым ліку асабістых мабільных устройстваў педагогаў і навучэнцаў, і тонкіх кліентаў. Між іншым, ёмістасць каналаў сувязі павялічваецца ўдвая кожныя 12 месяцаў. А пры павелічэнні магутнасцяў інтэрнэт будзе таннець.

Транс­парт тэх­на­ло­гій аду­ка­цый­на­га кан­тэн­ту мо­жа вы­ка­рыс­тоў­вац­ца па-роз­на­му. Ска­жам, шко­ла, якая рых­туе пе­ра­мож­цаў алім­пі­я­ды па ін­фар­ма­ты­цы, змо­жа за­ка­заць пэў­ныя ма­гут­нас­ці, каб зай­мац­ца ра­шэн­нем кан­крэт­ных алім­пі­яд­ных за­дач. Ці, на­прык­лад, шко­ла мо­жа за­ка­заць ней­кі курс або адап­та­ва­ную су­свет­ную лек­цыю (мы бу­дзем іх пра­па­ноў­ваць). Так­са­ма уста­но­вы аду­ка­цыі мо­гуць ка­а­пе­ры­ра­вац­ца і дыс­тан­цый­на аб­мень­вац­ца на­стаў­ні­ка­мі, каб вуч­ні маг­лі па­бы­ваць, ня­хай і вір­ту­аль­на, на уро­ку ў на­стаў­ні­ка з ін­шай на­ву­чаль­най уста­но­вы. Су­час­ных школь­ні­каў вель­мі скла­да­на ма­ты­ва­ваць, ім трэ­ба па­ста­ян­на за­бяс­печ­ваць раз­на­стай­насць.

Паміж некалькімі агнямі

— Павел Анатолевіч, не ўсе настаўнікі разумеюць, навошта паўсюдна ўкараняюцца электронныя дзённікі і журналы? Пакуль у кожнага педагога на кожным уроку не будзе магчымасці выходзіць з якой-небудзь прылады ў інтэрнэт, гэта не мае сэнсу, бо тое самае яны пішуць і ў папяровым дзённіку, і ў класным журнале. Іх цікавіць, што будзе з асабістымі звесткамі, калі вучань са школы, дзе ўкаранёны дзённік schools.by, пяройдзе ў школу, дзе дзейнічае дзённік znaj.by?

— Для ўсіх аператараў электронных журналаў мы ставім умову — даныя вучняў павінны мігрыраваць без перашкод, таксама яны павінны іх прадстаўляць штогод і нам. Але паколькі размова ідзе пра прыватныя структуры, прызнаюся, што праблемы ёсць. Таму мы шукаем спосаб, як гэты працэс цэнтралізаваць, зрабіць адзіную кропку ўваходу праз ГІАЦ, каб быў адзіны для ўсіх сэрвіс дзённікаў, прычым бясплатны. Думаем, як размясціць яго ў сябе ў «воблаку», каб можна было кантраляваць паток даных, працаваць з бяспекай персанальных асабістых даных, збіраць статыстыку. Думаем і над тым, каб з электроннага дзённіка вучань мог адкрываць інтэрактыўныя спасылкі на дамашнія заданні, на раздзелы параграфа ў падручніку. Паспрабуем звязаць яго з электроннымі падручнікамі, платформамі тэстаў. Напрыклад, калі назіраецца зніжэнне паспяховасці, школьніку будзе прапанавана прайсці тэсты для выяўлення і ліквідацыі прабелаў у ведах.

Дэ­цэнт­ра­лі­за­цыя элект­рон­ных дзён­ні­каў і жур­на­лаў па­ка­за­ла вель­мі не­пры­ем­ную рэч. Ка­лі ста­лі з'яў­ляц­ца но­выя сэр­ві­сы, іх ства­раль­ні­кі за­мест та­го, каб ахоп­лі­ваць не­ахоп­ле­ныя аб'­ек­ты, ідуць ту­ды, дзе ужо пра­цу­юць іх кан­ку­рэн­ты — гэ­та ры­нак. Ды­рэк­тар шко­лы тэ­ле­фа­нуе нам і про­сіць, каб мы штось­ці зра­бі­лі, та­му што ства­раль­ні­кі элект­рон­на­га дзён­ні­ка ўжо па­пра­ца­ва­лі з баць­ка­мі: адзін клас уга­ва­ры­лі на адзін пра­дукт, дру­гі — на ін­шы. А на­стаў­ні­кі не жа­да­юць вес­ці ад­ра­зу не­каль­кі элект­рон­ных сіс­тэм.

Што датычыцца нежадання педагогаў асвойваць электронныя журналы, скажу вам так: я магу вас завесці ў школы, дзе з электроннымі журналамі працуюць паспяхова як маладыя, так і вопытныя педагогі. І лепш навучыцца сёння, пакуль цягнецца пераходны перыяд, чым заўтра, калі электронныя журналы стануць абавязковымі. Да таго ж, напрыклад, у Ленінскім раёне сталіцы ўвогуле адмовіліся ад дубліравання дзённікаў на папяровых носьбітах. Наконт немагчымасці выхаду ў інтэрнэт на кожным уроку заўвага справядлівая. Канешне, у ідэале ў кожнага настаўніка павінен быць планшэт. Трэба прадумаць, як гэта зрабіць: магчыма, наш партнёр будзе ўстанаўліваць для настаўнікаў спецыяльную цану на свой тавар, даваць беспрацэнтны крэдыт альбо растэрміноўку...

— Адзін з апошніх трэндаў — гейміфікацыя адукацыі. Наколькі мы далёка прасунуліся ў гэтым кірунку?

— З дапамогай інфармацыйных тэхналогій сёння рэалізуюцца матэматычнае мадэляванне, дзелавыя гульні, гульні, заснаваныя на жыццёва неабходных ведах і навыках, эксперыменты ў віртуальных лабараторыях і гэтак далей. Ёсць цікавыя візуалізаваныя распрацоўкі па анатоміі, калі з дапамогай спецыяльных акуляраў ты можаш зазірнуць у арганізм чалавека, паглядзець, як там усё функцыянуе. Адна з секцый на выставе-форуме «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» будзе прысвечана мультымедыйным і інтэрактыўным тэхналогіям віртуальнай і дапоўненай рэальнасці ў адукацыйным працэсе. Для нас гэта будучыня. У нас пакуль няма ні сродкаў на іх укараненне, ні кантэнту, ні нарматыўнай базы. Увогуле нарматыўная база катастрафічна не паспявае за развіццём інфармацыйных тэхналогій. Ну хто мог спрагназаваць, што з'явяцца акуляры дапоўненай рэальнасці, што яны будуць выкарыстоўвацца не толькі ў сферы забаў, а прыйдуць і ў сферу адукацыі так хутка? Пакуль гэта дарагое задавальненне, але з кожным годам новыя тэхналогіі таннеюць і становяцца больш даступныя. Мы падтрымліваем тэхналогіі візуалізацыі розных працэсаў і прадметаў і будзем рады супрацоўнічаць з кампаніямі ў гэтай сферы. Гэта моцны матыватар для вучобы дзяцей, і мы такіх матыватараў павінны сабраць максімум.

Падчас двухдзённага форуму, а гэта першае мерапрыемства ў краіне такога маштабу ў галіне адукацыі, будзе ўзнімацца шмат праблем, у тым ліку абмяркоўвацца плюсы і мінусы інфарматызацыі. Эксперты ў галіне інфармацыйных тэхналогій змогуць выступіць са сваімі ідэямі, дыскусійнымі тэзісамі, не проста штосьці расказаць, а і паказаць, на якім узроўні мы знаходзімся, куды нам трэба рухацца і якімі трэндамі кіравацца. Гасцей форуму чакаюць лекцыі, трэнінгі, семінары, круглыя сталы плюс невялікая выстава, дзе будуць дэманстравацца магчымасці сучасных інфармацыйных тэхналогій. Удзел ва ўсіх мерапрыемствах бясплатны, але папярэдне лепш усё ж такі зарэгістравацца на сайце іte.unіbel.by. Самая вялікая пляцоўка зможа прыняць адначасова да 800 чалавек, але будуць задзейнічаны і меншыя пляцоўкі. Вельмі спадзяёмся, што форум будзе карысны як для педагагічнай супольнасці, так і для нашых партнёраў у сферы інфармацыйных тэхналогій.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Электронная «начынка» для школы

Каментары

А можно ли, одной из экспериментальных "облачных" сельских школ, сделать мою школу?
Трэба падказаць кіраўніку ГІАЦ. Увогуле, для мяне ўсё гэта гучыць, як фантастыка. Пакуль:)

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі. 

Грамадства

Не багі гаршкі абпальваюць...

Не багі гаршкі абпальваюць...

...а ўдзельнікі шостага міжнароднага пленэру ганчароў, які нядаўна прайшоў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна.