Вы тут

Была восень


«Была восень. Цёплыя туманы стаялі над зямлёю, і ціхімі раніцамі чуваць было, як шуршыць жоўтае лісце…» (К. Чорны)


Дзмітрый Смольскі.

Адышло яшчэ адно жыццё.

Сіроцтва на правах гаспадара вярнулася ў клопатныя турботныя дні, справы, недарэчнасці з цьмяных закутоў свядомасці… Вярнулася сытай павай з намерам распанець яшчэ больш на маёй зняможанасці.

Яны засталіся ўдвох — уласная душа і свет. Музыка загучала інакш. Сэнсавыя канструкцыі не пераставалі ўзнікаць. Засцерагальнае палатно доўжыла размову. Лёгкім госцем заходзіў да старога сябра — з нязменнай прапановай партыі ў шахматы. Аб’ектам разважанняў — неабароненасць чалавека. Самотнае існаванне і пакінутасць на зломе тысячагоддзяў. Суразмоўца — музыка, голас — музыка. А раптам пачуюць? Раптам пачуюць у «п’яных» трамбонах вестку — «стоит, качаясь» не толькі рабіна: «…чудище обло, зело озорно, стозевно и лаяй» можа паглынуць і вас. Афарыстычнасць, калючасць, з’едлівы досціп. Гратэск, сатыра — як пакрыўджаная мілосць (Ф. Іскандэр). Бо п’яная няўцямнасць пагражае разбэшчанай стыхійнасцю. Пераспелая ягада адбірае розум. Мутнаму воку няма розніцы, па чыіх каштоўнасцях топчацца няўпэўненыя ногі. Свядомасць страчвае маральныя абмежаванні. Сёння ёй усе браты, заўтра — ворагі.

Пад божаю страхою

Дзмітрый Смольскі — неаспрэчна — эпоха. І чым далей будзе рухацца час ад апошняй меціны яго зямнога жыцця, тым відавочней будзе важнасць і важкасць яго асобы для беларускай культуры.

Пакуль цяжка з абагульненнямі, але, неаспрэчна, без яго беларуская музыка была б іншай. Пакаленне вучняўкампазітараў, выхаваных Дзмітрыем Смольскім, было б іншае. І вектар памкненняў быў бы трохі інакшы.

Аўтарытэт спадара Смольскага не быў трыбунны. Д. Смольскі — з тых асоб, якім не патрэбна трыбуна, каб заваёўваць аўтарытэт. Ён увогуле нічога і нікога не заваёўваў. Такі склад душэўнай арганізацыі. Калі і было, то хіба духоўнае змаганне, і то не за прыз і ўзнагароду, а за неўміручасць. І не сваю, а Радзімы.

Бездакорнасць і прафесіяналізм, грунтоўнасць меркавання, тонкая іранічнасць зрушвалі з наседжанага месца і пазбаўленага эвалюцыйнай дынамікі чыноўніка, і паралізаванага ўласнай амаральнасцю калегу, і нехлямяжнага, заблукалага ў сваіх комплексах вучня. Чалавек — істота дэтэрмінаваная. Яна лёгка трапіць у залежнасць ад прапаганды, у залежнасць ад лухты і глупства, ад людзей інстынкту і бездані духоўнага цвыркацення.

Без гучных фраз, лозунгаў і пракламацый Дзмітрый Смольскі нястомным роздумам, разважаннямі, узважваннямі на шалях сумлення і непрыдуманага стану рэчаіснасці будаваў гэту эпоху. Не забываў на ўласны свет, найбліжэйшае атачэнне, прафесійнае цэхавае асяроддзе. Вялікія імёны, з дапамогай якіх і ствараецца неабходнае поле: асяроддзе, дзе можна дыхаць і існаваць, пераадольваць перашкоды і страсаць непатрэбную «пацяруху» з душы. Адданасць прафесіі заўсёды была мацнейшая за жыццёвую непагадзь і збалелае сэрца.

Чуйнасць Дзмітрыя Браніслававіча дазваляла любіць усіх сваіх вучняў, незалежна ад здольнасцяў. Педагагічнае бачанне часам даравала тэхналагічныя хібы, але не даравала адсутнасці думак. Уласная акрыленасць і захапленне натхняла на даследаванне каларыстыкі аркестравых магчымасцяў як узору вытанчанага музычнага жывапісу, пабуджала да эксперыментаў, змешвання гукавых фарбаў. Нясмела і даверліва ў клас да Майстра ўваходзіць студэнт-першакурснік. Першыя опусы, першыя занатаваныя і вызваленыя з падсвядомасці эмацыянальныя выказванні. Менавіта так, з яшчэ няўмелай спавядальнасці распачынаецца шлях. Споведзь даўжынёй у жыццё.

Лёгкімі крокамі прыходзілі вучні да разумення сваёй тоеснасці з зямлёй, з паветрам, якое насычана архаічнымі спрадвечнымі энергіямі, якія збіраюцца, распадаюцца, выпраменьваюць новыя. Я сама ніколі б не зведала радасці кампазітарскай творчасці, каб не працягнутая своечасова рука Дзмітрыя Браніслававіча пасля майго выгнання з кансерваторыі з фармулёўкай «за нацыяналізм і рэлігійнасць». Апрытомнець пасля ўдару ўдаецца не кожнаму. Гэта не жарты. Гэта навука — вяртаць сваю прытомнасць. Ні гумар, ні спачуванні, ні падстаўленае плячо не дапамагаюць. Трыванне — адзінае выйсце. Трымаць удар — яшчэ нішто сабе, а вось чакаць, пакуль выгнецца, стане на месца зрушанае-дэфармаванае... У даперабудовачных 80-х мне выпала «трымаць удар» і выпростваць сябе з-пад яго. Трыванне не ператваралася ў панцыр. Не захінала. У нейкім чаканні праходзіў час, але апрытомнець было ўсё роўна немагчыма. Пакуль не прыйшла дапамога.

Менавіта ён у час майго найглыбокага адчаю і дэпрэсіі знайшоў тыя патрэбныя словы, каб вярнуць веру ў сябе, апрытомнець і пачаць мысліць новымі для мяне катэгорыямі, змяшчаць сябе ў іншыя прасторавыя вымярэнні, навучыцца лунаць, сягаць думкай за край звычайнага.

І на хвалі Адраджэння ў 90-я раптам загаварыў па-беларуску.

Мала хто з рафінаванага рускамоўнага асяроддзя беларускіх музыкантаў заўважыў само Адраджэнне. Музычнае асяроддзе — пераважна апалітычнае — не ведала, што сцены кансерваторыі і сцены былога першага беларускага тэатра, дзе была пастаўлена манюшкаўская «Ідылія», нібы падвойная тактавая рыса, блізка прылягалі адна да адной.

Не ведаючы гэтага, асяроддзе не заўважыла, як руйнаваўся Саветамі першы беларускі тэатр. Не заўважыўшы — не перажывала. Шчасліва жыло далей. Сталінская ін’екцыя «нет человека — нет проблем» і тады цыркулявала па збітай страхам блакітнай крыві інтэлігента.

Сёння вірус не пазбег мутацыі. Ён выдае сябе асабліва паказальна ў паводзінах першага пакалення «гарадскіх» — тых вяскоўцаў, якія здолелі хутка пазбавіцца пачуцця вінаватасці за здраду роднай мове, роднай вёсцы, за здраду маці і бабулі, якія ўзгадавалі іх на мякіне і беларускіх калыханках. Ачмурэлыя і знямелыя ад спрадвечнага беларускага страху, яны, узбіўшыся на невялічкія сталічныя пасады, абаранялі сябе. Абаранялі найпрымітыўнейшым чынам: звальнялі непажаданых, больш кемлівых, адукаваных (адсутнасць уласнай адукаванасці найбольш драпала самалюбства), цынічна пагаджаючыся з: «нет человека — нет проблем».

Нацыянальны позірк на свет

Дзмітрый Браніслававіч Смольскі выхоўваўся ў сям’і музыкантаў. Бацька, Браніслаў Сільвестравіч, 1937-ы год сустрэў 28-гадовым юнаком і не мог не ведаць, што здараецца з прыхільнікамі нацыянальнага адраджэння. «Табліца множання дыктавалася палітычнай лініяй партыі» (А. Лосеў). Расстраляная маладая беларуская літаратура вымусіла надоўга замаўчаць народ. Па-беларуску было небяспечна размаўляць нават на вуліцах. Праблемы мовы кранала сумленне. У адным з інтэрв’ю прызнаваўся: «Быў этап у маім жыцці, калі я часта ездзіў працаваць у дом адпачынку Каралішчавічы. Тамтэйшае асяроддзе амаль цалкам беларускамоўнае — пісьменнікі, паэты. Мы шмат тады размаўлялі пра мову, яе лёс. Вяртаючыся дадому, прыходзячы на працу, я раптам заўважаў, што мне цяжка перайсці на рускую мову. Нават не тое, што цяжка, а не хочацца. Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава магу чытаць толькі ў арыгінале. Бо іх мова — проста цуд, а проза — тая ж паэзія».

Васіль Быкаў: «Веру, што Беларусь жыве і будзе жыць. Зробім жа ўсё дзеля гэтага».

Проза Васіля Быкава ўвайшла ў жыццё. Вершы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Цёткі, Максіма Танка сталі музыкай.

Сумеснай працай над лібрэта да оперы «Сівая легенда» ўвайшоў у яго жыццё У. Караткевіч. Уладзімір Сымонавіч рызыкаваў заўсёды: «Воля аплачваецца крывёй, рабскае жыццё — бояззю, а выбар робіць сумленне». Апроч лібрэта, не абышлося без размоў пра гісторыю, культуру, лёс мовы…

Ён ледзь не адзіны сярод музыкантаў востра адчуў неабходнасць паўсюднага гучання беларускай мовы, яе ўжыванне на дзяржаўным узроўні, у межах краіны, сталіцы, кансерваторыі.

У размовах з беларускамоўнымі вучнямі з дзіцячай асалодай і радасцю падбіраў патрэбныя словы на роднай мове. Размаўляў, слухаў свой голас у беларускай мове, якая дадавала яшчэ больш мяккасці яго тону і характару…

…Гукі вёскі, пахі лета, водар скошанага сена і калектыўнае паглынанне студэнтамі сырадою па вечарах падчас фальклорных экспедыцый, хаджэнне басанож па пыльных дарогах з вёскі ў вёску, запісы песень, услухванне ў мову і дыялектныя асаблівасці, — усё гэта дадае неабходную моц матэрыі, з якой і павінна выбудавацца будучая Асоба. Дзмітрый Браніслававіч не грэбаваў ні недапечанай бульбай з кастрышча, ні задумлівымі карасямі з мутнай багны, якіх лавіў сам крывой вудай, змайстраванай з алешыны, ні рудым сабакам, з якім мог паразумецца і пасябраваць, ну, і, вядома, ні тым самым сырадоем, што мы пілі з аднаго жбана.

А песні, мову і гаворкі, манеру спявання прафесарскае вуха ўспрымала, безумоўна, хутчэй і вастрэй, без знешніх экзальтацый, уласцівых студэнтам, што ўпершыню сутыкнуліся з веліччу і неабдымнасцю беларускага фальклору. Недзе глыбока і непрыкметна складвалася пачутае ў недаступную нам, амаль шахматную камбінацыю (зручнае ўтрыманне інфармацыі) і нейкім чынам, яшчэ больш недаступным, праяўлялася тэматычнам арнаментам у музыцы. Нацыянальны позірк на свет. Каб прыносіць плады — трэба дбаць пра карані.

Культура, як заўважыў Б. Пастарнак, — гэта плённае існаванне. З цягам часу яшчэ яснейшым стане кантрапункт жыцця Дзмітрыя Смольскага, без якога, відавочна і бясспрэчна, жыццё агульнае было б трохі інакшым.

Майстар стварае эпоху. Фарміруе Час. Майстар дае абрысы вобразаў і сімвалаў той прасторы, у якую прыходзіць будучыня. Майстар яе творыць. Стварае неабходнасць, якая з’явіць новага Майстра. Той, хто прыходзіць, уздыме новыя вобразы, формы, ідэі, працягне працэс тварэння. Індывідуальнасць, самабытнасць вызначаюць папярэднікі. Паслядоўнікі шліфуюць грані і вызваляюць Святло. Сапраўдная музыка пакідае ўражанне, што з’явілася на свет сама, без чыёйсьці дапамогі. «Боскае ходзіць лёгкімі крокамі», — мовіў Ніцшэ. Відавочна, існуе патрэбанеабходнасць, якая выклікала да жыцця музыку. Якая ў гэтым неабходнасць? Напэўна, выказаць нешта, што іначай, чым музыкай, не выкажаш. Музыка, як і ўся гісторыя мастацтва, — гэта гісторыя пакутлівага і ўзнёслага вандравання чалавечага духу ў дынамічным і няспынным сутыкненні гарызантальна-вертыкальных ліній жыццёвых каардынат.

Ларыса СІМАКОВІЧ, кампазітар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?