Вы тут

У Капылі з'явіўся дэндрапарк


У Капылі на пачатку лістапада ўрачыста адкрыўся дэндрапарк. На плошчы амаль у два гектары высаджаны больш як тысяча экзатычных дрэў і кустоў 94 відаў. Гэта японская спірэя, верас, ядловец, сасна Ватэрэры, коніка, розныя формы рададэндронаў, тамарыск, ціс. Пры стварэнні парку пакінулі і астравок з дубоў, клёнаў, бяроз, ліп. Упрыгожваюць зялёны аазіс малыя архітэктурныя формы, альтанкі, ліхтары, лаўкі, масткі.


— Дэндрапарк уладкаваны на схіле рэчкі Каменка, дзе раней быў кар'ер і звалка смецця, зарослыя хмызняком. Ідэя будаўніцтва аб'екта з'явілася ў кіраўніцтва Капыльскага доследнага лясгаса пры ўзвядзенні новага адміністрацыйнага корпуса ў 2015 годзе, — кажа галоўны ляснічы гэтай установы Уладзімір Васілько. — Перш чым прыступіць да справы, мы вывучылі гісторыю стварэння дэндрапаркаў у Беларусі, прааналізавалі недахопы і прыйшлі да высновы, што ім не стае элементаў эстэтыкі, упрыгажэння, асвятлення, добрых сцяжынак, зоны адпачынку. Па-другое, калі падводзілі камунікацыі, то знайшлі тут пахаванні людзей. Спецыялісты вызначылі, што ім больш як 70 гадоў. З улікам гэтага было прынятае рашэнне аб будаўніцтве невялікай капліцы. Святыня асвечана 4 лістапада ў дзень Казанскай іконы Божай Маці епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем. У вызначаныя даты тут будуць праходзіць набажэнствы.

Праект распрацавала «Брэстрэстаўрацыя», генпадрадчыкам стала «Клецкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм», а работнікі лясгаса высадзілі дрэвы і кусты.

— На гэтай тэрыторыі было шмат валуноў, іх хацелі вывезці, але па нашай просьбе частку пакінулі. У планах выкласці адзінаццаць камянёў, якія будуць сімвалізаваць год закладкі парку — 2017-ы, — дадае Уладзімір Уладзіміравіч.

Дэндрапарк ужо паспелі палюбіць мясцовыя жыхары ўсіх узростаў.

— Наш мікрараён Заазёрны, як я яго называю, быў самы экалагічна чысты, а цяпер стаў яшчэ і самым прыгожым, — адзначыла былая настаўніца Тамара Юрчэня.

З цягам часу аазіс будзе развівацца, удасканальвацца, пашырацца, абзаводзіцца новымі «экзотамі».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Экзотыка на беразе ракі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».