Вы тут

Культурна-тэатральнай сталіцай на гэтым тыдні становіцца Бабруйск


Аглядам самых яркіх з'яў у айчынным тэатры, што здарыліся дзякуючы аўтарам-драматургам, павінен стаць Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча. Бабруйскі тэатр амаль на тыдзень стане пляцоўкай для прагляду спектакляў, пра якія гаварыла краіна на працягу апошніх двух гадоў. Праграма фестывалю складалася з улікам асноўных тэндэнцый развіцця айчыннага тэатра і адлюстравала палітру тэм, прадстаўленых рознымі аўтарамі — ад класікаў літаратуры і драматургіі да маладых з нетрывіяльным бачаннем свету.


Фота: bobr.by

Фестываль пачаўся 17 лістапада ці не самым гучным і абмяркоўваемым спектаклем гэтага года: «Кар'ера доктара Рауса» (аўтар В. Марціновіч, рэжысёр А. Гарцуеў) Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — пралог да размовы пра істотнае, з чым творцы выходзяць да людзей. Тэндэнцыя, закладзеная ў Беларусі яшчэ Францыскам Скарынам, які заўсёды выкарыстоўваў слова дзеля думкі і перадачы сутнасці. Што змянілася з тых часоў у працы творцаў, якія тэмы іх хвалююць сёння, якая можа быць у наш час падача тэм, каб зачапіць чалавека? Пра гэта і варта разважаць на фестывалі ў Бабруйску, дзе сфарміраваныя адразу дзве конкурсныя праграмы: «Спектакль тэатра драмы» і «Эксперымент».

Фармат конкурсу прадугледжвае ўдзел спектакляў паводле твораў беларускіх драматургаў, што ішлі ў мінулым і ідуць у бягучым рэпертуары айчынных тэатраў. За адбор спектакляў на фестываль у Бабруйск адказвала экспертная камісія. Паводле яе рашэння ў конкурсе «Спектакль тэатра драмы» акрамя «Кар'еры доктара Рауса» будзе таксама прадстаўлены зварот да рэальнай і знакавай асобы Беларусі ў спектаклі «Пясняр» (аўтар В. Дранько-Майсюк, рэжысёр В. Еранькова) Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Пастаноўка ўжо адзначана высокай прэміяй, але не факт, што гэта паўплывае на рашэнне журы, тым больш, што ў намінацыі змагаюцца за ўвагу яшчэ пастаноўкі: «Карона з кахання» (А. Дзялендзік, рэжысёр В. Расстрыжанкоў) Мінскага абласнога драматычнага тэатра г. Маладзечна; «Тарас на Парнасе» (С. Кавалёў, рэжысёр В. Сявец) Слонімскага драматычнага тэатра; «Сіндром Медэі» (аўтар Ю. Чарняўская, пастаноўка К. Аверкавай) Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі; «Кропкі на часовай восі» (Д. Багаслаўскі, рэжысёр Т. Траяновіч) Магілёўскага абласнога тэатра імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска. Гаспадары прадставяць зусім свежую прэм'еру, да таго ж паводле аднаго з маладых актыўных аўтараў, імя якога вядомае далёка за межамі Беларусі.

Конкурс у праграме «Эксперымент» чакаецца не менш інтрыгуючы: тут сыдуцца рэзанансныя пастаноўкі апошняга часу: «Опіум» (аўтар В. Каралёў, пастаноўка А. Марчанкі) Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн»; «Ладдзя Роспачы» (У. Караткевіч, А. Ляляўскі) Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек; «Камедыя Юдзіфі» (С. Кавалёў, А. Жугжда) Гродзенскага абласнога тэатра лялек; «Сіняя-сіняя» (У. Караткевіч, І. Казакоў) Магілёўскага абласнога тэатра лялек; і нават замежная пастаноўка, але з беларускім грунтам — «Поле» (П. Пражко, Д. Ваўкастрэлаў) незалежнай тэатральнай групы з Санкт-Пецярбурга «Тэатр роst». Але сёлета імя Скарыны запатрабаванае нават у эксперыментальным тэатры: Магілёўскі абласны драматычны тэатр прывязе спектакль «Скарына» М. Руткоўскага ў пастаноўцы С. Варнаса. Справа асветніка жыве, але ці дапапаможа перамагаць сучасным аўтарам? Даведаемся ўжо на наступным тыдні.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Аў-та-раў!..

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.