Вы тут

Форма сутнасці: спачатку было яйка


Пытання, што першаснае: яйка ці курыца — для студэнтаў кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў больш не існуе. Свае адказы яны выклалі ў акрэсленай форме, але з аўтарскім падыходам, што адлюстравалася на выстаўцы «Да яйка» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.


Ра­бо­та Іва­на Лу­кін­ска­га.

Але тут адлюстравана нешта большае, чым проста яйка. Тут яно становіцца аб'ектам для гульні з формай, для крэатыву і стварэння нечаканых вобразаў, за якімі ўжо праглядаецца сутнасць, напаўненне ці нават змест яйка. Усё гэта дало глебу для натхнення студэнтам выкладчыка, вядомага дызайнера і плакатыста Руслана Найдзена. Праект даказвае: навучанне дарэмна не праходзіць, ідзе абмен досведам паміж пакаленнямі творцаў, перадача навыкаў і абуджэнне творчага пачатку з адмысловым аўтарскім бачаннем. І з разуменнем: што ёсць сучаснае мастацтва, ці ёсць у ім тое, што дазваляе па-новаму асэнсоўваць ці ўвасабляць малюнкі на плоскасці ды аб'екты ў прасторы? Але галоўнае, наколькі ўсё гэта можа быць цікава звычайным людзям.

Можа. Варта зайсці ў залу, каб зразумець: у ёй для экспазіцыі выкарыстоўваюцца вертыкальныя плоскасці (сцены) і гарызантальныя (пастаменты для дэманстрацыі ўласна яек). Адно з другім перагукаецца. На сценах — праект, у якім студэнты прапаноўвалі свае распрацоўкі для дызайнерскіх візітовак: а гэта пласкатая квадратная ці прамавугольная форма. Тут адыграў сваю ролю прафесіяналізм Руслана Найдзена як мастака-графіка, які атрымліваў адукацыю ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце. Але на яго думку немагчыма авалодаць тэхнікай работы на плоскасці, калі не паспрабаваў ствараць прасторавыя аб'екты.

Таму аснова экспазіцыі — у выглядзе аб'ектаў-яек, форма якіх падкрэсліваецца размяшчэннем на квадратных падстаўках. Вельмі канцэптуальна, а яшчэ і з-за таго, што гармонія формаў узмацняецца гармоніяй колераў: чорнае з белым, з лёгкімі абуджальнымі ўкрапінамі яркіх акцэнтаў. Бо якое ж яйка, напрыклад, без жаўтка?..

У адным з экспанатаў жаўток адмыслова падкрэслены — ён нават свеціцца ў празрыстым бялку — паспрабуйце ўмоўна зняць з сырога яйка белую шкарлупу. У жыцці немагчыма, але мастацтва мае сілу падкрэсліваць сутнасць рэчаў. Яйка — гэта яшчэ і сімвал нараджэння жыцця, і сімвал таго, што гэтаму спрыяе. Студэнты не саромеліся і не стрымлівалі дызайнерскую фантазію: пара яек ці яйка з сасудамі-прожылкамі, яйка, дзе птушаня вось-вось прадзярэ шкарлупіну і вылезе на паверхню, яйка — груша ці яйка-вожык, альбо жаночы бюст з каштоўным упрыгожваннем... Чорна-белыя інсталяцыі, дзе абыгрываецца форма яек, але яна атрымлівае ўсебаковае асэнсаванне: прыроднае, мастацкае і нават псіхадэлічнае.

Ра­бо­та Воль­гі Ма­ка­рэ­віч.

Нездарма на падрыхтоўку выстаўкі пайшло шмат часу: кожны экспанат адбіраўся ў адпаведнасці з канцэпцыяй — зрабіць звычайнае яйка (аб'екты невялікія, набліжаныя да рэальных памераў) прадметам філасофскага разгляду. «Гэта была камандная праца, асновай для яе стала мая ідэя, якую развівалі студэнты, — адзначыў куратар праекта Руслан Найдзен. — Мы адышлі ад стэрэатыпаў і прадставілі як вынік работы, так і працэс узаемадзеяння аўтара і аб'екта».

Яйка як першаформа становіцца прадметам мастацкага разгляду не ўпершыню. У Беларусі яго наогул любяць. Напрыклад, форма яйка стала асновай для стварэння праекта стагоддзя «Дванаццаць з ХХ» Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі: такім чынам мастакі ўвасобілі знакавых постацей. Але яшчэ раней да філасофскага асэнсавання сутнасці яйка падышоў паэт Алесь Разанаў разам з мастаком Віктарам Маркаўцом: іх яйкаквадраты мелі рэзананс не толькі творчы. Насамрэч гэта ж так проста: спалучыць дзве формы, нарадзіўшы новую сутнасць (што потым становіцца нават брэндам).

Згадваю тыя праекты нездарма: новы зварот да формы яйка — новыя ідэі, іншыя мастацкія вобразы. Без паўтору! Што сведчыць пра бязмежнасць яйка як сутнасці і як формы. Нездарма мастацтвазнаўца Таццяна Бембель у прадмове да выстаўкі гаворыць пра біяпрынцыпы, якія прыйшлі ў дызайн і становяцца ў гэтым творчым кірунку ўсё больш адчувальнымі.

Але што гэта можа даць нам, грамадству, краіне? Усё проста: дызайн — мастацтва прыкладное, яно пранікае ў жыццё праз прадметы і побытавыя рэчы, падкрэсліваючы іх асаблівасць, незвычайнасць, абуджаючы творчую думку ў чалавека, які імі карыстаецца (тымі ж візітоўкамі, напрыклад). Ці нават калі дызайнерскія распрацоўкі ў выглядзе арыгінальнай упакоўкі ці знешняга выгляду ўтылітарных рэчаў злучаюцца з жыццём, яны натхняюць уладальнікаў на крэатыў, ствараюць добры настрой ці прымушаюць проста ўсміхнуцца — нават тады гэта падсвядома працуе ў чалавеку, спрыяе развіццю яго індывідуальнасці. Пагадзіцеся, калі наша прамысловасць прапануе рэчы з арыгінальнай падачай, мы хутчэй звернем на іх увагу, больш ахвотна нешта набудзем. Справа за малым: зрабіць так, каб крэатыўны патэнцыял маладых дызайнераў з іх адметным поглядам на рэчы быў запатрабаваны ў сваёй краіне. Бо падача ўсёй той цудоўнай прадукцыі, якая выпускаецца на нашых прадпрыемствах, таксама мае значэнне: няхай будзе прыгожа. І з ідэяй.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.