Вы тут

У Палацы Незалежнасці абмеркавалі асобныя крэдытна-фінансавыя пытанні


Прэзідэнт засяродзіў увагу на выніковасці работы банкаў, а таксама на зарплаце супрацоўнікаў гэтай сферы — асабліва кіраўнікоў і топ-менеджараў. Асноўны пасыл — зарплата там павінна адпавядаць таму ўзроўню аплаты працы, які склаўся ў краіне.


Фота: БЕЛТА

Інтарэсы эканомікі

— Хацелася б абмеркаваць пытанні эфектыўнасці кіравання ў крэдытна-фінансавых арганізацыях, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка напачатку. — Якая там сітуацыя? На гэты конт мы дамаўляліся і мной былі дадзены канкрэтныя даручэнні, у тым ліку прысутным тут службовым асобам. Хачу пачуць, якія канкрэтна меры прыняты. Наколькі прымяняемыя падыходы адпавядаюць задачам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны? Ці адпавядае дзеючая сістэма сучасным умовам і найлепшым сусветным практыкам?

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: сусветная практыка — гэта, перш за ўсё, сусветная практыка. У нас часта звяртаюць увагу на тое, што Беларусь — дзяржава, якая развіваецца, і пэўнага ўзроўню развіцця — у тым ліку крэдытна-фінансавых арганізацый — мы пакуль не дасягнулі. Узнікае заканамернае пытанне: навошта мы ў тым ліку заработную плату сабе налічваем паводле сусветных практык — у банкаўскай сферы?

— Паколькі мы на шляху да найлепшых сусветных практык, давайце адпавядаць гэтаму па ўсіх паказчыках, — лічыць кіраўнік дзяржавы, — у тым ліку матэрыяльнага забеспячэння саміх арганізацый і іх работнікаў. Маё патрабаванне вы ведаеце: дзейнасць усіх арганізацый, уключаючы банкі, павінна быць выніковай і максімальна ўлічваць інтарэсы нацыянальнай эканомікі.

Зарплата — заробленая

Галоўнае пытанне, па якім учора ішла размова, — грашовае забеспячэнне (заработная плата, бонусы) работнікаў і кіраўнікоў банкаўскіх устаноў:

— Мяне перасцерагаюць ад шчырай на гэтую тэму размовы, што гэта, маўляў, не спадабаецца МВФ, можа, яшчэ нейкім міжнародным арганізацыям. Гэта меркаванне можаце пакінуць у сябе. Я пакуль Прэзідэнт Беларусі і не планую быць прэзідэнтам або кіраўніком міжнародных арганізацый, таму і вам таксама раю займацца пытаннямі Беларусі. І калі мы сёння кажам пра матэрыяльнае забеспячэнне работнікаў банкаў, вы павінны ведаць пра маю пазіцыю: чым багацейшыя людзі ў краіне, тым лепш для Прэзідэнта.

Але пакуль, на жаль, нашы даходы не такія і вялікія. Сёння ў нас, як канстатаваў кіраўнік дзяржавы, ніхто асабліва не панствуе.

— 500 долараў, або 1000 рублёў, пра якія мы казалі — з такой вялікай цяжкасцю ва ўрада і ў тым ліку Нацыянальнага банка з падкантрольнымі банкамі, так цяжка ідзе гэтае пытанне. Дык давайце будзем адпавядаць і ў банкаўскай сістэме гэтай праблеме. Гэта значыць, зарплата павінна быць заробленай — заўсёды банкіры пра гэта кажуць. І я іх у гэтым падтрымліваю: па ўсёй краіне дарэмнай платы быць не павінна.

Значыць, зрабіў вывад Аляксандр Лукашэнка, і ў банкаўскай сістэме зарплата павінна быць заробленай. Звярнуўся ён і да тэмы бонусаў (так, у сферы раздзяляюць зарплату і бонусы) — маўляў, яны зарплатай не лічацца. Кіраўнік дзяржавы з гэтым не згодны:

— А што, гэта не грошы? Можна выбудаваць такую сістэму, што ты будзеш капейкі атрымліваць на працягу месяца—года ў выглядзе зарплаты, а бонусамі можна падавіцца, як у народзе кажуць. Таму давайце глядзець у цэлым на тое, як гэта будзе выглядаць.

Прэзідэнт выказаў пажаданне, каб сярэдняя зарплата ў банкаўскай сферы была падобная да сярэдняй зарплаты па краіне:

— Каб банкаўская сістэма не была, цытую народ, «зборышчам тлустых катоў». Гэта кажуць не толькі рабочыя і сяляне, гэта кажа ўся інтэлігенцыя. Банкаўскія работнікі павінны адпавядаць таму ўзроўню, які склаўся ў краіне, — па заработнай плаце і даходах.

У аснове будзе сістэмнасць

Аляксандр Лукашэнка, слухаючы даклад па тэме, даручыў распрацаваць выразную сістэму аплаты працы кіраўнікоў банкаў у краіне. Так, заработная плата топ-менеджараў асобных банкаў у нашай краіне вельмі высокая — нашмат большая, напрыклад, чым у членаў урада.

— Мы апошнім часам, правёўшы аптымізацыю, усю заработную плату для дзяржаўных служачых выбудавалі — ад прэм'ер-міністра да старшыні сельскага Савета. Усё дакладна і пэўна. Скарачаешся, з'яўляюцца вольныя грошы — забірай, размяркоўвай сярод тых, хто застаўся, — нагадаў схему Аляксандр Лукашэнка. — Вось у гэту сістэму павінна быць уманціравана і сістэма банкаўская, у тым ліку кіраўнікоў нашых банкаў. Як вы бачыце, я тут не падзяляю прыватныя банкі і дзяржаўныя. Ёсць старшыня Нацыянальнага банка, устаноўленае яму грашовае забеспячэнне — і пачынайце танцаваць ад старшыні Нацыянальнага банка. Гэта прыкладна тое ж самае, што ад прэм'ер-міністра. У іх прыкладна аднолькавая заработная плата.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што як эканаміста яго вучылі: заработная плата павінна адпавядаць якасці і аб'ёмам выкананых работ.

— Не думаю, што кіраўнік канкрэтнага прыватнага або дзяржбанка працуе больш і больш якасна, чым старшыня Нацыянальнага банка, — адзначыў ён. — Калі так, тады трэба Прэзідэнту задумацца. Але пакуль я бачу, што гэта не так, таму прывязаць заработную плату з бонусамі і іншым да старшыні Нацыянальнага банка — гэта цалкам нармальна.

Банкаўская сістэма, крэдытна-фінансавыя арганізацыі не павінны выступаць з агульнай сістэмы дзяржавы — асноўны пасыл учарашніх тэзісаў кіраўніка дзяржавы. Ён запатрабаваў ад урада і перш за ўсё ад Нацбанка распрацаваць дакладную сістэму аплаты працы кіраўнікоў банкаў. Яна, падкрэсліў Прэзідэнт, павінна быць справядлівай і працаваць па-чалавечы. Прэзідэнт папярэдзіў аб адказнасці за вынік і выкананне яго даручэнняў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Па справядлівасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.