Вы тут

Ёсць людзі, якім надзвычай цяжка адмовіцца ад тытуню


Але гэта не азначае, што і спрабаваць не варта.

Жанчына з каляскай і цыгарэтай у руках — не такая ўжо рэдкасць. Падыдзі ты, скажы, каб яна падумала, што робіць... Пачуеш, што гэта яе «асабістая справа». На жаль, не асабістая. Шкода пасіўнага курэння даказана. У нашай краіне нямала і дзяцей, і дарослых, ды што там — свойскіх жывёл, якія пакутуюць з-за таго, што знаходзяцца побач з чалавекам, які разважае як гэта маладая мамачка. Пра жывёл — зусім не жарт. У ЗША з'явіліся нават ветэрынары-анколагі. Сабакі і каты, якія жывуць у сем'ях курцоў, урэшце пакутуюць ад анкалагічных захворванняў, а значыць, маюць патрэбу ў адпаведным лячэнні... У нас таксама пакутуюць. І гінуць.


Чаму штогадовае правядзенне сённяшняга Міжнароднага дня адмовы ад тытуню ініцыюе Міжнароднае агенцтва па раку? А таму, што найбольшыя страты ад курэння звязаны з развіццём анкалагічных захворванняў.

— Людзі не жадаюць гэта чуць, бо рак — захворванне пажылых, тых, каму за шэсцьдзясят, а курэнне пачынаецца, калі табе 18—20 і ты разважаеш на ўзроўні «а ці ёсць жыццё пасля пяцідзесяці?» — адзначае загадчык аддзела арганізацыі супрацьракавай барацьбы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, кандыдат медыцынскіх навук Павел МАІСЕЕЎ. — Сацыяльная рэклама МНС «Курэнне ў ложку забівае» збівае з толку. Можна падумаць, што не ў ложку тытунь гэтага з намі не робіць. Сёння мы дасягнулі важкіх вынікаў — лечым той жа рак лёгкіх не горш, чым у ЗША (вынікі, па меншай меры, супастаўляльныя), але ж расслабляцца не варта.

Не так даўно рак лёгкага быў лідарам у спісе іншых відаў анкалагічных захворванняў у мужчын, але цяпер апусціўся на другое месца (на першае выйшаў рак прастаты). Здаецца, рак лёгкага адступае? Дзе там! Штогод захваральнасць прырастае на тры працэнты. Летась захварэла каля 4800 чалавек. Нямала для нашай краіны, асабліва калі ўлічыць, што палова гэтых людзей гіне пасля пастаноўкі дыягназу на працягу года. Рак лёгкага дрэнна дыягнастуецца і дрэнна паддаецца лячэнню. (Поспех мае толькі лячэнне на першай стадыі.)

Сёння шмат аматараў пагаварыць пра тое, што рак лёгкага зусім неабавязкова выклікаецца тытунем: маўляў, ёсць жа яшчэ і шкоднае навакольнае асяроддзе. Ёсць. Але і рак лёгкага не адзіная ў гэтым сэнсе праблема: ёсць яшчэ рак ротавай поласці і глоткі, мачавога пузыра, шыйкі маткі... Дарэчы, у Еўропе сёння захваральнасць на рак лёгкага хутчэй расце менавіта сярод жанчын.

Незваротныя змяненні будуць у любога, хто курыць працягла. І ўсё ж такі кідаць трэба. Гэта хоць бы знізіць рызыку развіцця не толькі анкалогіі, але і сардэчна-сасудзістай паталогіі, цукровага дыябету, абструктыўнай хваробы лёгкіх. У групу рызыкі развіцця ўсёй гэтай паталогіі трапляюць і тыя, хто вымушаны жыць, працаваць, адпачываць або проста стаяць на прыпынку побач з залежным ад адной з самых шкодных звычак.

У свеце налічваецца звыш 1 млрд курцоў. Штогод каля 6 млн гінуць ад тытуню і пасіўнага курэння. Гэта 12 працэнтаў усёй мужчынскай і 6 працэнтаў усёй жаночай смяротнасці. Кожны другі курэц памірае ад захворванняў, звязаных менавіта з курэннем. Яно скарачае жыццё на 10 гадоў. Тытунь уносіць асноўны ўклад у развіццё інфаркту міякарда, інсульту, сардэчнай недастатковасці, заўчаснае старэнне сасудаў.

Паводле айчынных даследаванняў, у нас кураць 29,6 працэнта насельніцтва, сярод мужчын — 48 працэнтаў, сярод жанчын — 12,6. У гарадской мясцовасці кураць 43 працэнты людзей, у сельскай — 54.

«Праз 5 гадоў пасля развітання з курэннем рызыка развіцця ішэмічнай хваробы сэрца пачынае зніжацца дзесьці ў два разы. Чым раней кінуць курыць, тым, вядома, лепш для нашай працягласці жыцця. Калі вы кінулі ў 30, то павялічваеце працягласць жыцця на 10 гадоў, а калі ў 50, то ўжо толькі на 6», — кажа загадчыца лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі РНПЦ «Кардыялогія» Вольга ПАЎЛАВА.

Каля 70 працэнтаў сярод тых, хто спыніўся, пачынаюць курыць зноў на працягу першых трох месяцаў. Аднак з кожнай наступнай спробай «завязаць» імавернасць канчатковага спынення ўзрастае. Некаторым, праўда, патрабуецца дапамога ўрачоў-спецыялістаў, якія працуюць у наркадыспансерах.

— У нас функцыянуе кабінет па лячэнні нікацінавай залежнасці ў амбулаторных умовах, — паведамляе загадчыца сектара Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Іна БЯЛАЕЦ. — У адзін сеанс коштам 41 рубель уваходзіць кансультацыя ўрачоў псіхіятра-нарколага і псіхатэрапеўта, псіхолага. Можа быць прызначана медыкаментознае лячэнне. Многія пацыенты маюць у першую чаргу моцную псіхалагічную залежнасць, яны кажуць, што ім трэба нечым заняць рукі, што гэта штосьці накшталт «эфекту соскі».

Паводле апошніх даследаванняў, частка людзей, дзесьці каля 10 працэнтаў, мае гены, якія перашкаджаюць лёгка развітацца з «соскай». Таму анколагі кажуць, што самы эфектыўны спосаб кінуць курыць — выдаліць лёгкае. Дапамагае 70 працэнтам онкапацыентаў. Аднак астатнія 30 робяць зацяжку адразу пасля аперацыі. І тут можна западозрыць генетычную залежнасць. Не за гарамі той час, калі можна будзе расшыфраваць сваю генетычную карту і выявіць гены, адказныя за залежнасць ад тытуню.

За мяжой у розных арганізацыях ёсць вопыт заахвочвання работнікаў, якія не кураць. Праўда, праверыць/паверыць, што чалавек сапраўды не курыць, няпроста. У нашай краіне больш арыентуюцца на стымуляванне здаровага ладу жыцця ў прынцыпе — кажуць, сям-там набываюць абанементы ў басейн, прэміруюць самых здаровых. Шкада толькі, што практыка не атрымлівае шырокага распаўсюджвання.

Тэрыторый, цалкам свабодных ад курэння, у нас пакуль малавата. Хоць яны ёсць, і гэта добра. Дзейнічаюць і іншыя добрыя меры, закліканыя ўскладніць жыццё курцу і вытворцу тытунёвай атруты. На парозе і поўны пераход на новую ўпакоўку — з карцінкамі і надпісам аб шкодзе курэння памерам на палову пачкі, з абодвух бакоў. З 15 лістапада гэтага года вытворцы павінны ажыццяўляць выраб цыгарэт паводле новых патрабаванняў. Праўда, пакуль яшчэ да поўнай рэалізацыі ў абароце будзе знаходзіцца прадукцыя старога ўзору, выпушчаная да ўстаноўленай даты. Паводле замежных даных, страшныя карцінкі пра імпатэнцыю і многія іншыя негатыўныя наступствы, звязаныя з курэннем, дапамагаюць некаторым урэшце завязаць з гэтым.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Не пачынайце! А пачалі — кідайце!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».