Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Дрэс-код паняволі

Сярод людзей (а тым больш маладых), мусіць, няма такіх, хто не хацеў бы адзявацца прыгожа, зручна, модна. Шкада вось толькі, што яна, гэта мода, хутка мяняецца, што за ёй не паспяваеш нават сачыць, а ўжо адпавядаць...

У 50—60-я гады мінулага стагоддзя мы, хлопцы, фарсілі, помню, у «кляшах» (лінейкай мералі, у каго яны шырэйшыя). Што, дарэчы, зручна было, бо прыкрывала абутак, у некага — не вельмі новы, у некага — не вельмі чысты...

Потым на змену кляшам прыйшлі порткі-дудачкі. Каб надзець альбо зняць іх, патрабавалася часам дапамога сяброў ці некага з сямейнікаў.

Гэты ж строй дапаўнялі чаравікі-лыжы з доўгімі вузкімі насамі. А вось галаўныя ўборы тады наогул не прызнаваліся. У выніку ў маразы ды непагадзь сапраўдная пакута была: адмярзалі і вушы, і ногі. У клуб або з клуба хлопцы несліся подбегам, а калі даводзілася праводзіць дзяўчыну, — альбо разам з ёй «вытанцоўвалі», альбо лезлі цалавацца (так хоць трохі цяплей было).

Зрэшты, што тут казаць пра хлопцаў, калі ў пагоні за модай першымі былі не яны: іх, як заўжды, абганялі дзяўчаты.

...Гэтая чацвёрка маладых і прыгожых не сказаць, каб паміж сабой вельмі сябравала: проста працавала ў адной досыць паважанай установе і таму часцяком трымалася разам. Ва ўсякім разе, на розных нарадах ды пасяджэннях месцы займала побач — у першым радзе, перад самай трыбунай ды сталом прэзідыума (без іх тады ніякіх збораў не было)...

Выбару адзення, трэба сказаць, таксама: усе куплялі тое, што зрэдку з'яўлялася ў продажы, альбо даставалі недзе тканіну і шылі сабе на заказ.

Дык вось неяк усе чацвёра згаданых маладзіц (што цікава — кожная паасобку) прыкупілі па адрэзе вельмі моднага ў той час яркага з узорамі крымплену і пашылі сабе новыя сукенкі. Вядома ж, з улікам моды і ўласных густаў. У адной сукня атрымалася кароткая, з кароткім рукавом і какеткай, з накладнымі кішэнькамі, у другой — ужо даўгаватая, адразная па таліі і з пасачкам, у трэцяй (самай фігурыстай) — міні з глыбакаватым дэкальтэ, чацвёртай вельмі пасавалі каўнерык-стойка ды рукавы ліхтарыкам...

І вось неўзабаве склікаецца нейкі ўрачысты сход. Людзі пакрысе збіраюцца ў зале і, вядома ж, бачаць, як туды ў новай прыгожай сукенцы, у белых шпілечках, з акуратным начосам заходзіць Ніначка. Прыгажунька — нічога не скажаш — кожны з мужчын «правёў» яе позіркам ажно да першага рада і «пасадзіў» у крэсла.

Потым усе і гэтак жа дружна зноў павярнулі галовы да дзвярэй, бо яны адчыніліся і ў залу ўвайшла Наталля.

Не паспелі мы сцяміць, чым канкрэтна строі дзяўчат так падобныя, а ў чым адрозныя, як у дзвярным праёме з'явілася Марына. Яе ў новай сукенцы з добра знаёмай тканіны людзі ўжо віталі не толькі ўсмешкамі, але і ціхім гулам — не то здзіўлення, не то адабрэння...

І ён не паспеў яшчэ толкам прыціхнуць, як «на гарызонце» зацокалі абцасікі чацвёртай модніцы ў сукенцы з крымплену. Яна пад дружныя апладысменты залы і завяршыла гэты «модны паказ».

...Дзяўчаты, як заўжды, сядзелі поруч, праўда, пачырванелыя — ад павышанай увагі, ад злосці ды крыўды на ўвесь свет, на сябе, сваіх швачак, сябровак... А тут яшчэ сакратар райкама «ў агонь бензіну падліў»: заняў сваё месца ў прэзідыуме, паглядзеў на дзяўчат у аднолькавых сукнях ды начальніку іх уголас сказаў:

— Малайчына ты... Здагадаўся, бач, для сваіх уніформу пашыць...

Аб чым ішла размова на тым сходзе, ніводная з дзяўчат не чула: кожная не магла дачакацца, каб гэтая «спеўка» як мага хутчэй завяршылася, каб пасля яе, па магчымасці паасобку, разбегчыся па дамах.

...Што яшчэ я дакладна ведаю, дык гэта тое, што ў сукенкі тыя яны прыбіраліся першы і апошні раз. Ніначка сваю адразу аддала малодшай сястры, Марына — занесла ў камісіёнку, Наталля некаму падарыла. І толькі Вольга трымае «абноўку» дагэтуль, каб можна было не толькі помніць самой, але і некаму расказаць (ды і паказаць яшчэ!), якія раней былі тканіны, якія фасоны і якія прыгоды з тым, што сёння называюць замежным словам «дрэс-код».

Мікалай Ю.

Брэсцкая вобл


Урокі прафесара А.

Некалі ў нашым універсітэце гісторыю Беларусі выкладаў прафесар А. — высокі, мажны, з саліднай барадой...

Прадмет свой ён ведаў, трэба разумець, бездакорна і такога ж ведання патрабаваў ад іншых. У выніку студэнтам, каб адказаць на пытанні білетаў, трэба было помніць проста безліч розных прозвішчаў, розных дат. Гэта магло ўратаваць іх ад дрэнных адзнак, ад пераздач, але ж не заўжды, бо на экзаменах ці заліках усё роўна можна было «засыпацца»: гісторык вельмі любіў дадатковыя пытанні...

Ён жа вельмі не любіў, калі нехта сядзеў на падаконніку. А між тым яны ў галоўным корпусе БДУ былі шырокія, вабныя — так і падмывалі ўзабрацца.

Дык вось. Аднойчы дзве студэнткі філфака прыйшлі здаваць залік па гісторыі. Адна хуценька села на падаконне і разгарнула падручнік.

— Злезь, — загадала ёй другая, — а то зараз будзе ісці прафесар. Убачыць — мала не падасца.

— Не ўбачыць, — адмахнулася першая, — бо я тут жа саскочу.

Добра было так сказаць, а вось зрабіць... Выкладчык з'явіўся настолькі нечакана, што дзяўчына, якая сядзела на падаконніку, нават зварухнуцца не змагла — застыла на месцы.

Откуда ты, прелестное дитя? — фразай з Пушкіна спытаў у яе прафесар.

— З трэцяга курса, з філфака, — заліўшыся чырванню, ледзь прамовіла Таня.

— Да мяне на залік прыйшлі?

— Да вас...

— Цудоўна. А на падаконніку сядзець непрыгожа, — прамовіў ён і пайшоў у свой кабінет. Студэнткі засталіся ў калідоры.

— Усё, зараз «зарэжа», — толькі што не плакала Таня. — Я залік яму ніколі не здам.

— Трэба паспрабаваць, — настойвала сяброўка, — іншага ж выйсця няма. А раптам пашчасціць?

...Як не сваімі нагамі «парушальніца парадку» ўваходзіла ў прафесарскі кабінет, цягнула білет.

Аднак на месцы змагла-такі неяк засяродзіцца, узяць сябе ў рукі: на пытанні білета адказвала добра. Не разгубілася і тады, калі прафесар спытаў, лёс якога партыйнага дзеяча пакладзены ў аснову фільма «Чырвонае лісце» ды якая рука ўзнятая ў Леніна на помніку каля Дома ўрада...

У выніку прафесару нічога не заставалася, як паставіць Тані залік, уручыць залікоўку ды нагадаць пра падаконнік.

Хоць мог і не нагадваць: Таня і так дзясятаму заказала.

Раіса Хвір,

г. Нясвіж


Іграй, музыкант!

Глядзела неяк тэлеперадачу пра дзяцей-уцекачоў, і выплыла з памяці даўняе-даўняе, ды так яскрава...

Гэта быў мой першы працоўны водпуск. Я ехала дамоў з перасадкай у Оршы. Вакзал там — месца бойкае, шумнае, народу шмат. Але ж вочы міжволі вярталіся да адной кампаніі. Гэта былі салдаты, якія, падобна, адслужылі недзе ў Польшчы ці Германіі (форма на ўсіх з іголачкі, чамаданы прыгожыя...). І сярод іх — дзіця, хлопчык гадкоў сямі ці васьмі: ён нешта цікавае расказваў салдатам, тыя — рагаталі...

Потым гэты рогат пачуў паставы — зрабіў колькі крокаў у бок кампаніі, і малога тады як ветрам садзьмула!

Мне здавалася — назусім, неяк шкада нават стала...

Але ж не: варта было паставому адысціся, як хлопчык з'явіўся зноў. «Ведае, шэльма, да каго прысуседзіцца, — падумала я. — Значыць, не паскупіліся вайскоўцы — прывецілі, нечым пачаставалі...»

Тым часам аб'явілі пасадку на цягнік да Ленінграда. Салдаты пайшлі да выхаду, малы падаўся за імі. А ў дзвярах зноў узнікла міліцыя: мальца за руку — і ў дзяжурку.

Я зноўку падумала, што больш не ўбачу яго. І зноў памылілася, бо высветлілася, што мы з ім селі ў адзін цягнік (хоць і ў розныя вагоны) і выйшлі таксама на адной і той жа станцыі. Праўда, па-рознаму: я самахоць, а хлопчыка, прычым моцна трымаючы за руку, вывеў міліцыянер і перадаў мужчыну (падобна — бацьку). Цяпер ужо той адной рукой трымаў дзіця, а другой — падпісваў нейкія паперы.

...Дома я, вядома ж, хацела расказаць пра гэту сустрэчу, але сястра адразу перапыніла, сказала:

— О, дык гэта ж землячок наш, Верабей! Яго бацькі на чыгунцы працуюць і жывуць каля самай станцыі. А яму на тых выселках сумна, відаць: сяброў няма, да вёскі далекавата. Вось ён і панадзіўся на цягніках катацца. То ў пасажырскі прашмыгне, то, калі не ўдасца, на таварным куды паедзе. Дзе толькі не лавілі яго!.. З маскоўскага цягніка неяк знялі. А цяпер, бач, на Ленінград намыліўся...

«Бяда ў людзей», — падумала я і, наступны раз едучы дамоў, ужо «шукала» вачыма таго Верабейку — у цягніку, на вакзале... Аднак хлопчыка нідзе не было.

— Можа, не ўцякае ўжо? — па прыездзе спытала ў сястры.

— Не, — засмяялася тая. — У яго бацькі цярпенне тады яшчэ лопнула: гэта ж ён колькі штрафаў сплаціў, колькі нерваў спаліў... Малога ў дзетдом хацелі забраць, каб не бадзяжнічаў... Дык бацька з ім, як са збродлівай каровай: купіў метраў дваццаць ланцуга, навязаў, а ў рукі даў гармонік... І што ты думаеш? За лета асвоіў, навучыўся іграць, ды так, што заслухаешся! Любую песню, любую мелодыю па радыё пачуе і ўраз падбярэ. Пры справе цяпер, дык чаго ўцякаць?

...Па сённяшнім часе бацьку за такія адносіны да дзіцяці, відаць, уляцела б па першае чысло! Ды і тады... Негуманны ўчынак. Але ж добра ўсё, што добра канчаецца. Малы той, пэўна, жывы і здаровы яшчэ. Можа, дзе ў аркестры іграе? Можа, кампазітарам стаў?

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.