Вы тут

Канфлікт або кааперацыя?


Ініцыятыва Кітая «Адзін пояс — адзін шлях» накіравана на павелічэнне канфрантацыі або на кааперацыю паміж самымі буйнымі сусветнымі ігракамі?


У аснове ініцыятывы ляжаць шматлікія інтарэсы Кітая, якія немагчыма звесці да адной геапалітычнай парадыгмы.

Ініцыятыва «Адзін пояс — адзін шлях» адпавядае трэндам глабалізацыі.

Па-першае, глабалізацыя характарызуецца рэзкім ростам тавараабароту ў сусветных маштабах, а гэта немагчыма зрабіць без паляпшэння гандлёвых маршрутаў, у тым ліку рэанімуючых, якія актыўна выкарыстоўваліся ў мінулым, але прыйшлі ў заняпад з тых ці іншых прычын.

Па-другое, глабалізацыя спрыяе тэхналагічнаму росту, што выяўляецца ў з'яўленні тэхналогій, якія робяць сухапутныя маршруты з вялізным лагістычным плячом больш прывабнымі, чым раней, у параўнанні з самымі таннымі ў свеце марскімі маршрутамі. Кітай ужо мае самы сур'ёзны ў свеце зачын па выкарыстанні хуткасных чыгунак, у яго ж ёсць і самы прасунуты тэхналагічны патэнцыял у гэтай сферы.

Па-трэцяе, глабалізацыя вывела на парадак дня пытанне больш жорсткай канкурэнцыі паміж вытворцамі. Жыццёвы цыкл многіх тавараў імкліва скарачаецца. Становіцца крытычна важным не проста вырабіць хутка найноўшы тавар, але і даставіць яго першым спажыўцам. Той, хто можа з гэтым справіцца, атрымлівае найбольшы прыбытак. Той, хто спазняецца, задавольваецца рэшткамі. Кітай, які валодае найбольшым прамысловым патэнцыялам у свеце, найбольш востра сутыкаецца з гэтай дылемай. З аднаго боку, ён зацікаўлены ў тым, каб заводы і працоўныя месцы заставаліся на яго тэрыторыі. З іншага — Еўрапейскі саюз з'яўляецца адным з трох яго найлепшых рынкаў, і кітайскія тавары павінны з'яўляцца на ім раней, чым у яго азіяцкіх і амерыканскіх канкурэнтаў для максімізацыі прыбытку. Марскія перавозкі да ЕС з Кітая займаюць 5—6 тыдняў, і пагружаны на караблі тавар часта старэе да моманту дастаўкі. Чыгуначныя перавозкі скарачаюць час удвая пры выкарыстанні існуючых маршрутаў, пабудаваных у асноўным на базе састарэлых тэхналогій мінулага стагоддзя. Будаўніцтва хуткасных чыгунак па наяўных у КНР тэхналогіях скароціць час дастаўкі тавару з Кітая да рынкаў ЕС да двух-трох сутак. Працоўныя месцы і фабрыкі застануцца ў Кітаі, а тавар будзе раней, чым у іншых азіяцкіх канкурэнтаў, трапляць на выгадны рынак ЕС, здымаючы максімальныя вяршкі з продажаў.

Па-чацвёртае, Кітай аб'ектыўна з'яўляецца краінай, якая атрымлівае найбольшыя выгады ад глабалізацыі. У выніку ў яго з'явіліся велізарныя фінансавыя актывы, якія пераграваюць кітайскі рынак сваёй прысутнасцю. Гэта небяспечная сітуацыя, якая цягне за сабой узнікненне «фінансавых бурбалак». Частка фінансавых актываў Кітая выводзіцца ў астатнія краіны Азіі, найбольш звыклы рэгіён для інвеставання для кітайскіх прадпрымальнікаў. Але хутка і Азіі будзе мала. Таму трэба прывучаць кітайскі бізнес інвеставаць за межы Азіі, чаму адпавядае і выхад Кітая на перадавыя пазіцыі ў свеце па памеры эканомікі. Праблема ў тым, што многія кітайскія бізнесмены баяцца інвеставаць за межы Азіі. Там для іх зусім нязвыклыя ўмовы, якія адрозніваюцца ад Азіі не ў лепшы бок, пачынаючы ад менталітэту работнікаў да складанага працоўнага заканадаўства і строгіх экалагічных патрабаванняў. Але прывучаць іх да новых прастораў і размаху кітайскай эканомікі ў сусветным маштабе трэба. Ініцыятыва Кітая «Адзін пояс — адзін шлях» дазволіць асвоіць сотні мільярдаў долараў «лішніх грошай» па-за межамі Кітая, а таксама стварыць інфраструктуру КНР на тэрыторыі Еўразіі, якая будзе прадстаўляць для кітайскіх інвестараў «астраўкі» кітайскай прысутнасці, узаемадзейнічаючы з якімі лягчэй пойдзе і працэс інвеставання, у тым ліку і на тэрыторыі геаграфічнай Еўропы.

З геапалітычнага пункту гледжання Кітай памятае пра тое, што напад Японіі на ЗША ў 1941 годзе стаў адказам на блакаду падвозу сыравінных рэсурсаў, без якіх не магла развівацца японская эканоміка. Безумоўна, такая блакада была адэкватным адказам на агрэсіўную палітыку Японіі ў рэгіёне. У той жа час рост кітайскай эканомікі непазбежна прыводзіць і да росту супярэчнасцяў з ЗША, якія ўжо прызвычаіліся да сітуацыі, калі з'яўляюцца «адзінокай звышдзяржавай». Дзяліцца з Кітаем нічым не хочацца, але давядзецца ў сілу маштабу яго росту. У такой сітуацыі аднойчы стратэгам ЗША можа прыйсці ў галаву заблакіраваць марскія перавозкі сыравіны для Кітая, каб нагадаць яму, у каго ёсць бясспрэчная ваенная перавага на моры, і прытармазіць яго амбіцыі. Калі да таго часу выбудаваць хуткасную сетку чыгунак па Еўразіі, удар станецца не такім сур'ёзным — можна будзе арганізаваць падвоз часткі прыродных рэсурсаў, якія цяпер пастаўляюцца морам, па сушы.

Такім чынам, ініцыятыва «Адзін пояс — адзін шлях» сама па сабе не з'яўляецца выклікам дамінаванню ЗША, спараджаючы канфлікты, а нацэлена на рэалізацыю жыццёва важных інтарэсаў Кітая, перш за ўсё ў сферы эканомікі і бяспекі. Канфліктны патэнцыял з ЗША нарастае незалежна ад яе, у сілу самога факта рэзкага павелічэння патэнцыялу Кітая.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук, прафесар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.