Вы тут

Адноўленая па-еўрапейску Свіслач прыме абласныя Дажынкі


У суботу гродзенскія аграрыі збяруцца ў райцэнтры, каб ушанаваць хлебаробаў і падвесці вынікі сельскагаспадарчага года.

Як паведамілі ў абласным камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні, на свята збярэцца каля 200 удзельнікаў уборачнай кампаніі, найлепшыя жывёлаводы і спецыялісты, ветэраны працы.


Гаспадары фестывалю сустрэнуць дэлегацыі з розных куткоў вобласці на мяжы Свіслацкага раёна песнямі і караваямі, пасля гэтага госці пазнаёмяцца з адноўленым горадам. Трэба сказаць, што Свіслач не толькі змянілася знешне, але набыла шэраг новых аб'ектаў, у тым ліку прыгожы сімвал. Ім стала скульптура «Графскі шпіль» у цэнтры горада. Таксама падчас Дажынак у гарадскім парку адбудзецца адкрыццё дзвюх спартыўных пляцовак, у тым ліку трэнажорнай. Яшчэ адзін спартыўны аб'ект пачне функцыянаваць у спартыўнай школе — тут адноўлена барцоўская зала.

У райцэнтры адрамантаваны фасады адміністрацыйных будынкаў, дамоў, гандлёвых аб'ектаў. Па-новаму выглядае Дом культуры, дзе адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання найлепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу рэгіёна.

Не засталіся ўбаку і камунальныя службы вобласці. Разам з работнікамі прафсаюза мясцовай прамысловасці яны прынялі ўдзел у афармленні горада кветкавымі пано, дэкаратыўнымі кампазіцыямі.

Арганізатары свята абяцаюць шэраг відовішчаў. У парадзе на пазадарожніках і квадрацыклах выступяць удзельнікі клуба «Белавежскія зубры», сярод якіх прадстаўнікі Беларусі, Літвы, Латвіі, Расіі. Пасля парада яны правядуць кальцавую гонку, траса якой праходзіць праз Белавежскую пушчу. Мінскі аэраклуб арганізуе паказальныя выступленні парашутыстаў. Аматары вышыні змогуць здзейсніць аглядныя палёты над горадам на верталёце МІ-2.

Дзяцей будзе забаўляць двухметровы робат-трансформер, які правядзе інтэрактыўныя гульні. Увесь цэнтр стане горадам майстроў.

З'явіцца ў горадзе і новая алея з 19 скульптур у выглядзе жывёл — насельнікаў Белавежскай пушчы. Такі падарунак сталіцы абласных Дажынак зрабіў кожны раён Гродзеншчыны.

Галоўнай урачыстасцю стане ўшанаванне работнікаў АПК, і ў першую чаргу, хлебаробаў, якія ўдала правялі сёлетнюю ўборачную кампанію. У вобласці атрымана 1 млн 365 тыс. тон зерня, што складае 120% да мінулагодняга ўзроўню. Сярэдняя ўраджайнасць — 42 ц/га. Найлепшымі ў вытворчасці зерня традыцыйна з'яўляюцца хлебаробы Гродзенскага раёна, якія атрымалі ўраджайнасць 75 ц/га. А ў вытворчым кааператыве імя В. І. Крамко гэты паказчык складае 110 ц/га. Лідарам сельскагаспадарчай вытворчасці будуць уручаны ганаровыя граматы і грашовыя прэміі.

Вызначыліся сталіцы наступных Дажынак. Налета фестываль прыме Іўе, а ў 2019 годзе — Смаргонь. Планаванне неабходна пры фарміраванні абласнога бюджэту, куды будзе закладзена і работа па падрыхтоўцы населеных пунктаў да рэгіянальнага свята.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?