25 Верасень, аўторак

Вы тут

Вясёлка ў лістападзе


Вясковец-пенсіянер з Салігоршчыны Рыф Сібагатулін вырашыў «амаладзіць» свой дом і аздобіў фасад яркай мазаікай. Для гэтага яму не спатрэбіліся сучасныя будматэрыялы накшталт вагонкі і сайдынгу, фарбаў і лакаў. Ён знайшоў свой метад — арыгінальны, танны і даступны для кожнага. Майстар і мастак у адной асобе, ён лічыць: каб «пераапрануць» дом у такі прывабны строй, трэба мець трохі цярпення, вобразнае ўяўленне сваёй ідэі і любоў да калекцыянавання.


Убачыўшы гэты вясёлы дом у вёсцы Плянта Салігорскага раёна, адразу ўспомніў дзіцячую цацку — калейдаскоп: паглядзіш у шкляное акенца — а там якога толькі дзіва няма: і зорачкі, і ромбікі, і кветачкі. Вось і гэтая вясковая пабудова з ярка выражанай мазаікай на фасадзе нагадвае вясёлку на фоне шэрага лістападаўскага неба! Казка! Як тут не спыніцца?!

Заінтрыгаваны, хапаю фотакамеру, углядаюся ў выразны рытм сініх, белых і чырвоных ліній, «чытаю» маляўнічую кветкавую паляну на франтоне. Толькі цяпер даходзіць, што перада мною — ілюзія: замест алейных фарбаў выкарыстаны накрыўкі ад пластыкавых бутэлек. Аказваецца, такая звычайная рэч можа стаць выразным сродкам і выявіць мастакоўскія і дызайнерскія здольнасці. Згадзіцеся, у немудрагелістым, на першы погляд, сюжэце прасочваецца і дасканалая кампазіцыя, і бездакорная сіметрыя, і валоданне колеравай гамай. Хацеў бы я ведаць, хто гэты творца. Не сумняваюся, ён — сапраўдны рамантык і проста жыццярадасны чалавек!

А вось гаспадар і сам выходзіць на ганак — усмешлівы, прыветлівы, як і яго дом. Запрашае ў двор, прадстаўляецца: «Рыф Зуфаравіч Сібагатулін, але для ўсіх проста Раман».

З маленькага інтэрв'ю я дазнаюся, што Раман з Башкірыі, яму шэсцьдзясят тры гады, у Беларусі жыве з 1978 года. А па прафесіі — нафтавік, бурыў скважыны. Апошнія дзесяць гадоў жыве ў вёсцы, перад пенсіяй працаваў у Салігорскай ЖКГ. На гэтай пасадзе і «захварэў» збіраннем накрывак.

— Я даўно выношваў ідэю, каб рознакаляровымі накрыўкамі аздобіць фасад свайго дома, — кажа Раман. — Тры гады збіраў калекцыю, а гэта амаль трынаццаць тысяч штук. Работа ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы дапамагала. Гэтай колькасці накрывак хапіла на ўзоры паміж вокнамі, на вуглы, на франтон і агароджу кветніка.

Сваё дызайнерскае рамяство Раман практыкуе зімой. На фанерныя лісты наносіць эскіз, дакладна вымярае прастору і шрубавёртам прымацоўвае накрыўкі (гэта ж колькі трэба шрубаў?!). Сіметрыя павінна быць ідэальная. Потым гатовую мазаіку прыбівае да сцяны дома. І гэтак ад зімы да зімы, з году ў год. Тры зімы спатрэбілася, каб нарэшце на фасадзе з'явіўся выразны малюнак, падобны на арнамент. Але работа яшчэ не скончана, таму Раман будуе планы і на гэтую, і на будучую зіму. А таму па-ранейшаму збірае галоўны матэрыял для свайго праекта — бутэлечныя накрыўкі.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.