25 Верасень, аўторак

Вы тут

Пра Адэсу з гумарам і без


«А шо вы глядзіце на экран? Ідзіце і глядзіце Адэсу» ...Я збіралася ў адпачынак. Пачынаўся кастрычнік, а мне вельмі хацелася да мора — і нават не купацца, а проста пахадзіць па ўзбярэжжы, паслухаць шум прыбою, падыхаць салёным паветрам. Сядзела за камп'ютарам, думала пра Балтыку, але выпадкова націснула на рэкламную спасылку і перайшла на сайт адэскай турфірмы. І першае, што ўбачыла, — гэты радок: «А шо вы глядзіце на экран?»... Так на працягу 10 хвілін я вызначылася з напрамкам.

Безумоўна, я разумела, што наўрад ці рэальныя адэсіты будуць сыпаць направа і налева жартамі і дасціпнымі фразамі, але падспудна, мабыць, усё ж спадзявалася на нешта падобнае. У выніку, як і ў любой паездцы, было і смешнае, і сумнае, і кранальнае, і тое, што прымусіла задумацца...


Сла­ву­ты адэ­скі дом з ад­ной сця­ны.

«А шо вы не стаіце ў мяне над душой?»

Адны з першых мясцовых жыхароў, з якімі сутыкаецца турыст у любым пункце свету, — гэта кіроўцы. Не буду зараз пісаць пра таксістаў, якія ўсюды стараюцца хоць крыху, а часам і без меры, зарабіць на даверы прыезджых (наступным днём адзін з іх прапанаваў адвезці мяне на Дэрыбасаўскую, ад якой я была за 200 метраў). Але мяне здзівілі кіроўцы адэскіх маршрутак. Я, вядома, не так шмат ездзіла па горадзе, таму выбарка будзе нерэпрэзентатыўнай, але маршрутчыкі, з якімі давялося сутыкнуцца, усе як адзін былі меланхалічнымі і нейкімі змучанымі, а на мае спробы спытаць, дзе мне лепш выходзіць, толькі абыякава махалі рукой. Але на паверку яны аказаліся вельмі нават спагаднымі людзьмі, таму што далей усё развівалася па наступным сцэнарыі: калі я, вырашыўшы не спадзявацца на дапамогу кіроўцы, глядзела па баках і прыкідвала, ці не пара ўжо спытаць пра патрэбную вуліцу ў іншых пасажыраў, ён, як правіла, сам звяртаўся да мяне: «А шо вы не стаіце ў мяне над душой? Вам праз тры (адзін, пяць ці два) прыпынкі выходзіць!» А адзін нават спыніўся, каб высадзіць мяне не на прыпынку, а там, дзе мне, на яго думку, будзе зручней.

Хоць спыніцца не на прыпынку можа і адэскі трамвай! Я надоўга запомню кіроўцу трамвая нумар пяць, які са сваёй кабінкі гучна каментаваў усё, што адбывалася ў яго полі зроку. Спыніўшыся на святлафоры, ён убачыў на скрыжаванні сваю знаёмую і стаў ёй гукаць... Потым спыніўся недзе па дарозе, каб падабраць чалавека, і тут жа закрычаў: «Ды асцярожней ты, пад машыну не пападзі, я не хачу з-за цябе сесці!» Што да яго асабістага жыцця, то, пакуль я ехала, з гучнагалосых размоў мімаволі даведалася, што ён кіруе трамваем ужо пяць гадоў, да гэтага працаваў на трох працах адначасова, вельмі стамляўся і грошай пастаянна не хапала...

Так, у нас таксама па многіх вакансіях прапануюць невысокія аклады, але і пра ўкраінскія зарплаты мы ўсе шмат чулі. Гід, які водзіць экскурсіі па знакамітых адэскіх катакомбах, аказаўся па адукацыі доктарам. На маё пытанне, чаму не працуе па спецыяльнасці, адказаў сустрэчным пытаннем. (Дарэчы, тыпова адэская з'ява. Тут нават жартуюць: «Адэсіта пытаюцца: Ці праўда, што ў вас усе адказваюць на пытанне пытаннем? — Хто вам такое сказаў?») Дык вось, ён адказаў: «А што мне, за 150 долараў працаваць?»

***

Між іншым, экскурсій па Адэсе шмат, і яны не надта дарагія. Можна пахадзіць па «літаратурнай Адэсе», азнаёміцца з «бандыцкай Адэсай», ёсць экскурсіі па месцах здымак «Ліквідацыі», гастранамічныя туры, прагулкі з экскурсаводам па адэскіх вуліцах і дворыках... На жаль, цяпер шматлікія скразныя або проста цікавыя дворыкі зачыненыя мясцовымі жыхарамі, але экскурсавод правядзе вас па іх і з сапраўдным адэскім гумарам раскажа займальныя гарадскія гісторыі, якія дазволяць адчуць той самы каларыт, дзеля якога варта ехаць у Адэсу.

Асабіста мне менавіта на экскурсіі паказалі, куды трэба стаць на адной з маленькіх вулачак, каб убачыць дом з адной сцяны. Пры пабудове гэтага дома не хапіла грошай, і, каб скончыць праект, кемлівыя адэсіты прыдумалі арыгінальнае рашэнне. Яны ўзвялі будынак трохкутнай формы, і такім чынам зэканомілі на задняй сцяне.

З экскурсаводам я паскакала на Цешчыным мосце, каб адчуць, што ён сапраўды хістаецца. Гісторыя гэтага самага доўгага (130 м), высокага (30 м) і вузкага моста ў Адэсе таксама цікавая. Паводле легенды, ён быў пабудаваны па распараджэнні М. Сініцы — першага сакратара абкама партыі. Кажуць, гэты Сініца вельмі любіў цешчыны бліны, а жылі цешча і зяць на розных бульварах, і хадзіць акружной дарогай яму было далёка. Так і ўзнікла ў Сініцы ідэя пабудовы гэтага моста, які практычна не меў ніякага камунікацыйнага значэння для горада...

А яшчэ адзін экскурсавод параіў, як паглядзець знакаміты адэскі оперны тэатр унутры, таму што проста так зайсці ў яго днём нельга. Можна пайсці з экскурсіяй, якая каштуе 150 грыўняў. Але, раз экскурсіі па тэатры водзяць канкурэнты, наш экскурсавод падказаў купіць білет на балет або ў оперу, цэны на якія пачынаюцца ад 40 грыўняў, правесці прыгожы вечар у тэатры і ўдосталь палюбавацца і пафатаграфаваць прыгожыя інтэр'еры. «А калі не хочаце ісці на спектакль, то і не трэба: пахадзіце па тэатры і сыходзьце», — дадаў ён.

За­то­ры — бя­да Адэ­сы.

«А што вы хочаце? Дзякуй, што яшчэ вуліцы падмятаюць»...

А вось «інтэр'еры» шматлікіх адэскіх пад'ездаў непадрыхтаванага чалавека могуць, мякка кажучы, збянтэжыць. Я зайшла ў адзін такі пад'езд у доме па цэнтральнай вуліцы Спірыдонаўскай і спачатку падумала, што ён нежылы. Ну, дом стары, можа, жыхароў адсялілі...
Але, гляджу, на кожным паверсе — відэакамера. Пакуль стаяла, з кватэры на верхнюю пляцоўку «выкаціліся» два жыццярадасныя дашкольнікі і з крыкамі пабеглі міма мяне ўніз. За імі паважна выйшлі іх бацькі — прыстойнага выгляду, не бамжы якія-небудзь.

Я задала бестактоўнае пытанне:

— Скажыце, гэты пад'езд жылы?

— Жылы, вядома! — здзівіліся яны.

— А чаму тут усё так? — і я павяла рукой, далікатна абазначыўшы праблему.

— Гэта стары адэскі дом, — і, мабыць, палічыўшы тлумачэнне вычарпальным, яны накіраваліся да выхада.

А жанчына сярэдніх гадоў у двары сказала: «А што вы хочаце? Дзякуй, што яшчэ вуліцы падмятаюць»...

Шчыра кажучы, я не ўтрымалася і ад таго, каб сфатаграфаваць пару жыровак з запазычанасцю, якія ляжалі ў тым пад'ездзе. Аказалася, гэта вельмі вострая праблема для Адэсы. А філіял «Інфоксводаканал» выклаў у адкрытым доступе інфармацыю, што па стане на 1 кастрычніка агульны доўг насельніцтва горада за спажытую ваду перавысіў 140 млн грыўняў, — адзначыўшы, што ў гэтым годзе пабіты рэкорды запазычанасці за ўсю гісторыю адэскага водаканала. Спецыялісты прадпрыемства заяўляюць, што з-за неплацяжоў водаканалу катастрафічна не хапае абаротных сродкаў для пакрыцця ўсіх выдаткаў, — і гэта ў любы момант можа прывесці да спынення помпавых станцый і перабояў у пастаўцы вады.

***

... Кажуць, ніхто не застаецца абыякавым да адэскага Прывозу. Я трапіла на знакаміты рынак толькі бліжэй да вечара, калі гандлёвыя рады ўжо згортваліся, таму ўся іх маляўнічасць і каларыт, можна сказаць, прайшлі міма мяне. Тым не менш сёй-той яшчэ гандляваў. Я спынілася перад маладым мужчынам, які прадаваў грушы. 35 грыўняў? Ды гэта амаль як у нас, а як жа танная паўднёвая садавіна? Убачыўшы, што я збіраюся ісці, прадавец махнуў рукой: «Добра, бярыце за 30». Я пагадзілася. «І кінзу заадно вазьміце, — працягнуў ён мне пучок зеляніны. — Суп зварыце, ведаеце, які смачны суп з кінзой!» «Ды не трэба мне, не буду я суп варыць», — спрабавала адгаварыцца я, але прадавец не адставаў. «Добра, бярыце бясплатна, — зрабіў ён шырокі жэст. — Ад душы даю, не падумайце нічога дрэннага!» «Вось табе і байкі аб сквапных адэсітах», — толькі і падумала я. Але праз 10 секундаў высветлілася прычына такой шчодрасці. Да прылаўка падышоў іншы прадавец, а мой растлумачыў: «Гэта яго тавар...» — паклаў мне кінзу ў пакет, усміхнуўся і падміргнуў...

***

Пад'­езд «ста­ро­га адэ­ска­га до­ма».

А цяпер пра сур'ёзнае, хоць і тут не абышлося без смеху, нават калі гэта смех скрозь слёзы. У тыя дні, што я была ў Адэсе, уся Украіна — у транспарце, крамах і проста на вуліцы — абмяркоўвала пенсіі. Іх нарэшце паднялі, праўда, не ўсім (ва Украіне 12 млн пенсіянераў, пенсіі павысілі — дзевяці мільёнам). І павысілі вельмі па-рознаму: камусьці на 50 грыўняў, а камусьці — на семсот. З навін стала вядома, што пенсіі паднялі толькі тым, хто іх атрымліваў на агульных падставах, а вось ваенныя і навуковыя не пералічвалі. Акрамя таго, тыя, хто выходзіў на заслужаны адпачынак у 2014—2016 гадах, атрымалі толькі мінімальныя надбаўкі. У цэлым, мяркуючы зноў жа па навінах, большасць пенсіянераў атрымаюць прыбаўку ў 200 грыўняў (прыблізна сем долараў).

І вось уся Украіна стала цікавіцца памерамі чужых надбавак і дзяліцца інфармацыяй аб сваіх. Зразумела, што хтосьці (той, у каго надбаўка аказалася меншая) заканчваў размову моцна расчараваным...

«Майму бацьку паднялі пенсію амаль на тысячу грыўняў, ён такі задаволены!» — расказвала ў чарзе маладжавая жанчына. «Мая мама таксама была задаволеная, — адказала яе суседка. — Да таго часу, пакуль не дазналася, што куме паднялі пенсію на 500 грыўняў больш!» Увогуле, атрымалася так, што адзін радуецца, другі затаіў крыўду, а нехта так знерваваўся, што ўжо тыдзень п'е лекі ад ціску...

***

Бяз­до­мныя са­ба­кі ў Адэ­се ма­юць чы­пы.

І напрыканцы: у Адэсе, як мне падалося, шмат прыезджых. Яны выглядаюць як мясцовыя, уладкаваліся на працу і гэтак далей, але ў іх ні пра што нельга спытаць, таму што горада яны не ведаюць. Часам гэта раздражняла: у каго ні спытаеш, як прайсці, — усе толькі разводзяць рукамі (моладзь, праўда, адразу лезла ў тэлефон і шукала даведку там...). І гэта дакладна не таму, што я пыталася на рускай мове, бо ўся Адэса на ёй размаўляе.

А калі мне трэба было ад'язджаць, я выклікала праз Убер (амерыканская міжнародная кампанія, філіял якой ёсць і ў Адэсе) таксі да аэрапорта. Спачатку чакала спакойна, потым выйшла на вуліцу з чамаданам — машыны ўсё няма. А самалёт чакаць не будзе! Нарэшце тэлефануе кіроўца: «Скажыце, а дзе вы знаходзіцеся?» У майго гатэля, які каля самага мора, прыгожы адрас: пляж Ланжэрон, 65. Называю яго яшчэ раз і чую ў адказ: «А дзе гэта?»

Ён ператэлефаноўваў мне яшчэ два (!) разы, а я ў думках лічыла зніклыя грошы — званкі ж міжнародныя, праз роўмінг (так і аказалася: за размовы давялося заплаціць больш, чым за таксі). Грошай было шкада... І калі ён нарэшце мяне знайшоў, я была не надта добразычлівая.

— Вы што, не мясцовы? — спытала я.

— Не, — адказаў ён.

— І адкуль?

— Там, дзе я жыў, цяпер вайна.

Мне неяк адразу стала не па сабе. І такой дробяззю здалося ўсё, пра што я думала толькі што! Не ведаю, што там у яго з навігатарам, але, калі кампанія папрасіла ацаніць паездку, напісала «ўсё добра»...

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Ад душы даю, не падумайце нічога дрэннага!»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.