Вы тут

Чаму наркагандлярамі становяцца дзеці з забяспечаных сем'яў?


Два гады таму, каб неадкладна процідзейнічаць незаконнаму абароту наркотыкаў, заканадаўства зрабілі больш жорсткім. Тэрміны зняволення павялічылі, і за кратамі аказалася шмат людзей, у тым ліку маладых. Напрыклад, у папраўчай калоніі «Воўчыя норы» сямі з дзесяці зняволеных няма і 30 гадоў. Чаму моладзь увязваецца ў гэты бізнес? І якія меры прафілактыкі найлепшыя?


Тое, што адбывалася ў 2014 годзе, цяпер ужо не памятаюць. А тады СМІ паведамлялі аб жудасных выпадках. За той год сярод моладзі быў зафіксаваны 1351 выпадак перадазіроўкі і 53 смерці ад наркотыкаў. Менавіта гэта прымусіла дзейнічаць неадкладна і прыняць Дэкрэт №6.

— Зрабіць заканадаўства больш жорсткім было вымушанай мерай, — упэўнены намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Андрэй САЛАДОЎНІКАЎ. — Мы бачым, што ў нас становіцца менш наркотыкаў, мы навучыліся працаваць у інтэрнэце. Цяпер мы падбіраемся да асноўных лідараў. Знізілася колькасць перадазіровак: калі за першае паўгоддзе 2016-га было 485 выпадкаў, то за аналагічны перыяд сёлета — 253.

Нярэдка за распаўсюджванне наркотыкаў пападаюцца дзеці з забяспечаных сем'яў. «Яны хочуць даказаць, што штосьці могуць у гэтым жыцці, заставацца на тым жа фінансавым узроўні, да якога прывыклі, — мяркуе намеснік начальніка ўпраўлення гэтага ж падраздзялення Кацярына ШЭЛЕГАВА. — Памятаю адзін выпадак. Бацька хлопчыка валодаў сеткай заакрамаў. Калі сыну споўнілася 17, сказаў, што цяпер няхай сам сябе забяспечвае. Падлетак і пайшоў гандляваць — наркотыкамі».

Чаму дзеці ўвязваюцца ў гэты нелегальны бізнес? Па назіраннях міліцыі, усяму віной прага лёгкіх грошай. Да таго ж рэкруцеры ў інтэрнэце, якія ўцягваюць падлеткаў у гэта, выкарыстоўваюць прафесійныя псіхалагічныя метады.

— Я цяпер пасля кожнага затрымання задаю чалавеку пытанне: ці ведаў ён, што яго занятак прывядзе да кратаў? І ў большасці выпадкаў хлопцы разумелі, што пападуцца! — адзначае Андрэй Саладоўнікаў. — Вядома, для бацькоў сваё дзіця — самае лепшае. Барані бог, каб такая бяда прыйшла ў сям'ю. Але не трэба свае памылкі перакладваць на плечы іншых людзей ці абвінавачваць дзяржаву.

Па словах праваахоўнікаў, бацькі часта не заўважаюць, што іх дзеці звязаліся з наркотыкамі, бо прападаюць днямі на працы. Сям'я павінна глядзець, як адзяваецца падлетак, з кім кантактуе, якія тэлефоны ў яго з'яўляюцца, у колькі вяртаецца дадому.

— Мы хадайнічаем у Міністэрства адукацыі, каб праводзіць з моладдзю прафілактычную работу на пастаяннай і больш прафесійнай аснове, — дадае Кацярына Шэлегава. — Для нас самая вялікая праблема — установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прынята рашэнне аб унясенні змяненняў у вучэбныя планы. У дысцыпліну «Асновы права» будзе дабаўлена лекцыя «Антынаркатычная палітыка Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе». Таксама будзе выкладацца адказнасць за злоўжыванне ў грамадскім месцы і знаходжанне ў стане ап'янення. Дзяцей трэба інфармаваць, не забываць расказваць пра медыцынскія наступствы ўжывання наркотыкаў. З моладдзю павінны працаваць псіхолагі, урачы. Мы спадзяёмся выкарыстоўваць для гэтага цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў, якія існуюць на базе паліклінік. Наступным крокам павінна стаць больш прафесійная работа з бацькамі, каб яны рабілі ўсё неабходнае для бяспекі сваіх дзяцей.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Прага лёгкіх грошай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.