Вы тут

Выстаўка работ на мяжы мастацтва і навукі пройдзе ў Мінску


З 24 лістапада па 6 снежня ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры”  будзе праходзіць унікальная выстаўка работ Эвеліны Домніч і Дзмітрыя Гельфанда “Рабізна нябачных палёў”, прымеркаваная да Года навукі.


Абапіраючыся на веды ў хіміі, фізіцы і філасофіі, Эвеліна і Дзмітрый ствараюць новыя выразныя сродкі мастацтва, унікальныя творы XXI стагоддзя, якія прымушаюць па-дзіцячы здзіўляцца і задавацца пытаннямі пра магчымасці і межы сучаснага мастацтва. Замест фарбаў яны выкарыстоўваюць выпраменьванні і  іншыя фізіка-хімічныя ўласцівасці матэрыі, ствараючы асаблівае асяроддзе для сэнсарнага ўспрымання сваіх фантастычных работ. Іх работы ўяўляюць сабой сімбіёз мастацтва, фізікі, хіміі, інфарматыкі, філасофіі і фенаменалогіі.

Да мастацкай практыкі Эвеліна Домніч і Дзмітрый Гельфанд прыйшлі рознымі шляхамі. Эвеліна нарадзілася ў Мінску і мае дыплом філасофскага факультэта БДУ. Дзмітрый родам з Санкт-Пецярбурга,  у 1996 годзе ён атрымаў ступень бакалаўра выяўленчых мастацтваў (кіно і відэа) Нью-Йоркскага ўніверсітэта.  У 1997 годзе яны сустрэліся ў ЗША.  З тых часоў абодва захоплены спасціжэннем навакольнага свету і космасу, спрабуюць “расчараваць” сучасную навуку пры дапамозе незвычайных мастацкіх эксперыментаў і спецыяльна створаных для гэтага прыбораў. Выкарыстоўваючы свой досвед у галіне візуальных мастацтваў, яны ствараюць разнастайныя мастацкія інсталяцыі і перфомансы.

Іх работы былі адзначаны ганаровымі прэміямі Japan Media Arts (Японія , 2007 год), ганаровымі прэміямі Ars Electrоnica (Аўстрыя, у 2007, 2009, 2011, 2013 і  2017 гадах). Мастакі супрацоўнічаюць з многімі навукова-даследчымі лабараторыямі ўніверсітэтаў, Інстытутам сучасных навук і тэхналогій (Японія), факульт этам фізікі і астраноміі Vrije Universiteit (Нідэрланды).  У 2012 годзе яны адкрылі сваю ўласную лабараторыю “Synergetica”  у Амстэрдаме.

Праз інсталяцыі і перфомансы дуэт мастакоў дэманструе гледачам фізічныя феномены, якія ў звычайных умовах недаступныя няўзброенаму воку. Яны падштурхоўваюць усіх да больш глыбокага асмыслення навакольнага свету. Гледачы акунаюцца ў свет мнагамернай фізічнай рэальнасці і струйных патокаў фатонных выпраменьванняў…

Адкрыццё выставы адбудзецца 23 лістапада ў 17.30. Уваход на выставу бясплатны.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.