Вы тут

Вялікае пытанне вытворчасці


Усе ведаюць, што тэатр пачынаецца з вешалкі, а кіно?.. Яно пачынаецца далёка не з камеры, а з індустрыі. Здавалася б, якое дачыненне мае такое «вытворчае» слова да кінематографа? Насамрэч, непасрэднае, нездарма ж мы кажам «кінаіндустрыя». На сёлетнім «Лістападзе» гэтаму паняццю было прысвечана некалькі дзён і пляцовак: для аматараў кіно стварылі праграму з воркшопамі, майстар-класамі і лекцыямі. Словам, па практыку ў Галівуд беларусам ехаць не трэба: навучыцца здымаць кіно і пісаць сцэнарыі можна і ў Мінску. Пра што распавядалі замежныя эксперты маладым кінематаграфістам на індустрыяльнай пляцоўцы «Лістапада», чытайце ў нашым канспекце.


Падчас воркшопа на індустрыяльнай платформе

За народныя грошы

Сёлета арганізатары вырашылі засяродзіцца на сцэнарыях. Тым больш што ёсць прыемная нагода: сцэнарый каардынатара беларускай праграмы «Лістапада» Мікалая Лаўранюка ў суаўтарстве з рэжысёрам Сяргеем Каласоўскім перамог у прэстыжнай секцыі ScripTeast Канскага кінафестывалю. Тым не менш беларускіх кінематаграфістаў на індустрыяльных платформах вельмі мала. На жаль, як і разумення таго, што не толькі творчасць, але індустрыя ў большай ступені дапаможа кінашэдэўрам сустрэцца з патэнцыянальным гледачом. На «Лістападзе» кінематаграфістам прапанавалі адчуць гэты дух і папрацаваць над «чарнавіком» сваіх будучых сцэнарыяў і фільмаў — работа індустрыяльнай платформы пачалася сцэнарным трэнінгам ад аднаго з арганізатараў «Кінатаўра» Ганны Гудковай. Далей удзельнікаў платформы чакала самае складанае…

Адна з найбольш балючых тэм у беларускім кінематографе — фінансавае пытанне. Разумеючы ўсю складанасць гэтага аспекту, арганізатары вырашылі дапамагчы кінематаграфістам стварыць кіно без бюджэту і запрасілі для гэтага Ганну Самарскую, менеджара краўдфандынгавай платформы Ulej.by, якая даследуе кіно ўжо шмат гадоў. Дарэчы, гэта ўжо не першы раз, калі прадстаўнікі «Вулея» бяруць удзел у «Лістападзе», але раней досведу ў сферы кіно ў пляцоўкі не было, зараз жа з’явіліся паспяховыя праекты.

Зразумела, краўдфандынг вынайшлі не ў Беларусі і карыстаюцца ім таксама не толькі ў нас: напрыклад, што аб’ядноўвае вядомага рэжысёра Спайка Лі, акцёра Зака Брафа і тэарэтыка амерыканскага кіно Пола Шрэдэра? Па-першае, тое, што ў іх ёсць вялікі кінематаграфічны досвед, які лёгка дазволіў знайсці грошы на сваю кінастужку… Але яны вырашылі пайсці шляхам незалежнага кіно і скарыстацца краўдфандынгавым (або народным) фінансаваннем. Ці атрымалася? Яшчэ як! Фільм Спайка Лі «Салодкая кроў Іісуса» ў выніку сабраў 1,4 мільена долараў за некалькі месяцаў! Вось яшчэ добрыя прыклады: фільм «28 панфілаўцаў» таксама знайшоў фінансаванне дзякуючы краўдфандынгу, а пасля гэтага поспеху рэжысёр атрымаў яшчэ і датацыі ад дзяржавы, калі тая зразумела вялікую колькасць прыхільнікаў праекта. Ці «Стагоддзе дурняў» — дакументальнае кіно з бюджэтам 450 тысяч фунтаў, якія таксама сабралі праз краўдфандынгавую платформу. Лёгка здагадацца, што ў гэтых стужак вельмі «выйгрышная» тэматыка, якая заўсёды будзе цікавая аўдыторыі. Але трэба пазбягаць стэрэатыпаў: калі праекты атрымалі такія вялізныя грошы ўсяго за некалькі месяцаў, то гэта не значыць, што сродкі ім далі проста так. Ганна Самарская адзначае, што ўвесь час краўдфандынгавай кампаніі трэба працаваць з аўдыторыяй: поспех фільма заключаны найперш у гледачах!

Не толькі папулярнае кіно, але і незалежныя стужкі можна фінансаваць праз краўдфандынг — найбольш актуальны варыянт для беларускіх рэжысёраў, якім варта звяртацца да гэтых пляцовак не толькі па грошы. У краўдфандынга ёсць некалькі пераваг: па-першае, пытанне незалежнасці, якое заўсёды цікавіць рэжысёраў, можна закрыць (у стужкі не будзе прадзюсараў, якія б дыктавалі, якое кіно ствараць) — кінематаграфіст можа лёгка даносіць да гледача ўласную пазіцыю, быць больш шчырым і гнуткім; па-другое, нават калі грошы збіраюцца марудна, але хоць некалькі чалавек далі сродкі на праект, цікавасць да будучага фільма ёсць; па-трэцяе, здымачная група зможа ствараць кантэнт сама — аператараў і акцёраў будзе выбіраць аўтар карціны.

Ганна Самарская

Эпоха «іншых» рэжысёраў

Беларускія кінематаграфісты ідэяй краўдфандынгу зацікавіліся даўно. Напрыклад, Улада Сянькова збірала грошы на стужку «Граф у апельсінах» менавіта такім спосабам, але праз расійскую платформу. Пасля «падцягнуліся» і беларускія пляцоўкі: стужка «Называйце гэта як хочаце» атрымала ад 124 спонсараў больш за 7000 рублёў (а гэта нават больш, чым здымачная група прасіла). Рэжысёр фільма Кірыл Галіцкі адзначае, што на такі поспех не спадзяваўся, бо ёсць меркаванне, быццам кароткаметражнае кіно не павінна каштаваць і капейчыны, тым не менш свае грошы ў кінематаграфістаў маюць уласцівасць заканчвацца, таму рашыўся выкарыстаць краўдфандынг: грошы прасілі толькі на фінальны этап вытворчасці стужкі, таму і сума значна адрозніваецца ад коштаў замежных праектаў, але менавіта гэтыя сродкі і выратавалі фільм. Вось яшчэ некалькі прыкладаў паспяховых беларускіх краўдфандынгавых кампаній: сацыяльная драма Віктара Красоўскага атрымала больш за 5000 рублёў на рэалізацыю праекта, маладзёжны фільм Sunrise Wings ад рэжысёра з Баранавічаў таксама знайшоў 18 спонсараў і сабраў усю неабходную суму. Самы свежы прыклад — дакументальнае кіно «Вакол Беларусі на роварах з маторамі». Ганна Самарская адначае, што ў гэтага праекта сваё аблічча было з самага пачатку кампаніі: аўтары падарожнічалі, былі актыўныя ў сацсетках, і цяпер іх зацікавіла тэма Беларусі, таму грошы знайшліся лёгка: каля 6500 рублёў сабралі за некалькі месяцаў.

За мяжой ёсць асобныя пляцоўкі, створаныя адмыслова для кінематографа (у Беларусі краўдфандынгавых пляцовак пакуль мала), і яны разбітыя на мноства катэгорый, прычым кіно — далёка не самая папулярная. Тым не менш ужо ёсць чым ганарыцца: «Вулей» рэалізаваў 6 кінапраектаў з 12. Тое, што палова фільмаў не атрымала фінансавання, значыць, што аўтары праектаў робяць некаторыя памылкі, падкрэслівае Ганна Самарская: «Проста прасіць грошы — недастаткова. Абавязкова трэба сфарміраваць аўдыторыю, у тым ліку і кінематаграфістаў — беларускіх і замежных, каб людзі ведалі, навошта патрэбен гэты прадукт». Вядомыя творцы кіно, якія карысталіся краўдфандынгам, кажуць, што эпоха «вялікіх рэжысёраў» скончылася: цяпер кінематаграфісту трэба быць яшчэ і бізнесменам, каб прадаць кіно, і прадзюсарам, каб прадставіць новую стужку, а таксама чалавекам, які згуртуе вакол сябе сацыяльны капітал. Менавіта пра гэта варта памятаць беларускім рэжысёрам, якія хочуць зняць кіно без бюджэту: усё ж карыстанне краўдфандынгам — гэта не дабрачыннасць і адсутнасць абавязкаў, а якраз наадварот: за поспех свайго праекта трэба заплаціць выдаткаваным часам і намаганнямі.

Калі кіно стварыць атрымалася, яшчэ не значыць, што прыйшоў час віншаваць рэжысёра: праца толькі пачынаецца! Пра гэта кажуць арганізатары вялікіх кінафестываляў.

Х’юга Росак.

 Х’юга Росак, дырэктар індустрыяльный платформы кінафестывалю ў Карлавых Варах (адзін з самых старых фестываляў, заснаваны ў 1946 годзе), распавёў, што для кінематаграфістаў важна нават кіно не зняць, а правільна яго прадставіць. Напрыклад, беларускія рэжысёры могуць зрабіць гэта неабавязкова на асноўных конкурсных паказах, а на адмысловых праглядах кшталту Coming Soon, дзе можна прадставіць знятае толькі што кіно, якое хутка з’явіцца і на вялікіх экранах. Х’юга адзначае, што тут стужкі з постсавецкага рэгіёна могуць атрымаць не толькі маральнае заахвочванне, але і фінансавую падтрымку: калі эксперты палічаць кіно вартым, то рэжысёр атрымае матэрыяльную дапамогу на праект вартасцю 100 тысяч еўра. Дарэчы, многія стужкі, якія перамагалі ў гэтай секцыі, пасля траплялі на фестывалі вышэйшага ўзроўню, напрыклад, «Берлінале».

Сцэнарыстам таксама ёсць чаму павучыцца: у фестывалю ў Карлавых Варах ёсць стасункі з кінафестывалем у італьянскім Трыесце і вядомай праграмай MIDPOINT, праводзіцца шмат сцэнарных пітчынгаў, дзе лепшыя атрымліваюць грашовую падтрымку ў памеры, які нават большы за бюджэты многіх беларускіх фільмаў! Цікава, што некалькі гадоў таму індустрыяльная платформа Карлаварскага фестывалю атрымала новую назву Eastern Promises (калі перакладаць дакладна, то «Усходнія абяцанні»). Арганізатары спадзяюцца знайці новыя таленты з гэтага еўрапейскага рэгіёна, ладзяць шмат прэзентацый, адукацыйных воркшопаў, сацыяльных падзей і нават дапамагаюць сустрэцца з замежнымі супрацоўнікамі кінаіндустрыі: штогод у Карлавых Варах збіраюцца больш за 1200 дыстрыб’ютраў і прадстаўнікоў фестываляў, якія заўсёды шукаюць добрыя стужкі маладых рэжысёраў для сваіх краін.

Для тых, хто дагэтуль ставіцца да індустрыяльных пляцовак скептычна, можна дадаць, што вялікія фестывалі — гэта яшчэ і магчымасць сустрэцца з зоркамі сусветнага кіно кшталту Умы Турман ці Кейсі Афлека і зацікавіць іх ва ўласным праекце (Х’юга Росак адзначае, што на фестывалі знакамітасці лёгка ідуць на кантакт з маладымі кінематаграфістамі). Фестываль у Карлавых Варах асаблівы тым, што аб’ядноўвае Заходнюю і Усходнюю Еўропу, а таксама сфакусаваны найперш на новых і маладых рэжысёрах. Х’юга падкрэслівае, што для іх гэта выдатная магчымасць, бо Карлавы Вары — фестываль узроўню Кан і Венецыі, усе паказы тут праходзяць з аншлагамі, а арганізатары дагэтуль змагаюцца з праблемай умяшчальнасці кінатэатраў.

Лайфхакі ад экспертаў

На свой фестываль запрасіла беларускіх кінематаграфістаў Рыта Станелітэ, дырэктар індустрыяльнай платформы Meeting point Vilnius Вільнюскага Міжнароднага кінафестывалю. Яна адзначае, што індустрыяльная пляцоўка — гэта не столькі лекцыі, колькі месца для сустрэч і дыскусій. Дарэчы, ідэя беларускай індустрыяльнай платформы «нарадзілася» менавіта з літоўскай. Кінафестывалю ў Вільнюсе на год менш, чым беларускаму, таму развіваюцца і растуць яны поруч. Хоць ёсць і адрозненні: Рыта звярнула ўвагу, што літоўскі фестываль праходзіць у 5 гарадах, а жыхары краіны бяруць на рабоце выхадныя, каб наведаць паказы, — мы маглі б гэта ў суседзяў пераняць. Да таго ж Вільнюскі фестываль вельмі тэхналагічны: з анлайн-трансляцыямі і ўласнымі мабільнымі дадаткамі.

Рыта Станелітэ

На індустрыяльнай платформе ў Вільнюсе вылучаюць дзень для літоўскай кінаіндустрыі, праводзяць канферэнцыю для еўрапейскіх кінематаграфістаў, трэнінгі для тых, хто хоча арганізаваць свой кінафестываль (запрашаюць арганізатараў вялікіх фестываляў, напрыклад, з Таронта), а таксама сесіі для новых фільмаў, якія могуць атрымаць прыз Goes tо Cannes (стужка-пераможца едзе ў Каны). Індустрыя цікавая яшчэ і тым, што была створаная з фокусам на практычныя навыкі: шмат увагі надаецца інстытутам маркетынгу і прадзюсарства, бо фільмаў выходзіць шмат, а прасоўваць іх з кожных годам усё больш складана.

Калісьці літоўская індустрыяльная платформа дапамагла і беларускаму рэжысёру Уладзе Сяньковай: дзяўчына трапіла на фестывалі ў Маскву і Котбус менавіта дзякуючы Вільнюсу. Зараз для беларускіх кінематаграфістаў на літоўскім кінафестывалі створаны асаблівыя ўмовы: ёсць пляцоўка для беларускіх рэжысёраў — B2B Doc, — дзе нашы аўтары могуць прэзентаваць свае дакументальныя фільмы і ўдзельнічаць у пітчынгах, прадстаўляць стужкі замежным экспертам і адборшчыкам кінафестываляў. Гэта першы за доўгі час досвед, калі беларускія стужкі ў такім маштабе былі прадстаўленыя за мяжой.

Рыта Станелітэ адзначае, што ў кінематографа не павінна быць нацыянальнасці і абмежаванняў: калі хочацца зняць ці прадставіць дзесьці сваё кіно, трэба гэта рабіць! Для беларускіх рэжысёраў гэта не заўсёды працуе: на многіх фестывалях да ўдзелу адбіраюць праекты краін, якія ўключаны ў самы буйны фонд падтрымкі еўрапейскага кіно Eurіmages. Стужкі, якія атрымалі яго падтрымку, дэбютуюць на самых важных кінафестывалях. На жаль, Беларусі ў спісе краін, уключаных у фонд, няма, менавіта таму кожная магчымасць для айчыннага кінематаграфіста — каштоўная.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.