Вы тут

Ці сапраўды чыноўнікаў турбуюць клопаты вяскоўцаў?


На фотаздымку, які прынёс з сабою жыхар пасёлка Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна Віктар Судакоў, вуліца Базарная нагадвае неахайныя разоры. Мужчына кажа, што звяртаўся да ранейшага старшыні райвыканкама і ў сельсавет, але праблема засталася без зруху.

— Калі «насядаў», прысылалі машыну, работнік выгружаў прычэп пяску, і на гэтым работа лічылася выкананай, — дзеліцца жыхар набалелым. — Пасля аднаго са званкоў на дарогу выгрузілі кучу друзу з-пад разабранага будынка, вось толькі пасля дажду вуліца ўсё роўна «плыве».

Урэшце, Віктар Віктаравіч вырашыў занесці скаргу на «Жывы дыялог». Форма работы з насельніцтвам цікавая, кіраўнік у раёне новы — а раптам сапраўды дапамогуць?


Твар да твару

Насамрэч, фармат «Жывога дыялогу» існуе даўно, толькі раней на Буда-Кашалёўшчыне падобныя мерапрыемствы праходзілі пад іншымі назвамі. Потым быў перапынак, і вось ужо год як работа аднавілася. Сутнасць яе — размова насельніцтва і раённых кіраўнікоў твар да твару, раскрыццё любых праблем, на якія ў чыноўніка магло б «замыліцца вока».

Форма правядзення сустрэчы наступная: кожны месяц рабочыя групы райвыканкама наведваюць усе населеныя пункты — ад буйных да самых дробных вёсачак, — якія ўваходзяць у склад сельсавета, сустракаюцца з насельніцтвам і запісваюць прапановы. Вечарам адбываецца агульнае пасяджэнне ў цэнтральным пасёлку сельсавета, дзе таксама можна задаць пытанне. Кіраўнік раёна выслухвае даклады кожнай рабочай групы, абмяркоўвае магчымыя варыянты рашэння праблемы і адразу дае даручэнне начальніку адпаведнай структуры выправіць становішча. Адначасова складаецца пратакол сустрэчы старшыні, каб можна было зафіксаваць тэрмін і па яго сканчэнні спытаць у выканаўцы, што было зроблена па праблеме, які вынік і калі работа не выканана, што гэтаму перашкодзіла.

Пасёлак Уваравічы даволі вялікі, а мясцовых жыхароў раённае начальства ведае па іх актыўнасці. Вось і гэтым вечарам у актавую залу Дома культуры сабралася каля 100 чалавек — некаторыя з пытаннямі, але большасць па цікаўнасці.

Напачатку старшыня Буда-Кашалёўскага райвыканкама Андрэй Гарбачоў павітаў усіх прысутных:

— Для мяне гэта новая, цікавая форма работы, якая падаецца вельмі перспектыўнай. На пасадзе кіраўніка я пакуль усяго толькі паўтара месяца, але спадзяюся, сёння мы атрымаем плён ад супрацоўніцтва. У любым выпадку, я не люблю гульню ў папяровы футбол, калі ўстановы адсылаюць адна адной стосы дакументаў на манер мяча. Будзем працаваць на вынік.

Вечныя пытанні сельскай мясцовасці

За дзень рабочыя групы аб'ехалі восем населеных пунктаў. Дзесьці на сустрэчу прыходзіла 15 жыхароў, дзесьці 50, у залежнасці ад памеру вёскі.

Праблемы прыносілі розныя. Але скаргі на дрэнныя дарогі гучалі з кожнага даклада. Якімі толькі эпітэтамі не надзялялі бяду вяскоўцы — параўноўвалі праезную частку з пральнай дошкай, расказвалі пра шчэбень, што сплывае ў канаву разам з дожджыкам...

Андрэй Гарбачоў даручыў начальнікам камунальных службаў і дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення разабрацца з праблемай. Выканаць, пакуль зіма не прыйшла, ямачны рамонт, зрабіць падсыпку на грунтоўках. Праблему паставілі на кантроль і вызначылі тэрміны выканання.

Жыхароў вёскі Завідаўка непакоіць вулічнае асвятленне. Сяльчане прасілі на восень-зіму памяняць схему ўключэння святла і ліхтар, размешчаны перад лецішчамі, перанесці бліжэй да цэнтра вёскі. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Алексіна растлумачыла жыхарам, што ліхтары на слупах не толькі асвятляюць падвор'і. Іх асноўнае прызначэнне — стварыць добрую бачнасць па вуліцы, у тым ліку для аварыйных і іншых службаў. Аднак Алена Іванаўна прапанавала ўнесці скаргу вяскоўцаў у пратакол старшыні, каб адпаведныя ўстановы яе вывучылі і прыйшлі з жыхарамі да кампраміснага рашэння.

Для сельскай мясцовасці важная праблема пітной вады. Пра яе якасць цікавіліся многія. Старшыня Савета дэпутатаў накіравала даручэнне раённаму цэнтру гігіены і эпідэміялогіі і «Буда-Кашалёўскаму камунальніку», каб гэтыя дзве арганізацыі ўзялі пробы і потым публічна праінфармавалі пра вынікі лабараторнай праверкі.

Яшчэ жыхароў Уваравіцкага сельсавета турбуюць праблемы ачышчэння шахтавых калодзежаў, пыл на вуліцах ад сельгастэхнікі, перапады электраэнергіі ў сетцы, частыя прарывы водаправода, знос пустых будынкаў, медыцынскае абслугоўванне на месцах, пабудова пажарных вадаёмаў, рамонт старых дамоў... Улады паабяцалі разабрацца з усімі гэтымі пытаннямі.

Каму замінаюць каровы?

— Ступень запатрабаванасці праблемы высвятляем праз параўнанне колькасці зваротаў грамадзян, — тлумачыць Алена Алексіна. — Запыт альбо вырашаем, альбо тлумачым насельніцтву, чаму задача пакуль не можа быць рэалізавана, альбо ідзём на кампраміс. Зразумела, што, калі праблема доўгатэрміновая і патрабуе значнага фінансавання, выканаць абяцанне адразу не атрымаецца. Але гэта не азначае, што мы адклалі зварот на дальнюю паліцу.

Грамадзяне з вёскі Радзеева прыйшлі на сустрэчу ў складзе 50 «дэлегатаў» і вострых пытанняў задавалі шмат. Прапаноўвалі разабрацца з затрымкамі ў рабоце пошты, спілаваць на могілках аварыйнае дрэва, арганізаваць дзіцячую пляцоўку. Яшчэ непрыемнасці вяскоўцам дастаўляе былая школа. Нерабочы будынак выкупіў уласнік і пасяліў у памяшканнях жывёлу. У выніку летам на вёску ідзе дрэнны пах.

Незвычайную просьбу пачулі прадстаўнікі райвыканкама ў вёсцы Лапічы. Жыхары прапанавалі не садзіць кукурузу на месцы, дзе раней стаялі пустуючыя дамы. Як аказалася, летам высокія сцябліны падступаюць да самых падвор'яў, а вяскоўцы баяцца, што ў зарасніках могуць хавацца дзікія жывёлы і бадзяжныя сабакі.

Адсутнасць банкамата ва Уваравічах аказалася куды больш глыбокім пытаннем, чым магло падацца. Для яго ўстаноўкі патрэбна дзве тысячы трымальнікаў картак банка ў населеным пункце, а таксама пэўны абарот грашовых сродкаў за дзень.

— Сапраўды, калі разглядаць толькі Уваравічы, то патрэбнай колькасці трымальнікаў картак тут няма. Але гэта даволі буйны пасёлак, побач існуюць дробныя населеныя пункты, тут працуе аўтастанцыя. І адсутнасць магчымасці праводзіць аперацыі з грашыма становіцца сур'ёзным недахопам. Я паспрабую наладзіць перапіску з Беларусбанкам, магчыма, давядзецца пасылаць запыт на вобласць, — паабяцаў старшыня райвыканкама.


Пасля таго як даклады па «палявой рабоце» скончыліся, прыйшла чарга скрынкі для ананімных зваротаў. За месяц яе перавозілі па вёсках сельсавета, каб потым адчыніць падчас асноўнай сустрэчы. Яшчэ адна частка работы з насельніцтвам — пытанні з залы.

— Сёння мы выкарыстоўваем разнастайныя формы кантакту з насельніцтвам, каб кожны меў магчымасць выступіць, — падсумоўвае Андрэй Гарбачоў. — Калі чалавек саромеецца, ён апускае зварот у скрыню. Калі хоча абвясціць праблему перад усімі — выбірае заяву на агульнай сустрэчы. Мы праводзім анкетаванне насельніцтва па тэрыторыі, просім выставіць адзнакі ўсім службам, якія аказваюць паслугі, — медыцыне, культуры, камунальнай гаспадарцы і г. д. Я лічу, што колькасць людзей, якія прыйшлі на мерапрыемства, сведчыць, што ўладам людзі давяраюць і спадзяюцца на станоўчае вырашэнне. Былі пытанні лёгкія, былі падзякі, але гучалі і сапраўды «балючыя» тэмы, над якімі давядзецца папрацаваць.

Мы, у сваю чаргу, будзем спадзявацца, што ўлады і жыхары раёна сапраўды знайшлі агульную мову, а добры вопыт захочуць пераняць суседзі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гэта вам не футбол

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.