Вы тут

Родным словам — шчасна


Чаму вучыў першы беларускі настаўнік?

Некалі на карце Талачынскага раёна, што на Віцебшчыне, існавала невялічкая вёска Сані, дзе ў 1908 годзе Якуб Колас працаваў настаўнікам у прыватнай школе, адкрытай мясцовым памешчыкам К. Гардзялкоўскім. У бібліятэках Талачынскага раёна арганізаваны шэраг кніжных выставак, якія запрашаюць чытачоў у падарожжа па настаўніцкай біяграфіі беларускага класіка. У зборніку дакументаў і матэрыялаў «З жыццяпісу Якуба Коласа» (Мінск, 1982) ёсць наступная згадка былога рэдактара газеты «Наша Ніва» А. Уласава: «...Іван Луцэвіч, каторы ведаў увесь край, — у кожным завулку ён меў знаёмых, — намовіў адну сімпатычную старую Т. Гардзялкоўскую зрабіць беларускую школу тайную, і Якуба Коласа зрабілі вучыцелем яе. Ён быў першы беларускі вучыцель першай беларускай школы».


У 1906 годзе ў вёсцы Mікaлаеўшчына Стаўбцоўскага раёна адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд, адным з арганізатараў якога быў Якуб Колас. Вось як сам Колас распавядае пра гэтыя падзеі ў аўтабіяграфіі 1926 года: «З’езд быў накрыты паліцыяй. Удзельнікаў з’езда пазвальнялі з настаўніцкіх пасад і аддалі пад суд. Зіму 1906 — 1907 гадоў, пакуль цягнулася следства, я жыў у брата ва ўрочышчы Смалярня і вучыў дзяцей прыватным парадкам. У гэты ж час пачаў пісаць кнігу для другога года навучання ў беларускай школе (“Другое чытанне для дзетак-беларасаў”)».

Вядомы даследчык беларускай літаратуры Міхась Мушынскі ў кнізе «Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа» (Мінск, 2012) змяшчае архіўныя запісы: «Пачатак 1908 года, Магілёўская губ., маёнтак памешчыка К. Гардзялкоўскага Габрылёва-Папоўка. У в. Сані Абчугскай вол. Сенненскага пав. (16 вёрст ад м. Талачына) існуе прыватная школа». Ліберальны памешчык К. Гардзялкоўскі быў падпісчыкам «Нашай Нівы», і, калі ён звярнуўся ў газету з просьбай парэкамендаваць настаўніка, яму назвалі імя Канстанціна Міцкевіча. Працаваў ён у школе два з паловай месяца.

Школу наведвала каля дваццаці вучняў з навакольных вёсак Габрылёва, Папоўка, Плоскае, Сані.

Колас з захапленнем працаваў у школе. Спецыяльна для школы ён заказаў з Вільні «Беларускі лемантар», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», а ў час працы выкарыстоўваў і рукапіс сваёй кнігі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», чыталі i завучвалі на ўроках вершы з газеты «Наша Ніва». Жыў Колас у Папоўцы, там пан Гардзялкоўскі падрыхтаваў для яго два пакоі: кабінет i спальню. Кожную раніцу прывозіў настаўніка ў Caні панскі фурман Аляксандр Аляксееў, а ўвечары зaбipaў назад («Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа»).

Пра настаўніцкую дзейнасць Якуба Коласа распавядае ў кнізе «Якуб Колас — педагог» (Мінск, 1981) Уладзімір Радзівонаў. Школа ў Санях заваявала вялікі аўтарытэт: многія сяляне забіралі сваіх дзяцей з народнай вучэльні ў Плоскім (Талачынскі раён) і пасылалі іх у напаўлегальную школу, дзе вучыў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Вось як успамінаў пра свайго настаўніка былы яго вучань Д. І. Якубавіч: «Помню, як ён казаў нам, што прыйдзе час, калі ўсе дзеці будуць вучыцца ў добрых, вялікіх школах, што ў іх будзе шмат цікавых кніг і ніхто не будзе хадзіць у лапцях. Яшчэ ён казаў, каб такі час наступіў хутчэй, нам трэба старанна вучыцца. Настаўнік імкнуўся прывіць нам любоў да роднай мовы, гаварыў з намі па-беларуску».

У кнізе Міколы Жыгоцкага «Па коласаўскіх мясцінах» (Мінск, 1993) ёсць цікавыя звесткі, як мясцовы памешчык Гардзялкоўскі збіраўся адкрываць прыватную беларускую школу для сялянскіх дзяцей, шукаў настаўніка, якому гатовы плаціць за працу «разы ў тры больш, чым дае казна». Але хто ж такія Гардзялкоўскія і чаму яны адкрылі ў вёсцы Сані школу?

Гардзялкоўскія належалі да старажытнага беларускага шляхецкага роду. Па ўсім Сенненскім павеце былі раскінуты маёнткі Канстанціна Антонавіча Гардзялкоўскага, у тым ліку і ў вёсцы Сані. Бацька Канстанціна Антонавіча, Антон Мамертавіч Гардзялкоўскі, быў удзельнікам паўстання 1863 года, адбываў пакаранне і яго надоўга пазбавілі грамадзянскіх правоў. Сын таксама лічыўся лібералам і дэмакратам, стаяў у апазіцыі да царскага ўрада, нярэдка ў яго маёнтках знаходзілі прытулак «нядобранадзейныя элементы».

Маці Канстанціна Антонавіча — Тэрэза Гардзялкоўская — вядомая на той час перакладчыца, асветніца. Яна выступала ў друку пад псеўданімам Зязюля, перакладала на беларускую мову творы вядомых рускіх і польскіх пісьменнікаў. Тэрэза Гардзялкоўская была асабіста знаёмая з польскімі пісьменніцамі М. Канапніцкай і Э. Ажэшкай. Пераклады яна выдавала за свой кошт. Дарэчы, праз некалькі год пасля таго, як Якуб Колас пакінуў маёнтак, у 1912 годзе, пані Тэрэза выдала ў Вільні 5 кніг, сярод якіх былі «Апавяданні» Тараса Гушчы (адзін з псеўданімаў Якуба Коласа). Рашэнне малодшага пана Гардзялкоўскага, яе сына, вучыць дзяцей сялян на мове іх дзядоў і бацькоў не было забавай.

На старонках гісторыка-дакументальнай хронікі Талачынскага раёна «Памяць» ёсць успаміны былых вучняў гэтай школы, напрыклад, Ф. Жураўлёва: «У маёнтку Папоўка жыў пан Гардзялкоўскі, дэмакрат. Ён прыехаў у Сані да майго бацькі і дамовіўся, каб той пусціў у хату школу. Бацька згадзіўся: няхай дзеці вучацца. Гардзялкоўскі зараз жа прыводзіць да нас настаўніка, якога звалі Канстанцін Міхайлавіч. Хлопец быў дужа добры, вучыў без ніякіх пакаранняў…». Выкладаў настаўнік на беларускай мове, знаёміў вучняў з падзеямі ў краіне, праводзіў гутаркі па апавяданнях, вершах і допісах, змешчаных у «Нашай ніве». А яшчэ ён чытаў на памяць творы Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, I. Крылова, А. Пушкіна. Дзеці вельмі палюбілі свайго настаўніка, заўсёды з ахвотай ішлі на заняткі, стараліся добра вучыцца.

Ёсць звесткі і пра грамадскую дзейнасць Якуба Коласа ў тутэйшых мясцінах. Старажылы расказвалі, як у свабодны ад заняткаў час ён шчыра гутарыў з сялянамі, распытваў іх пра жыццё-быццё: на большае паважаны настаўнік адважыцца не мог, бо, як паведамляў начальству ў сакрэтным данясенні ад 27 лютага 1908 года начальнік Магілёўскага жандарскага ўпраўлення, за Канстанцінам Міхайлавічам быў устаноўлены нагляд паліцыі.

Працаваў Якуб Колас у Санях з пачатку студзеня да канца красавіка 1908 года. Хуткі ад’езд яго адсюль, відаць, быў звязаны з новым узбуджэннем следства па справе ўдзельнікаў настаўніцкага з’езда. Таму настаўнік вымушаны быў збірацца ў дарогу.

У 1908 годзе Якуб Колас стварыў такія паэтычныя радкі:

...Хай святло навукі яснай

Заблішчыць, як сонца ўсход,

Няхай родным словам шчасна

Загаворыць наш народ!

Ірына ТРУХАНЁНАК, бібліёграф Талачынскай ЦБС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».