Вы тут

У эстэтыцы сучаснага


Сяргей Бязрукаў у Віцебску ўручыць узнагароду за ўнёсак у развіццё сучаснай харэаграфіі

На наступным тыдні Віцебск чакае самую значную танцавальную падзею Беларусі — ХХХ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, які пройдзе з 15 па 19 лістапада на галоўных пляцоўках горада: у канцэртнай зале «Віцебск» і Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа. Распачнецца фестываль нестандартнай імпрэзай — паказам расійскага фільма «Пасля цябе» ў Доме кіно, сюжэт якога разгортваецца вакол цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў харэографа. На беларускую прэм’еру прыедуць рэжысёр стужкі Ганна Матысон і выканаўца галоўнай ролі народны артыст Расіі Сяргей Бязрукаў. Сяргей Бязрукаў возьме ўдзел і ў канцэрце ўрачыстага адкрыцця фестывалю: ён уручыць спецыяльную ўзнагароду за значны ўнёсак у развіццё сучаснай харэаграфіі.


Намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская нагадала, што падчас юбілейнага фестывалю на сцэне тэатра імя Якуба Коласа з’явяцца лаўрэаты конкурсу сучаснай харэаграфіі ў Віцебску папярэдніх гадоў. Як і заўсёды, на фестывалі будзе прадстаўлены актуальны зрэз танцавальнага мастацтва розных краін. Гэтым разам перад жыхарамі і гасцямі Віцебска выступяць тэатр «Балет Масква» (Расія), кампанія танца «VerTeDance» (Чэхія), «ZAWIROWANIA DANCE HEATRE» (Польшча), тэатр «Балет Яўгена Панфілава» (Расія), тэатр «Кіеў мадэрн-балет» (Украіна), Нацыянальная кампанія танца Іспаніі. На думку заслужанага дзеяча мастацтваў Украіны, народнага артыста Малдовы, харэографа Раду Паклітару, Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску — вельмі сур’ёзная падзея ў харэаграфічным свеце: такой афішай можа пахваліцца далёка не кожны еўрапейскі фестываль.

Нягледзячы на эфектныя імёны запрошаных гасцей, галоўнай падзеяй тут застаецца Беларускі конкурс сучаснай харэаграфіі. Цягам тыдня ўдзельнікі, якія прайшлі першапачатковы адбор, выступяць перад міжнародным экспертным журы ў межах закрытага адборачнага тура. Фіналісты з’явяцца перад гледачом у канцэртнай зале «Віцебск» 18 лістапада ў заключным туры.

Заўважнай для юбілейнага года падзеяй стане выстаўка-інсталяцыя «Музей-архіў», прысвечаная 30-годдзю фестывалю.

— Фестываль унікальны не толькі сваёй эстэтычнай культурай, але і роляй, якую выконвае ў развіцці харэаграфічнага мастацтва Беларусі, — заўважыў першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Рылатка. Ён адзначыў, што амаль 20 год у Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску не было аналагаў, і IFMC заставаўся адзінай крыніцай інфармацыі аб танцавальным жыцці краіны. Гэта апірішча сучаснай харэаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь: іншыя фестывалі такога кшталту ў нас узніклі дзякуючы віцебскаму IFMC.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».