Найбуйнейшая кнігарня краіны думае пра развіццё
Сталічная кнігарня «Дом кнігі “Светач”» адзначыла дзень нараджэння: 40 гадоў сюды прыходзяць людзі, якія выбіраюць чытанне для сябе і сваіх дзяцей. Менавіта гэтая найбуйнейшая кніжная крама рэспублікі адна з першых атрымлівае новыя кнігі беларускіх і расійскіх выдавецтваў. Але яшчэ знаёміць і з аўтарамі: падчас яркіх прэзентацый. Нездарма павіншаваць калектыў кнігарні прыйшлі кіраўнікі буйных айчынных выдавецтваў, напрыклад, такіх як «Мастацкая літаратура», «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Народная асвета», ды літаратары, у прыватнасці старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Ганаровым госцем на свяце кнігарні стаў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. Нездарма: за значны ўнёсак у прапаганду кнігі і чытання, распаўсюджванне нацыянальнай літаратуры калектыў філіяла ААТ «Белкніга» «Дом кнігі “Светач”» узнагароджаны Падзякай міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Між іншым сваё свята 4 лістапада супрацоўнікі крамы вырашылі падзяліць з усімі наведвальнікамі: наладзілі майстар-класы, сустрэчы з беларускімі аўтарамі, фотазону, нават «Кніжную бяссонніцу» і акцыю «Купі кнігу — атрымай падарунак». Таму што свята — святам, а кніжны гандаль ніхто не адмяняў. Дзеля таго, каб ён ішоў больш шпарка, «Светач» збіраецца ўдасканальвацца не толькі арганізацыйна, але і вонкава. Паводле слоў генеральнага дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Белкніга» Аляксандра Вашкевіча, кнігарня перажыла складаныя часы, калі набыць кнігі можна было па талонах, здаўшы макулатуру, ці калі продаж кніг ішоў паралельна з гандлем спажывецкімі таварамі, напрыклад, футрам. Цяпер усё на сваіх месцах, і калектыў думае пра тое, як прадаваць як мага больш кніг: «Светач» чакае рамонт, які дазволіць стварыць новыя больш камфортныя функцыянальныя зоны: для адпачынку, сустрэч з пісьменнікамі, прэзентацый, нават кавярню.
Марыя АСІПЕНКА
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».