Вы тут

Коласаўская восень


Юбілей Песняра ў навуцы і культуры

Бягучы год багаты на святы: акрамя 500-годдзя беларускага кнігадрукавання адзначаем юбілеі двух тытанаў айчыннай літаратуры, паэтаў і празаікаў, драматургаў, літаратуразнаўцаў. Лета засталося за Янкам Купалам, восень сустрэлі з імем Якуба Коласа.


У дні юбілею на радзіме Якуба Коласа: вёска Акінчыцы, выстаўка юных мастакоў Стаўбцоўшчыны.

У першую чаргу святочныя мерапрыемствы захліснулі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. З дапамогай яго супрацоўнікаў падрыхтаваныя сустрэчы і імпрэзы, урачысты канцэрт, ускладанне кветак, падарожжа на малую радзіму Песняра. Гасцінны Дом Якуба Коласа ператварыўся і ў пляцоўку для навуковага форуму: адбылася традыцыйная ХХХІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Каласавіны». Адметнасць канферэнцыі ў тым, што тут не проста згадваюць і ўшаноўваюць імя літаратара, а ў пэўным рэчышчы працягваюць і робяць актуальнай яго працу. «Каласавіны» — гэта і добрая нагода для сустрэчы старых сяброў, бо ў музеі штогод збіраюцца шчырыя аматары беларускай літаратуры і культуры. «Каласавіны» аб’ядноўваюць не толькі беларусаў, але і прыцягваюць у Мінск літаратуразнаўцаў з Расіі, Украіны і Літвы: праца выбітных сыноў нашай зямлі, нават і скіраваная ў першую чаргу на карысць менавіта свайго народа, не можа заставацца ў межах айчыны, бо геніяльныя творы жывуць у сусветнай прасторы дзеля ўсіх людзей. Так і імя Якуба Коласа нясе па свеце звесткі пра Беларусь...

Пленарнае пасяджэнне распачаў галоўны коласазнаўца краіны, член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар Міхаіл Мушынскі з дакладам «Спадчына Якуба Коласа ў парадаксальных ацэнках І. П. Мележа і П. Е. Панчанкі». Калі меркаваць па дакладах, агучаных падчас канферэнцыі, дзейнасць Песняра застаецца надзвычай запатрабаванай тэмай для даследаванняў. І справа не толькі ў тым, што багатая творчая спадчына класіка дазваляе філолагам працаваць над ёй яшчэ доўгія гады. Імя Якуба Коласа жыве ў сучаснай Беларусі, арганічна спалучаецца з сённяшнімі падзеямі. Высветлілася, што асобу Якуба Коласа можна разглядаць і ў кантэксце персанальнага брэндынгу, і ў кантэксце адукацыйнага працэсу (яго біяграфію і творы можна выкарыстоўваць не толькі на занятках для беларускіх вучняў, але і падчас выкладання рускай мовы для замежнікаў). Традыцыйна ў «Каласавінах» бяруць удзел і члены сям’і паэта. У музей завітаў сын Якуба Коласа Міхаіл Міцкевіч. З навуковымі дакладамі выступілі ўнучкі Вера і Марыя.

У святочным канцэрце да юбілею Якуба Коласа ўзяў удзел Дзяржаўны вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры»

Сёлета канферэнцыя адзначылася дадатковай імпрэзай. Разам з ганаровымі гасцямі і супрацоўнікамі музея прайшло ўрачыстае гашэнне паштовай маркі, выпушчанай да 135-годдзя з дня нараджэння Песняра. Міністэрства сувязі і інфармацыі Беларусі, якое падрыхтавала адмысловы падарунак да юбілею літаратара, зрабіла мастацкай асновай маркі знакаміты партрэт Якуба Коласа, напісаны народным мастаком СССР Міхаілам Савіцкім у 1982 годзе.

У роднай хаце Якуба Коласа

Не забыліся і пра карані творцы: у межах святкавання юбілею традыцыйна завіталі ў Стаўбцоўскі край, дзе ў музейным філіяле «Мікалаеўшчына» можна адчуць адметнасць мясцін, што ўзгадавалі Песняра. Ушанаваць памяць Якуба Коласа сабралася творчая супольнасць Беларусі. З прамовамі і вершамі выступілі пісьменнікі Анатоль Бутэвіч, Навум Гальпяровіч, Ганад Чарказян, Казімір Камейша, Яўген Хвалей ды іншыя. Вядомы беларускі скульптар Іван Міско прапанаваў арганізаваць для мастакоў пленэр па коласаўскіх мясцінах. З народным каларытам Стаўбцоўшчыны сёлета пазнаёміліся літаратары з Дагестана, Санкт-Пецярбурга, Друскінінкая. На малой радзіме Якуба Коласа гасцям паказалі, што такое сапраўдная беларуская гасціннасць: сустракалі з хлебам-соллю, з музыкай і пачастункамі, а галоўнае — са шчырымі словамі, якіх гэтымі святочнымі днямі знайшлося вельмі шмат.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.