Вы тут

У Косаўскім палацы Пуслоўскіх адкрыта музейная экспазіцыя


У Косаўскім палацы Пуслоўскіх, які яшчэ рэстаўрыруецца, адкрыта музейная экспазіцыя.

Унікальны помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя, які яшчэ называюць апошняй данінай рамантызму ў нашым краі, становіцца больш блізкі да наведвальнікаў. У канцы мінулага тыдня тут урачыста адкрылі часовую музейную экспазіцыю. Рэстаўрацыя помніка працягваецца каля дзесяцігоддзя, але яго прыгожы будынак даўно прыцягвае турыстаў. Таму гэты працэс вырашылі зрабіць арганізаваным.


Варта адзначыць, што род Пуслоўскіх здавён валодаў косаўскімі землямі. Войцех Пуслоўскі, маршалак слонімскі, быў слынным гаспадаром. Ён будаваў храмы, узводзіў прадпрыемствы, у Косаве пры ім, напрыклад, працавала славутая дывановая фабрыка. Потым землі перайшлі ў спадчыну да Вандаліна, малодшага з пяці сыноў Войцеха. У краі ён стаў знакамітым як буйны прамысловец і вялікі аматар мастацтваў. Апошняе, відаць, і паўплывала на лёсаноснае рашэнне. Яшчэ ў 1838 годзе 24-гадовы Вандалін заснаваў косаўскі ансамбль на ўзвышшы і раўніннай тэрыторыі каля фальварка Мерачоўшчыны плошчай да 40 гектараў. Ансамбль нечым нават нагадваў сядзібы эпохі барока. Заязджаць у палац трэба было праз ліпавую алею, праз уязную браму і парадны партэр. Завяршаў кампазіцыю вадаём з востравам. Цікава, што ўезд у памесце ішоў з боку ружанскага тракту і абазначаўся брамай, якая называлася галоўнай. Дык вось у гэтых мясцінах жыла легенда, што некалі пракапалі падземны пераход, які злучаў Ружанскі і Косаўскі палацы. Сістэма падвалаў і скляпоў, асабліва ў Ружанах, вылучалася надзвычайнай складанасцю. Гэта, хутчэй за ўсё, і спарадзіла легенды. Хоць хто ведае дакладна?

А вось незвычайныя бэзавыя кампазіцыі Косаўскага палаца да гэтай пары ўспамінаюць тутэйшыя старажылы. Калі зацвітаў бэз, скампанаваны па колерах, то воку адкрывалася незвычайная па прыгажосці карціна. Кусты цвілі нават яшчэ некалькі гадоў пасля пажару (палац разрабавалі немцы і спалілі партызаны ў 1944 годзе), пакуль канчаткова не вырадзіліся і не загінулі пад наступленнем лесу.

Косаўская рэзідэнцыя, пабудаваная ў стылі англійскай неаготыкі, нагадвала рамантычна-таямнічы замак. І рамантызм, і велічнасць, і таямнічасць стваралі найперш вежы, крыху падобныя на старажытныя замкавыя. Кожная з дванаццаці вежаў сімвалізавала месяц года. Гэтыя вежы сталі галоўным архітэктурным элементам палаца, яго «каньком». Яны маюць зубчастае завяршэнне, што дадае адчуванне старадаўнасці і некаторай непрыступнасці. Апошняму спрыялі таксама аконныя і дзвярныя праёмы стрэльчатых абрысаў накшталт байніц. Аграмадныя гатычныя праёмы ў сценах галерэй наводзяць на думку аб асаблівай таемнасці, загадкавасці і велічы пабудовы.

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Засталося нямала дакументальных сведчанняў, якія шыкоўныя і незвычайныя балі і прыёмы праходзілі ў Косаве. Упрыгажэннем адной з зал служыў вялікі акварыум з экзатычнымі рыбкамі. А ў зімовым садзе на прывязі сядзеў сапраўдны леў. Знакамітая бібліятэка Пуслоўскіх саступала хіба толькі суседняй сапегаўскай у Ружанах. Некалькі тысяч тамоў і рукапісаў налічвала кнігасховішча палаца. Кожная з зал мела свой асаблівы інтэр'ер, свой колер, за які і атрымала назву. Тут былі белая, чорная, сярэбраная залы.

Пасля таго як у пачатку нулявых адрадзілі сядзібу Тадэвуша Касцюшкі і сюды сталі прыязджаць шматлікія госці, усе раптам заўважылі сцены палаца наводдаль за дрэвамі. З-за высачэзных дрэў з пагорка тыя сцены выглядалі і велічна, і рамантычна-загадкава, і гэтай далёкай прыгажосцю міжволі зацьмявалі ўсё навокал. Палац нібы прасіў, заклінаў быць адноўленым...

У 2006 годзе аблвыканкам прыняў рашэнне аб рэстаўрацыі палаца Пуслоўскіх. Работа пачалася недзе праз год. Тыя дрэвы знеслі, а палац паступова стаў набываць свае ранейшыя абрысы. Цяпер можна сказаць, што адзін этап рэстаўрацыі пройдзены.

— Плануецца, што работа па аднаўленні архітэктурнага помніка будзе завершана да 2023 года, — сказаў падчас адкрыцця музейнай экспазіцыі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег ВЯЛІЧКА. — Для гэтага патрабуюцца вялікія сродкі. На наступны год вырашана накіраваць сюды два мільёны рублёў. Наперадзе — пракладка інжынерных камунікацый і работа над інтэр'ерамі.

А пасля пераразання сімвалічнай стужкі наведвальнікі змаглі паглядзець музейную экспазіцыю, якая складаецца з пяці зал. У першай гасцей знаёмяць з гісторыяй Косава і яго ваколіц, у другой расказваюць пра жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў роду Пуслоўскіх. Тут жа выстаўленыя экспанаты, знойдзеныя пры падрыхтоўцы да рэстаўрацыйных работ. Чацвёртая зала становіцца галерэяй, тут будуць праводзіцца тэматычныя выстаўкі. І першым паказам стаў вернісаж самадзейнага мастака з вёскі Магіліцы Анатоля Галушкі, які піша свае работы пэндзлем, заціснутым у зубах. Ну і пятая, апошняя зала, прысвечаная рэстаўрацыі палаца.

Плануецца, што пасля яе завяршэння ў адным крыле будынка размесціцца гасцінічны комплекс, адкрыюцца кафэ і рэстаран. У плане таксама абсталяванне іншых аб'ектаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дванаццаць вежаў у стылі неаготыкі і тутэйшага рамантызму

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.

Эканоміка

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Гэта адна з найбольш важных даходных пазіцый для бюджэту.

Грамадства

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Кіраўнік Гродзенскай вобласці — аб розніцы паміж усходам і захадам, паразуменні фермераў і буйных агракомплексаў, спосабах прыцягнення турыстаў і прыватнай ініцыятыве ў рэстаўрацыі будынкаў.

Грамадства

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Як у нашай краіне вырашаецца праблема з утварэннем і ўтылізацыяй адходаў.