Вы тут

Сакрэтныя рэцэпты славутай мотальскай кухні


У маталян да ежы спакон вякоў былі асаблівыя адносіны. Тут любяць есці смачна, сытна, многа. Цікава, што нават сёння, калі ўвесь свет паддаўся гастранамічнай модзе на фастфуд, мотальскія гаспадыні працягваюць захоўваць традыцыі народнай палескай кухні. Чытачам "Алесі" прапануем рэцэпты страў, якія маталяне гатуюць дома штодзень. 

Бліны са “шведамі”

У гэтай стравы вельмі цікавая гісторыя. “Шведамі” ў Моталі называюць звычайныя скваркі. Павялося гэта з часоў Паўночнай вайны, калі ў 1706 годзе ў мястэчка прыйшоў атрад сапраўдных шведаў. Адзін з вайскоўцаў зайшоў у хату і пачаў заляцацца да мясцовай дзяўчыны. Яе матуля ў гэты час якраз смажыла сала. Жанчына, вядома, раззлавалася на нахабнага шведа і як плісне яму тлушчам са скваркамі на галаву! Пасля гэтага выпадку ў Моталі не смажаць сала, а “пэчуць швэды”.

Спатрэбіцца:

Для бліноў

мука (1,5 шклянкі),

малако або вада (1,5 шклянкі),

яйка,

цукар (чайная лыжка),

дрожджы (20 г),

соль,

алей ці тлушч для змазвання патэльні.

Для “шведаў” падыдзе і звычайнае сала, і рэшткі мяса ці каўбасы, якія знойдуцца ў вашай лядоўні, цыбуля (адна буйная ці некалькі маленькіх).

Грэем 2/3 малака, разводзім у ім дрожджы. Дабаўляем палову мукі, размешваем і ставім у цёплае месца на некаторы час. Калі цеста крыху падымецца, кладзём у яго астатнія інгрэдыенты. Добра вымешваем і зноў пакідаем у цяпле пад ручніком на гадзінку.

Як толькі пачнеце выпякаць бліны, вазьміце другую патэльню і кіньце ў яе сала. Смажце яго і не забывайцеся пастаянна пераварочваць. Калі тлушч пакрые ўсю патэльню, можна смажыць у ім мяса. Дайце яму падрумяніцца і толькі тады дабаўце цыбулю, пасаліце.

Бліны са “шведамі” на стол падавайце гарачымі. І ўвага! Гэтую страву ядуць рукамі: “шведаў” заварочваюць у бліны, якія мачаюць у тлушч.

Варэнікі «лянівыя»

Страва, што называецца, на хуткую руку.

Спатрэбіцца:

тварог (1 пачак),

яйка,

мука (1-2 шклянкі),

цукар (3-5 сталовых лыжак),

соль.

Усе інгрэдыенты перамяшаць. З цеста скатаць тонкую каўбаску, парэзаць яе на маленькія кавалачкі і адварыць іх ў вадзе. Падаваць са смятанай.

Зацірка

Малочны суп ідэальна падыдзе для нядзельнага сняданку. Задаволенымі застануцца і дзеці, і дарослыя.

Спатрэбіцца:

мука (1,5 шклянкі),

яйка,

малако (6-7 шклянак),

соль.

Муку прасеяць, дабавіць крыху вады, яйка, соль. Старанна перацерці, каб атрымаліся невялічкія камячкі (у Моталі іх калісьці называлі “саламахай”), усыпаць у каструльку з малаком, якое ўжо кіпіць. Варыць 5–7 хвілін на невялікім агні.

Каша-прысыпаха

Гатавалі яе звычайна зімой у печы. Цёплая і духмяная, яна магла зрабіць лепшым нават самы доўгі і халодны вечар.

Спатрэбіцца:

некалькі вялікіх бульбін,

проса (паўшклянкі),

масла сметанковае (1 сталовая лыжка),

малако (2-3 сталовыя лыжкі).

У чыгунку варым абабраную бульбу. Пасля добра таўчом яе. Дабаўляем масла і малако, перамешваем. Проса прамываем 3 разы і ўсыпаем у бульбу. Размешваем усё і ставім у печ на 1,5 гадзіны.

Каўбаса “Печанева”

Сапраўдны мотальскі далікатэс спадабаецца гурманам.

Спатрэбіцца:

свіная пячонка (300 г),

свіная шчакавіна (200 г),

свіныя шкуркі (200 г)

свіное сэрца (100 г),

свіныя ныркі (100 г),

свіное лёгкае (100 г)

соль,

спецыі.

Адварваем пячонку, шкуркі, сэрца, ныркі і лёгкае. Пасля ўсё наразаем дробнымі кубікамі. Запраўляем спецыямі, дабаўляем соль, добра перамешваем і запіхваем у тоўстую свіную кішку. Запякаем у духоўцы, а лепш у печы.

Мотальскі каравай

Яго выпякаюць для свят – на вяселле ці імяніны. Робяць вялікім, каб хапіла ўсім гасцям і ніхто не застаўся пакрыўджаным. Сакрэт мотальскага караваю ў найсмачнейшым цесце, якое не патрабуе ніякіх штучных хімічных дабавак, модных крэмаў і г.д. Толькі з натуральных прадуктаў можа атрымацца сапраўдны кандытарскі шэдэўр па-мотальску.  

Спатрэбіцца:

малако (3,2 л),

маргарын (1 пачак),

смятана (1 пачак),

мука (3 кг),

яйкі (5 шт),

дрожджы 300 гр,

масла сметанковае (Ѕ пачка),

цукар (крыху больш за кіло),

соль.

Тры літры малака даводзім да кіпення (але не кіпяцім!). Дабаўляем да яго маргарын і масла, крыху солі, 900 г цукру. Усё перамешваем, даём астыць. Пасля кладзём  дрожджы. Прасейваем частку мукі і рашчыняем цеста. Накрываем ненадоўга. Падпарваем 200 мл малака і разам з яйкамі, смятанай і яшчэ 200 г цукру  ўзбіваем у агульную масу. Дабаўляем рэшткі мукі. Мясіць трэба хутка, папярэдне змазаўшы рукі алеем. Сіл не шкадуем, а то цеста атрымаецца пляскатым і не падыдзе. Калі замясілі, накрываем посуд ручніком і ставім яго ў цёплае месца. Калі цеста ўздымецца, кладзём яго на бляху (змазаную алеем). Выпякаем у печы (ці духоўцы) 40–60 хвілін у залежнасці ад велічыні каравая.

КУЛЬТУРА ЕЖЫ МАТАЛЯН

1.     Выкарыстанне толькі тых спецыі, што выраслі на ўласным агародзе: каляндра, кроп, кмін.

2.     Калі раптам скончыўся цукар, то замест яго ў страву можна дабавіць цёртай морквы.

3.     Смажанае тут ядуць рэдка. Больш запякаюць, вараць і тушаць. Ведаюць, што гэта карысней.

4.     Нягледзячы на тое, што аснова мотальскай кухні – стравы з мяса і сала, мясцовыя посцяць (большая частка насельніцтва - праваслаўныя). Умеюць трымаць сябе і свой страўнік, таму і жывуць доўга.

5.     Есці строга па раскладзе тры разы на дзень. 

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.