Вы тут

Спаўняецца 60 гадоў трагедыі вёскі Буса Іванаўскага раёна


Спаўняецца 60 гадоў трагедыі вёскі Буса Іванаўскага раёна, калі ў агні загінула 65 жыхароў.

Невялікае жалобнае мерапрыемства ў Бусе запланавана на нядзелю, 12 лістапада. Спачатку адбудзецца набажэнства ў царкве, потым людзі прыйдуць да помніка, каб ускласці кветкі, успомніць родных і знаёмых. Вёска старэе, усё меней застаецца відавочцаў таго жахлівага вечара.


Тады ў невялікую залу мясцовай школы на кінасеанс прыйшло шмат вяскоўцаў. У пакой, які можа ўмясціць ад сілы 50—60 чалавек, набілася чалавек сто. Як на зло, напярэдадні вісела афіша, што прывязуць фільм пра вайну. А гэтая тэма праз 12 гадоў пасля перамогі была асаблівая для кожнага. Каб ведалі, што прывязуць нейкага недарэчнага «Хлопца з тайгі», можа, прыйшло б нашмат менш, разважалі потым... Але ж усе ішлі на ваенную кінастужку, бо ў многіх родныя ваявалі, у некаторых не вярнуліся...

Кінамеханік закруціў фільм. Апаратура стаяла побач, на стале. Малодшыя гледачы сядзелі каля самага экрана. Прайшло, можа, некалькі хвілін, і плёнка абарвалася. Кінамеханік папрасіў пасвяціць яму лямпай — электрычнасці ў тую пару ў Бусе яшчэ не было. А газоўку перад гэтым (яшчэ адзін злавесны збег абставін) заправілі бензінам. Лямпу знялі, пасвяцілі, потым павесілі зноў на кручок. Аднаго нязграбнага руху хапіла, каб яна ўпала, разбілася, а кінаплёнка ўспыхнула, як порах.

Людзі кінуліся да вокнаў. Калі іх выбілі, прыток паветра толькі ўзмацніў полымя. Хто быў бліжэй да акна, паспеў выскачыць. Астатнія ў таўкатні, справакаванай панікай, у лічаныя хвіліны задыхнуліся ад ядаў сінільнай кіслаты. Як пазней устанавіла судова-медыцынская экспертыза, прычынай смерці сталі не апёкі, а атручэнне прадуктамі гарэння нітраплёнкі. Гарэлі ўжо мёртвыя людзі. Бо нават малая доза сінільнай кіслаты, якая трапляе ў арганізм, выклікае незваротныя працэсы.

...Назаўтра з пажарышча дасталі 63 целы. Яшчэ двое памерлі праз некалькі дзён у бальніцы. Загінулі цэлымі сем'ямі: бацька і два сыны, маці і сын, дачка і бацька. Самай маленькай ахвяры трагедыі было восем гадоў. Абсалютную большасць гледачоў складалі дзеці і падлеткі, паўсотні ахвяр не было і 20 гадоў. Юнацтва і надзея вёскі за лічаныя хвіліны пайшлі ў вечнасць па выпадковай недарэчнасці.

У Пятра Навумчыка, цяперашняга старасты Бусы, у той вечар загінулі бацька і сястра. Яго самога ў зале не аказалася выпадкова. Маці паслала 12-гадовага сына з даручэннем да цёткі ў суседнюю вёску. А каб быў дома, абавязкова пайшоў бы на фільм пра вайну.

Пётр Іосіфавіч успамінае, што пасля пажару вёска стала, як мёртвая. Сабакі вылі тыдзень, а можа, і два. Ад гэтага станавілася яшчэ страшней. Людзі, правільней сказаць, астаткі сем'яў, збіраліся разам — так лягчэй было перажываць цёмныя тужлівыя вечары...

Упершыню аўтар гэтых радкоў сустрэлася з Пятром Навумчыкам 15 гадоў таму, калі адкрывалі новы помнік, узведзены найперш клопатамі старасты. Тады яшчэ была жывая Соф'я Сідарчук, многія іншыя, хто страціў блізкіх. Бабуля Соня не змірылася са стратай адзінай дачушкі паўвека. У вёсцы казалі, што яна плакала кожны дзень. У тыя далёкія 50-я маладая Соф'я думала, што ўсю адмераную лёсам чашу гора і пакут яна выпіла да дна. Не вярнуўся з фронту муж, памёр ад туберкулёзу прыёмны сын. Адно святло ў акенцы заставалася — дачушка Надзейка. Не паспела ўсвядоміць, паверыць да канца, выкрычацца, як яе крывіначку, ці тое, што засталося ад дзіцяці, панеслі разам з усімі ў агульную магілу. Тады, праз 45 гадоў, яна зусім хворымі, непаслухмянымі нагамі ішла да помніка гадзіну, а іншыя пераадольвалі гэту адлегласць за 10 хвілін.

Успаміналі тады і пра хлопчыка, які звесіўся ў аконным праёме і крычаў: «Ратуй мяне, мамачка! Я больш ніколі не буду хадзіць у кіно». Выцягнуць яго аказалася немагчыма. Збітыя ў натоўп людзі намертва прыціснулі ногі дзіцяці і яго апошнюю надзею на паратунак. У кожнай сям'і — свае страшныя ўспаміны.

Пасля сумных падзей на матэрыялы крымінальнай справы быў накладзены грыф «зусім сакрэтна». І хоць ранкам наступнага дня замежныя радыёстанцыі перадалі інфармацыю аб трагедыі маленькай палескай вёскі, у Савецкім Саюзе пра пажар не паведамілі ніводным радком. Ніхто не абвясціў жалобу.

Праз паўгода адбыўся суд. На лаве падсудных аказаліся кінамеханік, глядач Уладзімір Навумчык, які ўпусціў лямпу, загадчыкі школы і клуба, старшыні калгаса і сельсавета, сакратар партарганізацыі і начальнік раённай пажарнай аховы. Кінамеханіку далі восем гадоў, Уладзіміру Навумчыку — шэсць. Але ад таго, што многіх пакаралі, нікому лягчэй не стала. Іншая рэч, што на закрытым пасяджэнні Сакратарыята ЦК КПСС, якое разгледзела прычыны пажару, было прынята рашэнне поўнасцю адмовіцца ад выпуску таннай нітраплёнкі. Трэба было загінуць шасцідзесяці пяці жыхарам палескай вёскі, каб у краіне плёнку для кінастужак замянілі на бяспечную. Але пра гэта жыхарам Бусы таксама не паведамілі.

Прайшоў год пасля пажару, і на месцы згарэлай школы з'явіўся помнік з цэглы. Яго пабудаваў мясцовы ўмелец Сцяпан Вырвіч. З цягам часу сціплы манумент стаў разбурацца. І ў канцы 90-х — пачатку нулявых гадоў паўстала пытанне аб узвядзенні новага помніка. За збор грошай узяліся разам. Стараста Пётр Навумчык хадзіў па ўсіх заможных земляках. Першым адклікнуўся мотальскі прадпрымальнік Сцяпан Шыкалай. Тагачасны дырэктар Пінскага кінавідэапракату Аляксандр Шыманскі напісаў пісьмы калегам. Адным словам, грошы сабралі, і помнік, на якім увекавечылі імёны ўсіх землякоў, што загінулі ў тую страшную ноч, пабудавалі. Яго адкрылі да 45-й гадавіны трагедыі. І цяпер там кожны год збіраюцца вяскоўцы, іх дзеці і ўнукі. Правільней сказаць, яны збіраюцца спачатку на могілках, дзе ў адну шарэнгу стаяць падобныя адзін да аднаго помнікі. Тады за адну ноч маракі Пінскай флатыліі выкапалі траншэі і дапамаглі правесці пахаванне. Магілы асвячаюць штогод, праводзяць памінальную малітву ў царкве, потым ідуць да агульнага помніка ўскласці кветкі.

— Так будзе і цяпер, — сказаў Пётр Іосіфавіч Навумчык. — Збяруцца дзеці і ўнукі нашых землякоў, прыедуць афіцыйныя асобы. У вёсцы засталося ўжо менш за 90 жыхароў. Большасць з іх пенсійнага ўзросту.

Дарэчы, стараннямі таго ж Пятра Іосіфавіча і яго аднадумцаў не так даўно тут з'явіўся яшчэ адзін памятны знак, прысвечаны землякам-франтавікам. Буса жыве памяццю.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Іванаўскі раён

Загаловак у газеце: Самае страшнае кіно мінулага стагоддзя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.