Вы тут

Агляд Асноўнага конкурсу ігравога кіно «Лістапада»


Я сабе больш не давяраю. У пошуках «ісціны, любові і прыгажосці» на кінафестывалі «Лістапад» я паглядзела ўсе адзінаццаць фільмаў Асноўнага конкурсу ігравога кіно. І я не магла стрымацца ад смеху, плакала, ёрзала ў крэсле і з'язджала з яго, закрывала твар рукамі, а адзін раз нават вылаялася (на «Пакорлівай» Сяргея Лазніцы). Гэта ўсё зноў пра мяне, пра вас, пра кожнага, пра наша агульнае, пра ўвесь гэты стылы неўладкаваны ці ўсё ж уладкаваны «постсавок». Я знайшла ў гэтым любоў і такую прыгажосць, перад якой толькі замерці ў захапленні. Засталося пражыць некаторы час з гэтым набыткам і вылучыць з яго ісціну. Так, кіно зноў нас паглядзела. Цэлых адзінаццаць разоў.


«Ліс­та­па­д» Рай­нэра Са­рнэта.

Падчас кінафестывалю спіс любімых фільмаў звычайна папаўняецца: мой гэтым разам папоўніўся ў першую чаргу эстонскім «Лістападам». Я ніколі не бачыла нічога падобнага: гэта самае дзіўнае, прыгожае, незвычайнае відовішча з усяго, з чым мне даводзілася мець справу апошнім часам. Райнэр Сарнэт узнавіў на экране чорна-белае мінулае з яго разрывам паміж сялянствам і знаццю, з язычніцтвам і хрысціянствам, з духамі, магіяй і самымі прыземленымі чалавечымі жаданнямі. Ён аб'яднаў у гэтым фантасмагорыю, іронію, рамантызм, хорар і містыку, якая прымушае трапятаць. Ён пабудаваў на гэтым прыгожую, незвычайную, трагічную гісторыю кахання. Пры гэтым не менш важна, якое ўспрыманне культурнай і гістарычнай спадчыны транслюе Райнэр Сарнэт: паганства і хрысціянства ў фільме не супрацьстаяць адно аднаму, а суіснуюць; тут няма болю за шэрую галечу, у якой вымушаныя былі жыць продкі эстонца; не ўбачыце вы і паблажлівасці да нізкіх чалавечых праяў або да ўбогай агіднасці. Усе знакі мінулага рэжысёр прымае такімі, якія яны ёсць, і ў сваёй карціне прыводзіць іх да прымірэння. Больш за тое, на гэтай сярэднявечнай выродлівасці з самай непрыкметнай чалавечай фізіялогіяй ён стварыў дзівосны па прыгажосці, нават вытанчаны фільм.

Мабыць, гэтай «талерантнасці» не хапае Сяргею Лазніцу і ў прыватнасці яго карціне «Пакорлівая», дзе канцэнтрацыя абсурднасці, нялюдскасці і жудаснасці рэчаіснасці б'е наводмаш. Што ж, яго метад, хоць ён і паблажліва-дыдактычны, мы ацанілі. Фільм пра жанчыну з глыбінкі, якая едзе ў турму на спатканне з асуджаным мужам, ператвараецца ў своеасаблівае роўд-муві і нават у «вечнае вяртанне». Імя рэжысёра, эстэтыка фільма з першых кадраў, занадта ціхая і безабаронная гераіня і, нарэшце, выказванні калегі, якая радуецца за Пакорлівую, маўляў, яна горад паглядзіць і ў людзі выйдзе... намякаюць: прасвету ў фільме не будзе. І сапраўды галоўная гераіня — вядзёная — праходзіць гэты шлях, сустракаючыся з самымі нізкімі, амаральнымі і распушчанымі персанажамі. Гэтыя сцэны, а яны тут «збітыя», насычаныя і паказальныя, кладуцца ў пэўную характарыстыку таго свету, да якога, на думку рэжысёра, прыйшло расійскае грамадства. І тут становіцца страшна, таму што большасць з персанажаў фільма ты хацеў бы ніколі не сустракаць. Вядома, у гэтым ёсць пэўная маніпуляцыя рэальнасцю, аўтару было важна сканцэнтраваць «постсаўковы» жах так, каб пад канец ад яго нудзіла. Каны такое любяць і прымаюць на ўра.

«Гранатавы сад» Ільгара Наджафа.

Таксама ў форме роўд-муві, але ў метафізічным ключы, знятая грузінская карціна «Хібула» Георгія Авашвілі, якая распавядае пра шлях першага пасля распаду Савецкага Саюза прэзідэнта Грузіі Звіяда Гамсахурдыя. Палітык, імя якога звязваюць з аўтарытарызмам і нацыяналізмам, тут пазбаўлены ацэначных катэгорый, затое надзелены сумненнямі, болем за дзяцей Грузіі і страшнымі снамі, у якіх натоўп крычыць яму «Іуда». Я нават не ведаю, наколькі гэты фільм — аб прэзідэнце Грузіі і наколькі — проста пра чалавека і яго шлях. Кантэксты і для таго, і для іншага тут ёсць. Мы бачым раздробненую, змучаную краіну са стомленымі людзьмі і хісткімі дамамі, а ў гэтым антуражы — урад у выгнанні, які дакладна ведае, ад чаго бяжыць, але, здаецца, не ведае, куды. І мы бачым зрынутага кіраўніка ўрада, які затрымаўся між двух агнёў — ён не можа з'явіцца ў сваім кабінеце, але маральна не здольны пакінуць краіну. Ён спіць у вопратцы, мучыцца кашмарамі, трымае пры сабе зброю і раз-пораз падрываецца, каб зноў бегчы. Бо «нават дзеці ведаюць, што вы тут». Дарэчы, у асноўных конкурсах ігравога і дакументальнага кіно было прадстаўлена па адным грузінскім фільме — я магу толькі сказаць «от гэтыя грузіны» і запісаць кожны ў спіс сваіх фаварытаў.

Не падкачала і румынскае кіно. У леташнім конкурсе «Сьераневада» Крысці Пую і «Выпускны» Крысціяна Мунджыу абмяркоўваліся больш за ўсіх, а «Парарока» Канстанціна Папеску ў гэтым годзе — на мой погляд адзін з самых драматургічна і па-рэжысёрску моцных карцін. Хоць складана ўвязаць «Парароку» з глабальным пытаннем постсавецкай прасторы (у леташнім конкурсе румынскія карціны былі якраз самымі актуальнымі, выразнымі і дасціпнымі ў кантэксце нейкай сістэмы, якая нас аб'ядноўвае), яна распавядае якраз гісторыю самую што ні ёсць універсальную. Доўгімі планамі, напружаннем, нагнятаннем, разумна разыгранай неадчэпнай ідэяй галоўнага героя. Сям'я з двума дзецьмі, якую мы бачым у карціне, настолькі ж шчаслівая ў пачатку, наколькі нешчаслівая ў канцы: калі бацька з дзецьмі выходзіць на дзіцячую пляцоўку, дачка знікае і ўсё коціцца ў тартарары. Пакуты бацькі, які пачынае ўласнае расследаванне, канчаюцца жудасным фіналам, і пакуль мы да яго не даходзім, фільм учэпіста трымае гледача каля экрана. Пэўны румынскі феномен — уменне трымаць у напружанні без асаблівай дынамікі развіцця дзеянняў. Дзіўна.

Асабліва цікава было паглядзець на незнаёмую, але прывабную аўтэнтыку ў азербайджанскай карціне «Гранатавы сад» Ільгара Наджафа і фільме з Кыргызстана «Кентаўр» Актана Арым Кубата. Абедзве карціны вычляняюць кінематаграфічнасць з самога атачэння. Як універсалізм першага фільма, так і падкрэсленая лакальнасць другога прыгожа абыходзяцца з матэрыялам сваёй унікальнай сістэмы — прыроды, архітэктуры, культуры. Як і «Лістапад», яны апрацоўваюць сваю спадчыну, не падганяюць кіно пад каноны, захоўваюць у гэтым саміх сябе. Мяне пакарыла арганічнасць і чуллівасць аднаго з галоўных герояў азербайджанскай карціны — старога мужчыны, які жыве з нявесткай і ўнукам, трымае вялікі сад з гранатавымі дрэвамі і прымае сына, які знік дванаццаць гадоў таму. Мне было радасна чуць кыргызскую легенду і бачыць у ёй сюжэтны ключ у фільме «Кентаўр», дзе галоўны герой па сутнасці з'яўляецца канакрадам, а ў сваіх таемных матывах спадзяецца адрадзіць былую згуртаванасць свайго народа.

«Па­кор­лі­вая» Сяр­гея Лаз­ні­цы.

Вельмі своеасабліва, але таленавіта немка Валеска Грызебах у сваім фільме «Вестэрн» распавядае гісторыю пра групу нямецкіх будаўнікоў, якія прыехалі на працу ў балгарскую правінцыю. Як пісьменна і ледзь прыкметна — пункцірам — яна вымалёўвае пэўны характар немцаў, якія трапляюць у Балгарыю, вобраз мясцовых жыхароў, дыспазіцыю паміж імі. Як яна вылучае з нямецкіх «заваёўнікаў» аднаго персанажа, які аказваецца сваім-чужым і на тым баку, і на другім, а ў рэшце рэшт проста паталагічна адзінокім чалавекам. Тут ёсць пустэча, пясок, конь, заваяванне зямель — знакі вестэрна, і непараўнальныя сцэны, дзе балгары з немцамі размаўляюць, не ведаючы мовы адзін аднаго. Вельмі тонкі, далікатны, але, у той жа час, бязлітасны погляд на сваіх суайчыннікаў сярод іншых еўрапейскіх народаў, шматзначная гульня са словам «заваёўнік» ці «заваяванне», без чаго не абыходзіцца вестэрн, і ўжо на другім плане — амаль заўважны мост паміж сённяшняй Германіяй і яе былымі амбіцыямі.

Асноўны конкурс чарговы раз пацвердзіў, што праз зварот да ўласнай культуры, што б за гэтым словам ні стаяла, кінематограф набывае незвычайную моц. Наколькі гэта магчыма, я ўсе прадстаўленыя ў праграме культуры спасцігнула і нават знайшла ў сваім бэкграўндзе прычыны ставіцца да кожнага з фільмаў прадузята. Да расійскай беспрасветнасці, азербайджанскага болю, нямецкіх рэфлексій, літоўскіх пошукаў, эстонскага прыняцця. Я ўсё бліжэй да вызначэння ісціны. І я ведаю, дзе працягваць яе шукаць.

Ірэна Кацяловіч

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Кінематаграфічнасць постсавецкай прасторы — у самой гэтай прасторы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».