Вы тут

Айчынная служба акушэрства і гінекалогіі — эталонная для многіх краін


Па паказчыку дзіцячай і жаночай смяротнасці Беларусь займае 4-е месца, па індэксе становішча маці — 24-е. Па прагнозах, паказчык дзіцячай смяротнасці на канец года будзе адным з самых нізкіх у Еўропе. Аб гэтым паведаміў міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерый Малашка падчас адкрыцця ў Мінску X з'езда акушэраў-гінеколагаў і неанатолагаў. Урачы-спецыялісты не толькі нашай краіны, але і блізкага і далёкага замежжа, у тым ліку Партугаліі, Германіі, Ізраіля, абмеркавалі пытанні арганізацыі дапамогі маці і немаўлятам, захавання рэпрадуктыўнага здароўя.


Мацярынская смяротнасць за апошнія дзесяць гадоў знізілася ў нашай краіне ў дзесяць разоў. Наогул у 2015 годзе ў свеце быў дасягнуты гістарычны мінімум па гэтым паказчыку.

Некалі ў родах гінула столькі жанчын, што ніводная пандэмія з гэтым не магла параўнацца, а цяпер размова ідзе пра адзінкавыя выпадкі. Звязаны яны з цяжкім станам здароўя парадзіх — напрыклад, парокам сэрца, паталогіяй сасудаў галаўнога мозга і г. д. А таму планаванне цяжарнасці было і застаецца надзвычай актуальным для любой пары.

Для Беларусі гэта важна і ў тым сэнсе, што пачынаючы з 2011 года колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту — асабліва ў групе 20—34 гадоў — няўхільна зніжаецца. Адпаведна зніжаецца і колькасць нованароджаных. Між тым пастаянна павышаецца ўзрост уступлення ў шлюб і нараджэння першынца. Усё больш сем'яў сутыкаюцца і з праблемай бясплоднасці.

— Я быў запрошаны на гэты з'езд для абмеркавання праблемы бясплоднасці ў жанчын — адной з самых актуальных праблем у акушэрстве і гінекалогіі свету, — кажа старшыня кангрэса «Спрэчныя пытанні акушэрства і гінекалогіі Еўропы» Зіён БЭН РАФАЭЛЬ (Ізраіль). — Некалькі гадоў таму жанчына ўступала ў шлюб у 25—30 гадоў і, адпаведна, нараджала ў 30—35, а цяпер расце колькасць жанчын, якія нараджаюць у 40—45. На жаль, пасля 35 гадоў здольнасць да зачацця імкліва зніжаецца з кожным годам. Як расце працэнт бясплоднасці ў прынцыпе, так расце ён і сярод жанчын пасля 35...

Дапамагчы пераадолець гэту праблему заклікана экстракарпаральнае апладненне. Сёння нідзе ў свеце такая працэдура не гарантуе стапрацэнтнага выніку, але ўдасканаленне тэхналогіі пастаянна працягвацца. У нашай краіне створана сістэма дзяржаўнага крэдытавання шлюбных пар, якія плануюць рабіць ЭКА. Для гэтага неабходна звярнуцца ў арганізацыю аховы здароўя, дзе праводзіцца працэдура (яны ёсць сёння не толькі ў сталіцы, але і ў Гродне, Віцебску). Там ім выдаецца фінансавы дакумент, на падставе якога праводзіцца льготнае крэдытаванне ў межах 5 тысяч рублёў (летась на гэта было ў цэлым па краіне выдаткавана каля 70 тысяч рублёў). Калі першая спроба абыходзіцца танней, то другую частку крэдыту можна выкарыстоўваць на паўторную спробу. Штогод праводзіцца звыш 3 тысяч цыклаў ЭКА, але толькі частка з іх аказваецца паспяховымі, што абумоўлена прычынамі бясплоднасці, узростам пары.

Пасля наведвання адной з буйных клінік сталіцы Зіён Бэн Рафаэль быў прыемна здзіўлены ўбачаным — аснашчэнне, абсталяванне, як ён кажа, адпавядаюць самым высокім патрабаванням, а беларускія ўрачы аказваюць меддапамогу паводле сусветных стандартаў.

Пры гэтым нават калі ўзнікаюць нейкія пытанні, то сёння дзякуючы інтэрнэту ўрачы рознага ўзроўню з розных краін могуць абмеркаваць іх анлайн.

Заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі, член-карэспандэнт РАН, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры акушэрства і гінекалогіі з курсам перынаталогіі Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў Віктар РАДЗІНСКІ выказаў сваю думку адносна дамашніх родаў: «Пад вокнамі кожнага дома нерэальна забяспечыць машыну хуткай дапамогі з акушэркай, рэанімацыйнай брыгадай... Чуткі пра тое, што 30 працэнтаў галандскіх жанчын нараджаюць дома, не пацвярджаюцца. Таму што разгарнуць аперацыйную у кожным доме — неймаверна дарагое задавальненне. А калі гэтага не зрабіць, будуць выпадкі з сумным фіналам, і такія выпадкі, калі жанчыну з кровацячэннем пасля хатніх родаў «хуткая» не паспявала давезці да клінікі, маюць месца ў Расіі. Сёння трэба імкнуцца да таго, каб у радзільнях ствараць хатнюю атмасферу, каб муж, мама, сястра прыходзілі да жанчыны, падтрымлівалі яе, але побач з аперацыйнай і рэанімацыяй. Урач абавязаны аказаць меддапамогу, калі яго выклічуць, але арганізоўваць роды дома ён не мае права... Свет сёння змагаецца і з лішнімі ўмяшаннямі ды ўжываннем непатрэбных прэпаратаў падчас цяжарнасці. У нас па дурасці 70 працэнтаў цяжарных атрымліваюць нейкія лекі, прызначаныя ўрачамі пад уздзеяннем тых людзей, што іх агрэсіўна прасоўваюць. Пытанне аб прымяненні падчас цяжарнасці но-шпы ў развітых краінах ужо вырашана — яе не прызначаюць. З усіх вітамінаў доказную базу мае толькі фоліевая кіслата — і тое не падчас, а да наступлення цяжарнасці».

Са слоў Валерыя Малашкі, у радзільных дамах сёння ўжо створаны самыя камфортныя ўмовы. У 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска за 3 тысячы рублёў прапануецца пражыванне амаль у кватэры з кухняй, гасцінай, індывідуальным персаналам. Установы аховы здароўя актывізавалі апошнім часам работу па перадабортным кансультаванні, чым выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве. Але медработнікі проста выконваюць свае абавязкі. Яны павінны дапамагчы жанчыне зрабіць правільны выбар — параіць, растлумачыць, засцерагчы. Практычна ў любой радзільні ёсць і магчымасць партнёрскіх родаў. Сістэма падрыхтоўкі да родаў з удзелам мужчын, наведванне імі спецыяльных заняткаў, як лічыцца, умацоўваюць сям'ю, нараджаюць глыбокае пачуццё любові да дзіцяці, спрыяюць прывязанасці паміж самімі партнёрамі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Лепш раней, чым ніколі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».