Вы тут

Чым можа дапамагчы экскурсія па цэнтры Мінска?


Цэнтр горада, часцей за ўсё, — гэта тая тэрыторыя, дзе сяліліся першыя мясцовыя жыхары, той пункт, з якога пачалася яго гісторыя. «Звязда» прагулялася разам з экскурсаводам Юліяй Сакаловай па Нямізе і Верхнім горадзе, каб па-новаму зірнуць на «сэрца» сталіцы.


Домікі з сучасную кухню і тысячагадовы вянок

Калі вярнуцца ў часе на адзінаццаць стагоддзяў таму, то пачынаць экскурсію варта было б за 16 кіламетраў ад мяжы горада. Бо менавіта там знаходзілася месца, якое згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» як Менск. У Беларусі назвы гарадоў, якія заканчваюцца на -ск, традыцыйна паходзілі ад назваў найбліжэйшых рэчак: Полацк — Палата, Віцебск — Віцьба. Аднак на тэрыторыі сучаснага горада нічога падобнага не было: Пярэспа, Лоша, Няміга, Свіслач... Рэчка Мена «знайшлася» паблізу вёскі Гарадзішча, якая цяпер адносіцца да Шчомысліцкага сельсавета. Падчас раскопак там знаходзілі толькі рэчы, вырабленыя да ХІІ стагоддзя. Супаставіўшы гэтыя факты, навукоўцы прыйшлі да высновы, што, з верагоднасцю больш за 90%, менавіта там жылі першыя мінчукі, якія потым былі вымушаныя пераехаць.

Прычына была якраз у падзеях, якія апісваліся ў летапісе. У 1067 годзе князі Яраславічы пайшлі вайной на полацкага князя, якім тады быў Усяслаў Чарадзей. Лічылася, што ён нарадзіўся ад чаравання, ці, інакш кажучы, вядзьмарства, і ў яго на целе была нейкая загана, якую ён усё жыццё хаваў. Хутчэй за ўсё, гаворка ішла аб буйной радзімай пляме. Але яго сучаснікі ўсур'ёз былі ўпэўненыя, што ён можа абарачацца ў арла, вепрука, ваўка, а таксама знаходзіцца ў розных месцах адначасова. Тым не менш гэта яму не дапамагло: бітву з Яраславічамі ён прайграў. Менск быў цалкам разбураны, таму мясцовыя жыхары, хто застаўся ў жывых, сабралі пажыткі і перайшлі на іншае месца.

Вось зараз самы час згадаць пра раён сучаснай Нямігі, таму што накіраваліся яны туды. Месца было абрана нездарма. Вядомы факт, што самая старая, 800-гадовая, вуліца горада паўтарае рэчышча ракі Нямігі, якая раней упадала ў Свіслач. Дарэчы, сама Свіслач была шырокая, суднаходная, у ёй нават лавілі фарэль, а на беразе размяшчаўся прыстойны рыбны рынак. Паблізу, з боку Петрапаўлаўскай царквы і да Палаца спорту, цякла яшчэ адна рака, якая ўпадала ў Свіслач. Такім чынам утварыўся ідэальны, абаронены з усіх бакоў вадой участак, нібы адмыслова прызначаны для будаўніцтва горада. Гарадскі вал умацавалі бярвёнамі — гэта было настолькі саліднае і моцнае збудаванне, што яго некалькі разоў спрабавалі ўзяць аблогай і не змаглі. На ўмацаванне сышло лесу аб'ёмам з тры футбольныя палі. Вонкавыя сцены былі практычна вертыкальныя — адным словам, рабілі ад душы і на стагоддзі.

Так выглядала папярэдняя мінская ратуша.

Забудова ўнутры была хаатычная. Домікі памерам ўсяго чатыры на чатыры, а то і тры на тры метры. Па вуліцы сцялілася драўляная маставая, зверху на якую клалі новую, калі па старой немагчыма было прайсці, — усе адкіды ішлі на вуліцу. Ужо пры Глебе Менскім у ХІІ стагоддзі пачалі будаваць першы мураваны будынак — царкву. Але ўзвялі толькі два метры ў вышыню і з невядомай прычыны закінулі работу. Дарэчы, рэшткі пабудоў захаваліся да гэтага часу — і царква, і само гарадзішча знаходзяцца пад будынкам цэнтра фізічнага выхавання. Калі будавалі метро ў 1984 годзе, на тэрыторыі гэтай царквы знайшлі 21 пахаванне. Адно з іх было шаснаццацігадовай дзяўчыны. Дзякуючы багністай глебе, яно вельмі добра захавалася: сукенка, пацеркі, скураныя тэпцікі, а на косках навукоўцы паспелі нават убачыць, пакуль ён не рассыпаўся ў пыл, вянок з белых кветак.

Ратуша, якая растварылася ў прасторы...

Паколькі горад стаяў на скрыжаванні двух асноўных гандлёвых шляхоў і аднаго дапаможнага, да з'яўлення чыгункі менавіта гандаль быў асноўным заняткам мясцовых жыхароў. Спачатку горад рос у бок Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў, за якімі былі Татарскія агароды. На месцы цяперашняй гасцініцы «Юбілейная» стаяла мячэць, толькі нядаўна яе адбудавалі нанова, але ўжо на вуліцы Грыбаедава. Пазней Мінск пачаў развівацца ў бок сучаснага праспекта Незалежнасці.

Адным з самых прыгожых месцаў у горадзе была Ратушная плошча. У 1499 годзе Мінск атрымаў магдэбургскае права. Да гэтага ўсімі землямі кіравалі альбо буйныя феадалы, як, напрыклад, Радзівілы, альбо вялікі князь. З наданнем магдэбургскага права гараджане атрымалі магчымасць самакіравання. Сімвалам гэтага права станавілася ратуша, дарэчы, цяперашняя для Мінска ўжо трэцяя: першая згарэла, а другую разбурылі. У ратушы засядалі лаўнікі — члены крымінальнага суда — і рада. Гэта быў агульны савет, які, па сутнасці, кіраваў усімі гарадскімі справамі. Вялікі князь у гэтым ніяк не ўдзельнічаў, а толькі атрымліваў падаці. Пры гэтым сачыць за тым, што адбываецца, яму было неабходна, таму ён прызначаў свайго пасланца — войта, які кантраляваў жыццё горада. Буйная скульптура перад ратушай увасабляе менавіта яго. Існуе нават нядаўна прыдуманае гарадское павер'е, што, калі патрэбна кватэра ў Мінску, трэба пацерці ключ у руках у войта.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай будынак занялі імперскія ўлады. Аднак ён занадта нагадваў пра былыя вольнасці, таму ў 1851 годзе было прынята валявое рашэнне, якое асабіста падпісаў імператар Мікалай І, аб зносе мінскай ратушы. Фармулёўка была такая: замінае маршыраваць салдатам на пляцы. У горадзе аб'явілі, кажучы сучаснай мовай, тэндар на тое, каб яе разабраць. Ён праходзіў шэсць гадоў, у горадзе было 30 будаўнічых арганізацый, але ніхто не хацеў брацца за гэтую работу. Тады ў 1857 годзе з гэтай мэтай прыгналі зняволеных з Пішчалаўскага замка.

Аднак ратуша не знікла бясследна. Бляха з даху пайшла на выраб 1,5 тысячы шыльдаў з назвамі вуліц і нумарамі дамоў. З драўляных перакрыццяў зрабілі лавачкі для гарадскога саду. Цэглай выслалі маставую. Так яна засталася ў горадзе, не прыцягваючы да сябе ўвагі. Дарэчы, лічыцца, што цяперашнюю ратушу не пабудавалі нанова, а аднавілі, таму што неразбураныя засталіся падмуркі. Яна вельмі падобная да сваёй папярэдніцы.

Экіпаж з коньмі таксама апынуўся побач з ратушай невыпадкова — раней тут знаходзілася біржа, дзе іх можна было ўзяць напракат, каб пакатаць якую-небудзь прыгажуню. Дарэчы, аб гэтай скульптуры таксама ўжо ходзіць легенда. У аднаго з коней вушы павернуты ў іншы бок. Дык вось, калі ў вас у жыцці нешта ідзе не так, то варта іх пацерці і ўсё павінна наладзіцца.

Аўтар кампазіцыі, напэўна, самы «мінскі» з усіх скульптараў — Уладзімір Жбанаў. Ён з сям'і ваенных, служыў у Афганістане, калі вярнуўся, займаўся толькі ваеннай тэматыкай. Да адной лёсавызначальнай сваркі з жонкай, пасля якой ён адлюстраваў яе не ў самым прывабным выглядзе. Дарэчы, той вобраз лёг у аснову «Незнаёмкі», якая ўсталяваная ў Міхайлаўскім скверы.

Воблік Верхняга горада цяпер.

Немец-партызан і трагічная ёлка

І ўсё ж Ратушная плошча — гэта месца, якое вядома не толькі вясёлымі гісторыямі. У гады вайны паблізу размяшчалася СД. Цяпер на гэтым будынку вісіць мемарыяльная дошка, і прысвечана яна... немцу. Фрыц Паўль Шменкель — адзіны з немцаў, хто быў уганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. Ён быў антыфашыстам, але трапіў у нямецкую армію, і ўсё ж як толькі разам з войскам перайшоў мяжу, адправіўся шукаць партызанскі атрад. Вядома, партызаны спачатку не хацелі верыць у яго добрыя намеры і нават збіраліся расстраляць ворага, але Шменкелю ўдалося іх пераканаць. Тым не менш зброю ў рукі яму не давалі, пакуль ён сам не адбіў для сябе ў баі кулямёт.

Паколькі ён быў носьбітам мовы і ў яго была нямецкая форма, ён мог лёгка маскіравацца. Зайсці ў штаб і вынесці адтуль каштоўныя паперы або скрасці абоз з харчаваннем — такія выпадкі здараліся ў практыцы адчайнага немца. За яго галаву прызначылі ўзнагароду ў 25 тысяч марак, і ў 1944 годзе яго арыштавалі і расстралялі. Ужо ў 1960-я яго заслугі былі ацэненыя, і Фрыц Шменкель пасмяротна атрымаў адно з самых ганаровых у СССР званняў.

Яшчэ адна з цёмных старонак Ратушнай плошчы звязаная з Гасцінным дваром. Дарэчы, такую назву ён атрымаў ад слова, якім у даўніну называлі купцоў — госці.

1 студзеня 1946 года было вырашана зладзіць ёлку для дзяцей і моладзі. Электрычнасці не было, таму гарэлі свечкі. У памяшканні, упрыгожаным паперай і ватай, практычна ў момант пасля пачатку свята заняўся пажар. Дзеці сталі кідацца па будынку, выскоквалі з вокнаў... У выніку загінула каля ста чалавек. Абвінавацілі ва ўсім арганізатара, але ў яго самога ў гэтым пажары загінула дачка, таму яго не пакаралі, а справу на доўгі час засакрэцілі. Толькі на Вайсковых могілках усталявалі невялікі помнік у памяць ахвяр.

У нашы дні Ратушная плошча па праве асацыюецца з радаснымі падзеямі — чаго вартыя толькі дні нацыянальных культур, якія ў цёплую пару года праводзяцца тут практычна кожныя выхадныя. А джазавыя
вечары, а «Пешеходка»... Да таго ж, калі верыць гарадскім легендам, то можна не толькі музыку паслухаць, але і вырашыць многія свае жыццёвыя праблемы.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Вырашыць жыллёвае пытанне і нават наладзіць жыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».