Вы тут

Якія крызісы падсцерагаюць нас у шлюбе?


З уступленнем у шлюб казка заканчваецца. Пачынаюцца будні, пастаяннае суіснаванне з партнёрам — новая стадыя стасункаў. Калі нейкая з'ява пераходзіць у новую стадыю развіцця або іншую якасць, кажуць пра крызіс — момант, які ясна паказвае, што з'ява ўжо не вернецца на мінулы этап, але яшчэ невядома, у які бок усё будзе змяняцца.


— Часта сямейныя крызісы супадаюць з крызісамі асобы — усё ж такі кожны чалавек развіваецца індывідуальна, — заўважае намеснік галоўнага ўрача па памежнай псіхіятрыі Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Наталля БЕРАЗОЎСКАЯ. — У той час як адзін робіць некалькі скачкоў наперад, іншы здольны ўсяго на адзін або і таго менш, бо яго ўсё задавальняе! Самыя моцныя крызісы адбываюцца калі нехта ў наша жыццё прыходзіць (уступленне ў шлюб, нараджэнне нашчадкаў) або сыходзіць з яго (аддзяленне дзяцей, смерць). Кожная сям'я праходзіць праз некалькі крызісаў.

Уступленне ў шлюб. Проза сямейнага жыцця здымае ружовыя акуляры.

Жанчына мяняе прозвішча. Адбываецца наладжванне стасункаў са сваякамі. Маладыя павінны дамовіцца не толькі паміж сабой аб тым, як будуць жыць, але яшчэ і з бацькамі аб тым, як малая сям'я будзе суіснаваць унутры вялікай.

Пакуль няма дзяцей. Гэта крызісная фаза надыходзіць праз 6—9 месяцаў пасля вяселля і можа доўжыцца да 1,5 года. Недахопы партнёра становяцца заўважнымі. Ад партнёра пачынаюць патрабаваць таго, што давалі бацькі. Пачынаецца размеркаванне абавязкаў. Устанаўліваюцца межы: што можа сабе дазволіць кожны, што рабіць з рознымі сямейнымі традыцыямі. Навальваюцца матэрыяльныя і жыллёвыя цяжкасці. Дробязі (шкарпэткі па кутах і незакрыты цюбік пасты) становяцца прычынай сварак і высвятлення адносін.

З'яўленне дзяцей. Статус жанчыны мяняецца, яна губляе ролю дзіцяці. Неабходнасць сядзець дома выклікае пачуццё адзіноты. Не выключана зніжэнне сексуальнай прывабнасці, а таму другая палова можа дазволіць сабе сёе-тое па-за межамі сям'і. Як вынік — пасляродавая дэпрэсія. А калі дзіця ідзе ў школу, бацькоў пачынаюць ацэньваць з пазіцыі таго, наколькі добра яно падрыхтаванае, як яно выхавана. А ў поглядах мамы і таты нярэдка ёсць супярэчнасці, а тое і дыяметральна процілеглыя пункты гледжання. Гэты час можа супадаць з крызісам сёмага года шлюбу, які характарызуецца сіндромам «прачытанай кнігі». Партнёрам здаецца, быццам, яны настолькі ведаюць адно аднаго, што нічога новага ў іх сямейным жыцці не прадбачыцца. Нярэдка гэта думка штурхае і мужчын, і жанчын на пошук флірту, палюбоўнікаў, інтрыг, сексуальных эксперыментаў.

Крызіс сярэдзіны жыцця, стадыя спелага шлюбу. Да мужчыны прыходзіць разуменне планкі кар'еры. Жанчына сутыкаецца з узроставымі змяненнямі: страта прыгажосці, прывабнасці. Здрады ў гэты час могуць быць кампенсацыяй страты маладосці, праблем у інтымным жыцці. А тут яшчэ праблемы з дзецьмі-падлеткамі, якія патрабуюць большай незалежнасці, іх неабходна адпускаць. Нагадваюць пра сябе і састарэлыя бацькі.

Дзеці пакідаюць дом. Прызнаць іх даросласць нялёгка. Узнікае рэўнасць да іх партнёраў, крыўда, імкненне захаваць уплыў.

Пакінутае гняздо. Эмацыянальны вакуум запаўняецца імкненнем кіраваць дзецьмі на адлегласці, любымі сродкамі прыцягваць унукаў, спробы спаборнічаць у тым, хто больш дапамагае.

Жыццё аднаго партнёра пасля смерці другога. З'яўляецца пачуццё непатрэбнасці: любага няма — навошта жыць? Або наадварот, узнікае страх смерці.

— Самая важная задача кожнага члена сям'і падчас любога крызісу — аднавіць узаемаразуменне, не ігнараваць пачуцці і пажаданні свайго партнёра. Размова не аб тым, драўлянае ў нас вяселле або сярэбранае, а ў тым, што ўнутры нас пад уздзеяннем знешніх абставін адбываюцца перамены. Не заўсёды адразу можна вызначыць, добрай ці дрэннай для шлюбу з'яўляецца тая ці іншая падзея. І як менавіта рэагаваць на стрэс. Ёсць шмат варыянтаў выхаду з сітуацыі, але заўсёды застаецца магчымасць ставіцца адно да аднаго з павагай. Пасля буры можа з'явіцца вясёлка. Аптымістычна настроеныя пары больш цэняць сумеснае жыццё, бо імкнуцца навесці масты і мяркуюць, што няма добрага без дрэннага. Гэта думка павінна дапамагчы перажыць з найменшымі стратамі крызісы, праз якія непазбежна праходзім усе мы.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сіндром прачытанай кнігі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».