Вы тут

БРСМ пацвердзіў акрэдытацыю ў Еўрапейскай валанцёрскай службе (ЕVS)


БРСМ пацвердзіў акрэдытацыю ў Еўрапейскай валанцёрскай службе (ЕVS) да 2020 года.

Гэта адзін з праектаў праграмы Еўрасаюза Еrаsmus+. Нагадаем, што ўпершыню наш саюз моладзі атрымаў магчымасць далучыцца да агульнай еўрапейскай сеткі маладзёжных валанцёрскіх праектаў яшчэ ў 2014 годзе, што стала важным крокам у развіцці валанцёрскага руху БРСМ «Добрае Сэрца».


— Зноў пацвердзіць акрэдытацыю для нас было вельмі важна. Статус БРСМ у якасці афіцыйнага партнёра Еўрапейскай валанцёрскай службы дазваляе накіроўваць беларускіх валанцёраў для ўдзелу ў розных еўрапейскіх праектах і дае ім магчымасць прымяніць свае веды, уменні і навыкі не толькі на радзіме, але і ў еўрапейскіх краінах, — падкрэслівае каардынатар ЕVS-праектаў Цэнтральнага камітэта БРСМ Алеся САЗАНКОВА. — Сёння мы працягваем працаваць над атрыманнем акрэдытацыі ў Еўрапейскай валанцёрскай службе ў якасці прымаючага боку, што дазволіць добраахвотнікам з краін Еўрасаюза прыязджаць у Беларусь у якасці валанцёраў.

Сёлета па лініі праграмы Еrаsmus+ саюз моладзі прымаў удзел у трэцім Маладзёжным форуме Усходняга партнёрства, які праходзіў у Варшаве і сабраў каля 300 актывістаў, маладзёжных работнікаў і маладых палітыкаў з 33 еўрапейскіх краін, якія ўдзельнічаюць у праграме Еўрапейскага саюза Еrаsmus+ для абмеркавання пытанняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі і ўдзелу моладзі ў працэсе прыняцця рашэнняў.

Актыўна ў рамках праграмы Еrаsmus+ развівае супрацоўніцтва Брэсцкі абласны камітэт БРСМ. У міжнародным абмене моладзь вобласці актыўна ўдзельнічае з верасня 2014 года. Па праграме Еўрапейскай валанцёрскай службы рэалізуюцца па два-тры сумесныя праекты ў год. У прыватнасці, актыў БРСМ прымае ўдзел у міжнародным праекце «Калейдаскоп еўрапейскіх традыцый», у якім задзейнічаны прадстаўнікі моладзі з Беларусі, Польшчы, Літвы і Германіі. Сёлета валанцёры з Брэсцкай вобласці наведвалі спецыялізаваны цэнтр па прыёме бежанцаў у польскім горадзе Бяла Падляска, прымалі ўдзел у міжнародным праекце «Міжкультурныя традыцыі».

Як стаць удзельнікам праграмы?

Трэба звярнуцца да базы міжнародных ЕVS-праектаў.

Выбраўшы той, які зацікавіў, валанцёр звяртаецца да арганізацыі, што адпраўляе ў краіну, дзе ён хацеў бы працаваць, — БРСМ. Пасля таго як прымаючы бок адобрыць кандыдатуру, падаецца заяўка на рэалізацыю праекта ў Еўрапейскую камісію, якая прымае рашэнне аб фінансаванні. У 80 працэнтах выпадкаў заяўкі ўхваляюцца. Тады тры бакі падпісваюць дагавор, і пасля афармлення візы і іншых дакументаў валанцёр выязджае ў іншую краіну.

Якую накіраванасць маюць ЕVS-праекты?

Гэта мноства тэм: культура, спорт, сацыяльнае забеспячэнне, культурная спадчына, мастацтва, правы чалавека, абарона навакольнага асяроддзя, праца з моладдзю, бежанцамі, з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, пенсіянерамі, дзецьмі і многае іншае. Адзін праект можа ахопліваць дзейнасць у рамках адной ці некалькіх тэм. Але гэта заўсёды будзе сацыяльна значны праект.

Колькі часу працуюць валанцёры?

Працоўны дзень валанцёра можа выглядаць па-рознаму ў залежнасці ад праекта. У сярэднім валанцёр працуе 30—35 гадзін на тыдзень, мае два законныя выхадныя дні на тыдзень і дадаткова да гэтага ў яго ёсць два адпускныя дні на месяц, якія ён можа назапашваць і потым выкарыстаць, напрыклад, для падарожжа. Дзейнасць валанцёра не аплачваецца і не скіравана на атрыманне даходу.

Якая працягласць праектаў?

Праект можа доўжыцца ад 2 да 12 месяцаў. Большасць маюць тэрмін ад 6 месяцаў да года.

Якія выдаткі нясуць іх удзельнікі?

Кожны праект фінансуецца за кошт Еўрапейскай камісіі. Валанцёру пакрываюцца выдаткі на праезд да краіны знаходжання і назад, афармленне візы, выдзяляюцца грошы на харчаванне і кішэнныя выдаткі.

Таксама валанцёру даюць жыллё і медыцынскую страхоўку, якая пакрывае ўсе выдаткі па медыцынскім абслугоўванні. Акрамя таго, прадугледжаны курс вывучэння мовы краіны, дзе валанцёр будзе жыць і працаваць.

Што будзе пасля заканчэння працы?

Акрамя неацэннага досведу, міжнародных кантактаў, новых прафесійных і асобасных навыкаў, валанцёр атрымлівае Yоuth Раss. Гэта сертыфікат, які сведчыць, што яго ўладальнік удзельнічаў у праграме ЕVS: ён змяшчае інфармацыю пра тое, што рабіў добраахвотнік, якіх вынікаў дасягнуў і чаму навучыўся. Yоuth Раss можа ўпрыгожыць любое рэзюмэ і партфоліа.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Пабачыць свет, знайсці сябе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».