Вы тут

Быць не як усе


Шчыра прызнаюся: не паспяваю сачыць за сучаснымі трэндамі ў маладзёжным асяроддзі. Дзякуючы сеціву яны з'яўляюцца і распаўсюджваюцца, як грыбы пасля дажджу ў добрае надвор'е. («Спадзяюся, гадоў праз 40 усё ж увядуць ордэн за заслугі перад інтэрнэтам, інакш навошта гэта ўсё?») Не, ну сачыць за тэндэнцыямі яшчэ як-ніяк спраўляюся, а вось прааналізаваць, параўнаць... Толькі наважышся напісаць калонку, прысвечаную нейкай новай з'яве, як ужо на падыходзе — чарговая. («Не паспееш ажаніцца, як ужо падрасло цэлае пакаленне маладзейшых жонак».) Памятаеце, нават дзеці яшчэ нядаўна захапляліся бонсцікамі, а цяпер на слыху іх новая забаўка — спінеры? («Нашы людзі ў смузечную на гіраскутары не ездзяць».) Ну, тут малеча, што з яе ўзяць? Некалі збіралі маркі, манеты, марылі пра кубік Рубіка, зараз вось новыя рэаліі, новыя цацкі. («Пра цяперашніх школьнікаў можна зняць толькі «Перапіска «УКантакце» Пятрова і Васечкіна» і «Статусы Пятрова і Васечкіна ў «Твітары».) Жартую, вядома, што яшчэ застаецца рабіць? («Канфлікт пакаленняў». — Превед! — Дратуці!») Але парадокс сітуацыі заключаецца ў тым, што, жадаючы быць не як усе (чытай: мець нешта адметнае, асаблівае; не так, як іншыя, выглядаць), мы часам становімся той большасцю, ад якой імкнуліся адысці...


Фота Надзеі БУЖАН

Напрыклад, кітайскія карыстальніцы сеціва выдумалі для сябе новы спосаб праверкі стройнасці фігуры. Праходзяць тэст толькі тыя дзяўчаты, талія якіх цалкам хаваецца за звычайным аркушам паперы фармату А4. Яго шырыня — 21 сантыметр. Ну, добра, няхай так вымяраюць аб'ёмы, калі іншыя спосабы надакучылі. («Я вельмі, вельмі стараюся сачыць за сваёй фігурай. Але толькі пераключу ўвагу, яна ўжо нешта жарэ».) Але прайшло ўсяго нічога, і кітайскія дзяўчаты паклалі пачатак новаму трэнду: яны здымаюць на тэлефон свае аголеныя грудзі, сціскаючы іх рукамі ў форме сэрцайка. І ў чым сэнс гэтага пасылу? Такім чынам, аказваецца, удзельніцы флэшмоба спрабуюць даказаць, што сапраўды маюць вялікі бюст. («Аксана бачыць, што Алегу не вельмі падабаецца салата, і раскрывае галоўны козыр — халат».) А часам трэнд і бокам выйсці можа. Ва ўсё тых жа жыхарак Кітая стала папулярным апошнім часам лятаць у Паўднёвую Карэю і рабіць там пластычныя аперацыі. І вось тры «прыгажуні» пасля гэтай працэдуры сталі такія непадобныя на свае фатаграфіі ў пашпартах, што не змаглі адразу вярнуцца на радзіму. Іх з распухлымі і перавязанымі (і вельмі разгубленымі) пасля аперацый тварамі затрымалі супрацоўнікі пашпартнага кантролю. («Аб'ява ў паліклініцы: «Усіх, хто зразумеў сэнс жыцця, псіхіятр прымае па-за чаргой».)

Брытанскія і амерыканскія выданні пісалі пра новую моду, якая з'явілася ў Інстаграме і іншых сацыяльных сетках. Дзяўчаты пачалі хадзіць у начныя клубы ў адной... ізаляцыйнай стужцы ці скотчы. Вось так, замест ніжняй бялізны і адзення. Далібог, праўда! Проста наклейваюць чорныя кавалачкі адмысловым чынам на інтымныя месцы, каб было падобна на сподняе, і — уперад з песнямі. («Не вынось мне мозг! — Яго туды і не заносілі!»)

Увогуле, у пагоні вылучыцца праз адзенне многія трапляюць у кур'ёзныя сітуацыі. Як Бузава і колішняя жонка стваральніка «Ералаша» Грачэўская, якія нядаўна з'явіліся на ўручэнне музычнай прэміі ў аднолькавых «голых» камбінезонах. Для любой жанчыны такая сітуацыя — жах, а калі апроч адзення больш і вылучыцца няма чым... (З фільма «Самая абаяльная і прыцягальная». «Кардэн! У нас у Саюзе дзве-тры адзінкі такіх. І тое — у жонак дыпламатаў краін, якія не далучыліся!») Але камбінезоны сталі галоўнай навіной — замест той самай прэміі. Якая музыка, маўляў, такія і сенсацыі. («Бузава — гэта ідэальны прыклад таго, як цёлка, жадаючы задзяўбці былога, задзёўбвае ўсю краіну».)

Але бываюць і процілеглыя сітуацыі. У тым ліку і ў нашай краіне ўзнікла такая з'ява, як «за шмот адкажаш». У маладзёжным асяроддзі прынята насіць абутак і адзенне пэўных брэндаў, гэта зразумела. (З таго ж фільма. «Не бачыш? Па катоне і лэйбле?») Аднак знаходзяцца прыхільнікі «чысціні радоў», якія ўчыняюць псіхалагічны гвалт над равеснікамі, якім бацькі набылі... «не тыя» рэчы. Пасыл у тым, што няшчасны, калі ён не лох, не павінен вылучацца сярод іншых. А вось гэта ўжо зусім не смешна — «за вушы да шчасця...»

...Напрыканцы выкажу банальную, але простую ісціну. Быць не як усе — гэта заставацца самім сабой. Каб цябе пазнавалі толькі па ўласцівых менавіта табе якасцях. («Часам мужа ад мяне проста трасе! Усё ж такі я ашаламляльная жанчына».) Ды што там па якасцях? Я, напрыклад, нават калі проста іду па рэдакцыйным калідоры, калегі кажуць, што адразу пазнаюць, хто гэта, — па грукаце, як той казаў, «капытоў». («Вопытны начальнік па стуку клавіятуры разумее, хто чым з падначаленых займаецца».) Дарэчы, па гэтым простым жыццёвым прынцыпе пабудавала сваё выступленне каманда Найвышэйшай лігі КВЗ «Казахі», якая нарэшце перамагла ў Летнім кубку — 2017. У іх быў скразны жарт праз усю гульню, якраз у нашу тэму. Зразумее той, хто глядзеў выступленне. «Хан, гэта я!» Таму — будзьце самі сабой! («Не крыўдзіце тых, хто вас любіць. Ім і так ужо дасталося».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?