Вы тут

На «Камволі» не хапае 160 работнікаў


Па статыстыцы, канкурэнцыя сярод саіскальнікаў на рынку працы зніжаецца: за год каэфіцыент напружанасці ўпаў з 1,1 да 0,5 беспрацоўнага на вакансію. І калі яшчэ нядаўна дзверы прадпрыемстваў ламаліся ад ахвотных, сёння на некаторых — дэфіцыт кадраў. На сталічным «Камволі» расказваюць: вакансій адкрыта мора — толькі прыходзьце.


— За чатыры гады тут прайшла мадэрнізацыя. Ад старога прадпрыемства засталіся толькі сцены. Паставілі новае еўрапейскае абсталяванне — бельгійскае, італьянскае, нямецкае. Прадукцыйнасць шалёная! Таму неабходна трэцяя змена, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара «Камволя» па кіраванні персаналам і ідэалогіі Алена ПЛЯСКОВА.

Рэканструкцыя ішла паралельна рабоце. З аднаго боку — катлаван, з другога — за станком працавалі людзі. Умовы былі вельмі цяжкія. Затое цяпер у цэхах цёпла, светла і прасторна.

— «Камволь» не той, які паказвалі па тэлебачанні ў 2012 годзе, — заўважае Алена Пляскова падчас экскурсіі па вытворчасці. — Усё стала кампактна, плошчы зменшыліся ў два разы.

Фабрыка перапрацоўвае воўну, сінтэтыку, віскозу. У цэхах у асноўным жанчыны: іх у штаце 75 працэнтаў. Мінулыя гады выпускалі да аднаго мільёна метраў тканіны, сёлета ўжо — два мільёны. Тут працуе таксама турэцкая кампанія, якая навучае беларускіх спецыялістаў новым тэхналогіям. Турцыя — у ліку перадавікоў на рынку тэкстылю, таму вопыт гэтай краіны заслугоўвае ўвагі.

Цяпер чакаюць новы асартымент. Тканіны «Камволь» пастаўляе ў Расію, Польшчу, Азербайджан, Арменію, Казахстан. Раней прадпрыемства мала працавала на спажывецкі рынак (усё ў асноўным збывалася на вытворчасці), а цяпер прадае сваю прадукцыю ў крамах.

Пасля мадэрнізацыі думалі, што штат давядзецца сціснуць. Але не спатрэбілася. Па словах намесніка гендырэктара, сёння не скарачаюць нікога. Сыходзяць толькі пенсіянеры, якія не працягнулі кантракт па ўласным жаданні. Сярэдні ўзрост на прадпрыемстве — 44 гады (у 2013-м быў 47). 235 работнікаў — да 31 года (усяго ў штаце працуе каля 730 чалавек). Апошнія чатыры гады ёсць станоўчая тэндэнцыя па павышэнні замацавання маладых спецыялістаў. Сёлета, дарэчы, на «Камволь» прынялі 26 выпускнікоў: ткачоў, распрацоўшчыкаў дызайну тканіны, аддзелачнікаў, маркетолагаў.

— Пастаўлена мэта, каб усе асноўныя рабочыя атрымлівалі 2—3 прафесіі, — дадае Алена Пляскова.

Пасля ўводу трэцяй змены фабрыцы не хапае на пастаянную работу яшчэ 160 чалавек. Аператары матальнага, стрыгальнага, роўнічнага абсталявання, вузлавязальных машын, аператары хімстанцыі (рыхтуюць фарбавальныя растворы), прадзільшчыкі, чысцільшчыкі тканіны (убіраюць вузлы, патаўшчэнні на палатне), рэстаўратары гатовай прадукцыі, памочнікі майстра... Заробкі — 450—650 рублёў. Ткачам гатовы плаціць 700 рублёў у месяц. Уладкавацца можа нават чалавек без належнага вопыту і адукацыі: на прадпрыемстве арганізуюць навучанне. Прафесіі знаходзяцца ў ільготным спісе па пенсійным забеспячэнні — праз шкодныя ўмовы (пыл, шум) работнікі выходзяць на заслужаны адпачынак на пяць гадоў раней за агульнаўстаноўлены ўзрост.

— Усім іншагароднім даём месца ў інтэрнаце, — расказвае пра сацпакет намеснік гендырэктара. — Маладым сем'ям і спецыялістам з вышэйшай адукацыяй — асобныя пакоі. Сем'ям з двума дзецьмі выдзяляем дадатковы пакой. Такое рэдка дзе ёсць. Чарга ў інтэрнат невялікая, каля 80 чалавек. А быў час, калі яна складала пад 600 чалавек.

З 2010 года прадпрыемства здало ў эксплуатацыю два жылыя дамы для сваіх работнікаў: на 102 і 135 кватэр. Цяпер збіраюцца рэканструяваць пад дом адзін з інтэрнатаў.

Каб прыцягнуць кадры, «Камволь» сумесна з мінскай службай занятасці праводзіць шэраг мерапрыемстваў. Так, заўтра на вуліцы Шчарбакова, 32 з 10.00 да 12.00 арганізуецца міні-кірмаш прадпрыемстваў. 13 лістапада ў 10.00 беспрацоўных чакаюць на самой фабрыцы (вуліца Маякоўскага, 176), каб азнаёміць з умовамі працы. А 15 лістапада з 10.00 да 12.00 па гэтым жа адрасе, на Маякоўскага, «Камволь» правядзе кірмаш вакансій.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Чаму не ідуць у ткачы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».