Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе, выступленне мінскага «Дынама» ў КХЛ і БГК імя Мяшкова ў Лізе чэмпіёнаў.


1. Завяршыліся матчы 28-га тура чэмпіянату краіны па футболе

Барысаўскі БАТЭ перамог у гасцях жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» — 4:2. Лідар першынства салігорскі «Шахцёр» з буйным лікам перайграў «Нафтан» — 5:1, футбалісты мінскага «Дынама» былі мацнейшыя за «Слуцк» — 2:0, «Нёман» саступіў брэсцкаму «Дынама» — 0:2, «Дняпро» перайграў «Славію» — 5:3. Футбалісты «Віцебска» саступілі «Іслачы» — 0:2, а «Крумкачы» з мінімальным лікам прайгралі «Гомелю» — 0:1. Матч «Гарадзеі» і «Мінска» завяршыўся з роўным лікам 1:1.

Такім чынам, на першым радку турнірнай табліцы па-ранейшаму застаецца салігорскі «Шахцёр» — (65 ачкоў), за ім ідзе мінскае «Дынама» — 62, БАТЭ замыкае тройку — 61 бал. Матчы перадапошняга, 29-га, тура адбудуцца 18 лістапада.


2. Баскетбалісты «Цмокі-Мінск» пасля пяці праведзеных сустрэч займаюць 7-е месца сярод 13 удзельнікаў чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ

У трэцім запар дамашнім паядынку мінчане прайгралі казанскаму «Уніксу» — 65:91. Самым выніковым у складзе нашай каманды стаў Крыс Чэраповіч, у актыве якога 15 ачкоў.

Нагадаем, да гэтага падапечныя Аляксандра Круцікава перамаглі гасцей з казахстанскай «Астаны» (75:66) і пермскай «Пармы» (66:65), а ў двух стартавых выязных паядынках саступілі двум фаварытам — падмаскоўным «Хімкам» (55:83) і маскоўскаму ЦСКА (54:90).

«Цмокі-Мінск» свой наступны матч Адзінай лігі ВТБ правядуць 11 лістапада ў гасцях у «Ніжняга Ноўгарада». А да гэтага, 8 лістапада, правядуць чарговы паядынак групавога этапу Кубка ФІБА-Еўропа ў гасцях у бельгійскага клуба «Шарлеруа».


3. Хакеісты мінскага «Дынама» на дамашняй пляцоўцы саступілі «Северсталі» з лікам 1:2 і аддаліліся ад зоны плэй-оф

— Гэта была вельмі важная гульня для абедзвюх камандаў. Вядома, я расчараваны вынікам. Мы гулялі дастаткова нядрэнна, але гэтага «дастаткова» не хапіла. Гэта быў матч, у якім усё вырашаў адзін гол. І калі ты ўжо прапусціў шайбу, то патрабавалася куды лепш і больш актыўна дзейнічаць у нападзенні, — адзначыў галоўны трэнер «зуброў» Гордзі Дуаер. — Падчас перапынку ў КХЛ разам з хлопцамі, якія застануцца тут, удзелім увагу гульні ў абароне. Цяпер гэта кампанент, які патрабуе паляпшэння. Для хлопцаў, якіх выклікалі ў зборную Беларусі, будзе шанц атрымаць добры вопыт, асабліва гэта датычыцца маладых гульцоў. Таксама, думаю, атрымае свой шанц выкліканы ў зборную Швецыі Юнас Энрот — ён выдатна зарэкамендаваў сябе ў матчах за «Дынама».

Наступную гульню ў дзясятым сезоне КХЛ мінскае «Дынама» правядзе пасля міжнароднай паўзы, якая надыходзіць у сувязі з выступленнем нацыянальных зборных. Мінскае «Дынама» 13 лістапада прыме на сваёй пляцоўцы «Ак Барса».


4. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў шостым туры Лігі чэмпіёнаў прайграў нямецкаму «Кілю» — 24:25

Адзначым, што гэты паядынак быў вызначаны Еўрапейскай федэрацыяй гандбола матчам тыдня.

Наступную гульню ў Лізе чэмпіёнаў БГК зноў правядзе дома. На пляцоўцы Палаца спорту «Вікторыя» 11 лістапада прыме яшчэ аднаго прадстаўніка Бундэслігі — «Фленсбург».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Аддаліліся ад плэй-оф

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?