Вы тут

Падрабязна аб тым, як памяншэнне праверак зменіць жыццё бізнесменаў


У сярэдзіне кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №376 «Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці». Гэта адзін з тых дакументаў, што мусяць разняволіць беларускі бізнес. Згодна з указам, цяпер акцэнт з пакарання за здзейсненае парушэнне змесціцца на яго прафілактыку. Аб тым, як змены адаб'юцца на айчынных прадпрымальніках, нам расказала начальнік упраўлення каардынацыі дзейнасці кантрольных (наглядных) органаў Рэспублікі Беларусь Камітэта дзяржаўнага кантролю Данута РЫЖЫКАВА.


— Якія прафілактычныя меры прадугледжвае нядаўна падпісаны Указ Прэзідэнта №376? Ці ўскладзе гэта на кантрольныя і наглядныя органы дадатковую нагрузку? І як гэта адаб'ецца на прадстаўніках бізнес-супольнасці?

— Змены ў заканадаўстве аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці, перш за ўсё, накіраваныя на прафілактыку і папярэджанне парушэнняў. У прыватнасці, прадугледжаны шэраг мер, якія дазволяць істотна знізіць праверачную нагрузку на суб'екты гаспадарання, выключыць правядзенне праверак добрасумленных, нармальна працуючых арганізацый.

Напрыклад, папераджальна-прафілактычную накіраванасць атрымаюць мерапрыемствы тэхнічнага (тэхналагічнага, праверачнага) характару. У новым заканадаўстве не дапускаецца правядзенне праверак па пытаннях, якія адносяцца да мерапрыемстваў тэхнічнага (тэхналагічнага, праверачнага) характару. Пры выяўленні ў ходзе названых мерапрыемстваў парушэнняў кантрольныя (наглядныя) органы будуць выносіць суб'екту гаспадарання патрабаванне (прадпісанне) аб ліквідацыі парушэнняў, а меры адказнасці за гэтыя парушэнні змогуць прымяняць толькі ў выпадку іх неліквідацыі альбо паўторнага дапушчэння.

Таксама больш увагі будзе ўдзяляцца правядзенню маніторынгаў, па выніках якіх суб'екту гаспадарання накіроўваюцца рэкамендацыі па ліквідацыі і недапушчэнні выяўленых недахопаў.

Суб'екты, якія правяраюцца, будуць інфармавацца аб тыповых парушэннях. Указ №376 прадугледжвае правядзенне растлумачальнай работы аб парадку выканання патрабаванняў заканадаўства, прымянення яго палажэнняў на практыцы, у тым ліку і з дапамогай семінараў і круглых сталоў з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці.

На папярэджанне магчымых парушэнняў таксама накіравана патрабаванне аб абавязковым выкарыстанні кантрольных спісаў пытанняў (чэк-лістоў) усімі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), якія ажыццяўляюць нагляд у форме праверак. Яно ўводзіцца з 1 студзеня 2018 года. Кантрольны спіс пытанняў (або чэк-ліст) — гэта вычарпальны пералік патрабаванняў, якія могуць быць прад'яўленыя да правяраемага суб'екта. Таму кожны суб'ект гаспадарання, не чакаючы праверкі, зможа самастойна ацэньваць адпаведнасць сваёй дзейнасці патрабаванням заканадаўства і прымаць меры па ліквідацыі хібаў і іх далейшым недапушчэнні.

Усе гэтыя мерапрыемствы павінны стаць неад'емным і адным з найважнейшых складнікаў у дзейнасці кантрольных і наглядных органаў.

— Якая тэндэнцыя апошніх гадоў: колькасць праверак у Беларусі памяншаецца або павялічваецца?

— У Беларусі на працягу апошніх сямі гадоў захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння колькасці праверак. Напрыклад, у 2016 годзе колькасць праведзеных праверак у параўнанні з 2010-м зменшылася на 48%, з 2013-м — на 18%, з 2015-м — на 13%.

З улікам мерапрыемстваў па ўдасканаленні кантролю і нагляду, якія праводзяцца ў краіне, у бягучым годзе асобныя кантрольныя і наглядныя органы ўжо перабудавалі сваю работу і значна знізілі праверачную нагрузку на суб'екты гаспадарання. Так, агульная колькасць праведзеных за дзевяць месяцаў гэтага года праверак у параўнанні з адпаведным перыядам 2016 года знізілася практычна напалову (на 48,4%).

— Якія (згодна з указам) павінны быць падставы для правядзення пазапланавых праверак? Дзе прадпрымальніку можна будзе знайсці план будучых выбарачных праверак?

— Важнай асаблівасцю Указа Прэзідэнта №376 з'яўляецца сыход ад правядзення планавых праверак. З новага года ў краіне будуць праводзіцца толькі пазапланавыя праверкі, а з 1 студзеня 2019 года прадугледжана правядзенне выбарачных праверак. Прычым значна ўзмацняюцца падставы для прызначэння праверак. Напрыклад, прызначэнне пазапланавай праверкі будзе магчыма, у асноўным, пры наяўнасці інфармацыі аб здзейсненым парушэнні заканадаўства або аб фактах узнікнення пагрозы бяспецы дзяржавы, жыццю і здароўю грамадзян, выкарыстання суб'ектам бюджэтных сродкаў, дзяржаўнай маёмасці. Пры гэтым пазапланавая праверка абмяжоўваецца вывучэннем толькі тых пытанняў, якія сталі падставай для яе правядзення.

Што датычыцца выбарачных праверак, то яны будуць прызначацца кантрольнымі і нагляднымі органамі па сукупнасці вынікаў аналізу існуючай у іх распараджэнні інфармацыі, якая сведчыць аб высокай ступені рызыкі парушэнняў заканадаўства і іх негатыўных наступстваў.

План выбарачных праверак будзе фарміравацца Камітэтам дзяржаўнага кантролю пачынаючы з першага паўгоддзя 2019 года і размяшчацца на яго сайце ў інтэрнэце. Інфармацыя аб праверках, якія маюць адбыцца, будзе адкрыта і даступная для суб'ектаў гаспадарання.

— Новы ўказ дае бізнесу значна больш свабоды. Як гэта адаб'ецца на адказнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў?

— Недапушчэнне ўмяшання кантрольных і наглядных органаў у дзейнасць суб'екта прадугледжвае неабходнасць развіцця ўнутранай сістэмы самакантролю арганізацый і павышэння адказнасці кіраўніка за рашэнні, якія ім прымаюцца.

Напрыклад, пры наяўнасці адпаведных падстаў кантралёр можа накіраваць суб'екту прапанову (але не патрабаванне) аб прыпыненні яго дзейнасці, якая будзе насіць рэкамендацыйны характар. Але рашэнне аб прыпыненні дзейнасці аб'екта альбо яе працягу кіраўнік будзе прымаць самастойна. Пры гэтым і адказваць за прынятае рашэнне і наступствы давядзецца яму самому.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Больш свабоды — больш адказнасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.