Вы тут

Як выконваецца Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні»?


Як на месцах выконваецца Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні»? Адказ на гэта пытанне шукалі ў Жлобінскім і Буда-Кашалёўскім раёнах дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Гомельскага абласнога Савета.


Старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід Цупрык падкрэслівае, што дэпутацкі корпус імкнецца ўсебакова адпрацоўваць кожнае палажэнне закона:

— Трэба адзначыць, што частка закона, якая датычыцца грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання, патрабуе далейшага развіцця. Мы бачым, што мясцовыя ўлады накіраваны на тое, каб павышаць эфектыўнасць узаемадзеяння органаў кіравання і самакіравання. У першую чаргу трэба ўбачыць і падтрымаць неабыякавых, актыўных людзей. Тых, хто не толькі выказвае крытыку, але і мае канструктыўныя прапановы. Шмат пытанняў можа вырашацца толькі пры аб'яднанні намаганняў насельніцтва з органамі мясцовай улады. Мы шукаем ідэі: тыя прапановы і напрацоўкі, якія ёсць у мясцовых Саветаў.

У Жлобіне прадпрымальнік Аляксандр Рулянкоў падзяліўся вопытам узаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады. Дарэчы, ён зусім нядаўна завяршыў маштабную рэканструкцыю будынка, дзе цяпер размешчаны сучасны прыватны медыцынскі цэнтр.

На тэрыторыі мікрараёна Лебядзёўка-Поўдзень старшыня Савета адміністрацыйнага тэрытарыяльнага ўтварэння №3 г. Жлобіна Ігар Чарняўскі і дырэктар камунальнай арганізацыі «Жылкамсэрвіс-два», дэпутат райсавета Ігар Аляксеенка расказалі, як вырашаюць пытанні, актуальныя для насельніцтва. Дарэчы, жыхары мікрараёна прымаюць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый і дзіцячых пляцовак. Скінуліся, набылі і ўсталявалі камеры відэаназірання. Такія выдаткі ацанілі не толькі праваахоўнікі, якія некалькі разоў ужо скарысталіся запісамі. Жыхары заўважылі, што пад пільным нястомным відэавокам менш стала здарацца нават дробных парушэнняў.

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, дэпутат абласнога і раённага Саветаў Галіна Мельнікава расказала аб ролі раённай газеты «Новы дзень» у стварэнні эфектыўнай зваротнай сувязі паміж органамі мясцовай улады і насельніцтвам.

Мясцовыя ініцыятывы — тэма, якую дэпутаты вывучалі на базе Буда-Кашалёўскага раёна. Менавіта тут яшчэ ў 2010 годзе аднымі з першых на Гомельшчыне пачалі рэалізацыю ў межах праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» ініцыятывы «Адродзім ручнік разам». Цяпер яна збірае дзятву ў Гусевіцкім сельскім доме культуры. Хутка тут пачне працаваць творчая майстэрня, дзе можна будзе адрэстаўраваць старыя і зрабіць новыя ткацкія станкі, а таксама сувеніры з дрэва.

Пра ролю органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў рэалізацыі такіх ініцыятыў для стварэння камфортных умоў пражывання на сельскіх тэрыторыях праінфармавала старшыня Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Алексіна. Вынікі працоўнай паездкі дэпутаты абмяркоўвалі падчас гутаркі на пленарным пасяджэнні камісіі, якая адбылася ў Буда-Кашалёўскім райвыканкаме.

— У краіне разгортваецца работа па падтрымцы ініцыятыўных дзелавых людзей, — адзначыў Леанід Цупрык. — У сувязі з няўмольным тэхнічным прагрэсам развіваюцца камунікацыі паміж людзьмі. Сёння дзякуючы электронным лічбавым тэхналогіям пашыраюцца нашы магчымасці. Паслугі, якія прадастаўляюцца органамі ўлады, павінны быць яшчэ больш даступныя для кожнага чалавека. Мы ідзём да таго, што чалавеку дастаткова проста абазначыць для мясцовых органаў улады патрэбу ў рашэнні нейкага пытання — і ён тэрмінова атрымае вынік. Першым крокам у гэтым кірунку было стварэнне сістэмы «аднаго акна». Цяпер выходзім на новы ўзровень, звязаны з работай электроннага ўрада. З пераходам на электронны дакументаабарот, вядома, з'явіцца магчымасць вырашаць пытанні праз лічбавыя тэхналогіі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Улада павінна быць даступнай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».