Вы тут

Ці павінны сельвыканкамы адказваць за ўсё?


Дэпутаты Бабруйскага і Чэрыкаўскага раёнаў пра тое, ці павінны сельвыканкамы адказваць за ўсё і якіх законаў нам не хапае.

Сёння ўмовы жыцця ў сельскай мясцовасці цалкам залежаць ад эфектыўнай работы сельвыканкамаў. На іх плячах не толькі адміністрацыйныя працэдуры, пытанні добраўпарадкавання, абслугоўвання інфраструктуры населеных пунктаў. Але яшчэ і назіральныя камісіі, якія павінны працаваць нават з тымі грамадзянамі (калі яны здзейснілі правапарушэнне), якія не прапісаны ў сельсавеце, саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (СГПАП), якія займаюцца перавыхаваннем часам відавочна неадэкватных грамадзян, маніторынг і ўлік вулічнага асвятлення. Гэта, канешне, таксама важна. Але, як сведчаць дэпутаты, ёсць моманты, якія перашкаджаюць наладзіць эфектыўную работу. Па-сутнасці, дылетантам прыходзіцца вырашаць часам зусім далёкія ад іх пытанні. У выніку якасць кульгае, нерацыянальна выдаткоўваюцца бюджэтныя грошы. І з гэтым трэба нешта рабіць, сігналізуюць народныя абраннікі.


Старшыня Бабруйскага райсавета дэпутатаў Аляксандр Емяльянаў.

Лямпачкі ўключаем, паказанні знімаем

Для пачатку звернемся да Пастановы Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь ад 30.01.2008 №2 «Аб зацвярджэнні Тыпавога палажэння аб парадку правядзення арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў па міжрамонтным абслугоўванні сетак вонкавага асвятлення сельскіх населеных пунктаў», якой павінны кіравацца ў сваёй рабоце сельвыканкамы.

У пункце 4 гэтай Пастановы ідзе размова пра тое, што сельскія ўлады павінны ўскладаць на старастаў населеных пунктаў абавязкі па кантролі за своечасовым уключэннем і адключэннем вонкавага асвятлення, фактычна выкананым аб'ёмам работ па замене лямпаў вонкавага асвятлення, а таксама абавязаць іх займацца «своечасовым і дакладным зніманнем паказанняў разліковых прыбораў уліку спажытай электраэнергіі». Ад старастаў таксама патрабуецца, каб яны прайшлі падрыхтоўку ў арганізацыі энергазабеспячэння і атрымалі групу па электрабяспецы.

— Гэтыя інструкцыі быццам нейкі жарт, — не хавае свайго скептычнага стаўлення старшыня Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Емяльянаў. — Атрымліваецца, электралініі, апоры і свяцільнікі — гэта маёмасць энергетыкаў, за лямпачкі і электраэнергію плацім мы, а ўлік, кантроль і зніманне паказанняў павінны весці старасты. Але гэта ж не спецыялісты, да таго ж часцей за ўсё людзі сталага ўзросту, якіх часта і зрок падводзіць, і сілы не тыя, што ў маладога. А ёсць вёскі, дзе са старастамі наогул праблема. Вунь у нас у васьмі населеных пунктах ніводнага жыхара не зарэгістравана — усе дачнікі. Яшчэ ў 20 жыве ад аднаго да чатырох чалавек. І не факт, што яны там пастаянна знаходзяцца. На зіму іх звычайна дзеці забіраюць. Я звяртаў на гэту супярэчнасць увагу міністэрства. Але там не палічылі патрэбным нешта перагледзець.

Старшыня Глушанскага сельскага Савета дэпутатаў Бабруйскага раёна Марыя Сушчанка таксама лічыць, што нельга ўскладаць такую адказнасць на неспецыялістаў.

— На сённяшні дзень энергетыкі вызвалены ад падаткаў на зямлю, нерухомасць, але гэта адзіная арганізацыя, якая ігнаруе рэкамендацыі органаў мясцовай улады па паляпшэнні жыцця насельніцтва, — кажа яна. — Многія ўчасткі вёсак дрэнна асветлены, ёсць вуліцы, дзе наогул няма ніводнага ліхтара. Незразумела, чым энергетыкі кіраваліся, калі асвятлялі вуліцы. І навошта нам плаціць за ўстаноўку новых апор асвятлення, дзе яны іх проста своечасова не паставілі? Не разумею, чаму сельвыканкамы павінны кампенсаваць выдаткі на лямпачкі, якія купляюць і ўтылізуюць выключна энергетыкі. Мы нават не ведаем, спраўныя нам прапануюць лямпачкі або не. Часта бывае так, што яны цераз пару дзён перагараюць... Лічу, што сельвыканкамы павінны плаціць толькі за спажытую электраэнергію і болей ні за што. А за якасць хай адказваюць спецыялісты.

— У нас сістэма гадамі адладжаная, мы добра ўзаемадзейнічаем з энергетыкамі, але ёсць пытанні, — адзначае старшыня Язёрскага сельскага Савета дэпутатаў Чэрыкаўскага раёна Зоя Рыжкова. — Узяць, напрыклад, вулічнае асвятленне. Старасты ў нас добрасумленныя, дапамагаюць і нам, і энергетыкам. Дзесьці лямпачка перагарэла або нешта зламалася, — адразу ж сігналізуюць. Мы гэтыя заяўкі афармляем і перадаём у раённыя электрычныя сеткі. Але са зніманнем паказанняў яўны перабор. Гэта ж трэба ісці да камплектнай трансфарматарнай падстанцыі (ктп), адкрываць яе спецыяльным ключом і глядзець. А калі нешта здарыцца з чалавекам, хто будзе адказваць? Мы знайшлі такое выйсце — паставілі рэле часу, якое трэба двойчы ў месяц пераводзіць. Гэта мае права рабіць толькі спецыяліст з раённых электрычных сетак. Я бяру яго і вязу па ўсіх населеных пунктах сельсавета, дзе ёсць ктп і тп (трансфарматарная падстанцыя). Па сутнасці, два дні ў месяц працую проста кіроўцам замест таго, каб займацца непасрэдна насельніцтвам.

Пастанаўленне звязвае рукі самім жа энергетыкам. Калі трэба памяняць лямпачку або зрабіць нейкі рамонт, яны — пакуль не адпрацуюць па адным сельсавеце, пакуль усе паперы не аформяць, разлік не выставяць — у другі сельсавет нават не заязджаюць. А калі б яны самі сачылі за сваім абсталяваннем, то маглі б заязджаць па дарозе ў вёскі, незалежна ад іх прыналежнасці таму ці іншаму сельсавету. Меней паліва спатрэбілася б і менш стала б папяровай работы. І нам не трэба было б ім плаціць за паслугі, а значыць болей грошай заставалася б у бюджэце. А паведамляць пра перагарэлыя лямпачкі і паломкі мы будзем у любым выпадку.

Падчас пасяджэння Савета грамадскага пункта аховы правапарадку.

Не хапае псіхіятра?

Ёсць перакосы і ў рабоце саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (ГПАП), якія займаюцца асацыяльнымі грамадзянамі. Міліцыянеры, сацработнікі, дэпутаты, настаўнікі і іншыя грамадскія актывісты збіраюцца разам і пачынаюць перавыхоўваць чалавека, якому глыбока абыякава грамадскае меркаванне.

— Саветы ГПАП — гэта добра, але нельга прафілактыку ўскладаць толькі на іх, — кажа Аляксандр Емяльянаў. — Ёсць РАУС, участковыя, пракуратура. Але асноўны ўхіл чамусьці робіцца на саветы ГПАП. Мне здаецца, што органы ўнутраных спраў пры аптымізацыі гэты бок крыху сказілі. Пераклалі адказнасць на плечы старшыні сельвыканкама і грамадскасці. З саветаў ГПАП запытваюць справаздачы пракуратура, міліцыя, іншыя кіруючыя органы. Але ж мы не спецыялісты.

— З тымі людзьмі, якія не зусім спіліся, яшчэ можна і патрэбна працаваць, — пагаджаецца Зоя Рыжкова. — Але, калі ў чалавека адбыліся змены ў псіхіцы, гэта бессэнсоўна. Тут эфектыўнасць грамадскасці роўная нулю. Або ўзяць людзей неаднаразова судзімых. Ім наогул мора па калена. Грамадскасць для іх не закон. Да таго ж яны бываюць вельмі агрэсіўныя, і невядома, чаго ад іх чакаць. З імі павінны працаваць выключна спецыялісты.

— Мы працуем з той катэгорыяй, дзе адназначна патрабуецца дапамога псіхіятра або псіхолага, — салідарная з калегамі Марыя Сушчанка. — Трэба наогул вызначыцца нарэшце — гэта хвароба або распуста. Калі хвароба, навошта мы, не спецыялісты, гэтым займаемся? Якое выйсце? Магчыма, гэта і не гуманна, але я прапаную жанчын, якія ўжо маюць дзяцей, але па-ранейшаму вядуць асацыяльны лад жыцця, стэрылізаваць, пазбаўляць магчымасці нараджаць дзяцей. Дзевяць месяцаў атручваць будучае дзіця алкаголем і наркотыкамі, заражаць венерычнымі захворваннямі — гэта хіба не злачынства? Нам патрэбны рэабілітацыйныя праграмы для такой катэгорыі людзей. Не грамадскімі ганьбаваннямі іх выхоўваць, а з дапамогай медыцыны.

Страхоўка для печкі

Барацьба з пажарамі таксама не апошняя справа для сельсаветаў. Назіральныя камісіі робяць паўсюдны абход домаўладанняў, незалежна ад таго, асацыяльная там жыве сям'я або не.

— Раней за населенымі пунктамі былі замацаваныя інспектары МНС, — кажа Аляксандр Емяльянаў, — абыходзілі тэрыторыю, глядзелі ўсё. Але яны, як і міліцыя, пры аптымізацыі частку абавязкаў пераклалі на назіральныя камісіі — на грамадскасць іншымі словамі. Цяпер яшчэ і справаздачы з нас патрабуюць. Усё перавярнулася з ног на галаву. Назіральныя камісіі як суб'ект прафілактыкі — гэта добра, але не трэба гэтым злоўжываць.

— Калі ёсць людзі спецыяльна адукаваныя, навошта прымушаць займацца гэтым дылетантаў, — не разумее Марыя Сушчанка. — І наогул, ці трэба да ўсіх хадзіць? Можа лепш увесці грамадзянскую адказнасць? Правяраць толькі там, дзе жыве вялікая колькасць народу. А калі гэта прыватны дом, то хай чалавек паклапоціцца пра сваю бяспеку сам. Магчыма, трэба ўвесці нейкую грамадзянскую адказнасць па прынцыпе, як пры страхоўцы дома. За пэўную суму спецыялісты прыйшлі і праверылі. А да тых, хто будзе ігнараваць, прымяняць якую-небудзь форму ўздзеяння. Гэта спрацуе куды больш эфектыўна, чым назіральная камісія.

— Калі ўводзіць грамадзянскую адказнасць людзей за супрацьпажарную бяспеку, гэта абавязкова трэба прапісаць у законе, — лічыць Зоя Рыжкова. — Напрыклад, пажарныя апавяшчальнікі мы ўгаворваем ставіць, ды няма такога закона, які б абавязваў насельніцтва гэта рабіць. Але калі чалавек устанавіў апавяшчальнік, а батарэйку не памяняў, ратавальнікі могуць яго аштрафаваць. Людзі, якія з гэтым сутыкнуліся, наогул адмаўляюцца ад прыбораў. Навошта ім гэты галаўны боль? А быў бы закон — і парадку стала б болей. А то працуем пакуль толькі на перакананне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Справай павінны займацца не дылетанты, а спецыялісты

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.