Вы тут

Распавядаем пра Полацкі магістрат


У Полацку, самым старажытным горадзе краіны, сёлета год юбілеяў. Ужо адсвяткавалі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і ўласна 1155-годдзе. Яшчэ адна юбілейная дата — 1025-годдзе Полацкай епархіі... А налета споўніцца 520 гадоў надання гораду магдэбургскага права. У нашай пастаяннай рубрыцы, прысвечанай гісторыі мясцовага самакіравання, сёння распавядаем пра магістрат тых часоў.


Запіс аб асабовым складзе гадавога магістрата 1727 года.

Скардзіліся «па вертыкалі»

— У Полацку магістрат стварылі пасля надання гораду 7 кастрычніка 1498 года магдэбургскага права. На жаль, вельмі мала дакументаў, па якіх дакладна можна было б меркаваць пра першыя дзесяцігоддзі дзейнасці органа мясцовага самакіравання. Добра, што засталося значна больш крыніц пра яго функцыянаванне ў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях. Што да іерархіі, як у наш час сказалі б, «гарвыканкама» — магістрат падзяляўся на бурмістраўска-радзецкую і войтаўска-лаўнічую часткі. Лаўнікі падпарадкоўваліся бурмістрам і райцам. Бурмістры, райцы і лаўнікі засядалі ў ратушы. На «пасяджэннях» прысутнічалі лайнтвойт ці яго намеснік, — распавядае старшы навуковы супрацоўнік Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў.

Бурмістры праводзілі пасяджэнні, выносілі прысуды. Яны ж прымалі самыя важныя рашэнні, у тым ліку і фінансавыя. Райцы былі іх дарадцамі, спецыялістамі ў вобласці права, знаўцамі і абаронцамі правоў і прывілеяў. Яны мелі пячатку, ключы ад ратушы і скрынкі з гарадскімі прывілеямі.

Лаўнікі («прысяжнікі») праводзілі следчыя дзеянні ў судовых справах. Яны вывучалі сітуацыі на месцах здарэнняў, аглядвалі целы забітых, раны. Яшчэ ацэньвалі маёмасць і г. д.

Дзейнічала ў той час і «схема» абскарджвання.

— У прыватнасці, калі вынікі ацэнкі маёмасці ці вызначэння меж зямлі, праведзеных лаўнікамі, не задавальнялі чалавека, ён мог запатрабаваць паўтарэння тых жа дзеянняў камісіяй райцаў. А мог і ў апошнюю інстанцыю звярнуцца — да бурмістраў, — працягвае гісторык.

У подпісах пад дакументамі чыноўнікі нярэдка павышалі свой статус. Ды з такім размахам гэта адбывалася, што адзін з райцаў у 1682 годзе склаў пратэст супраць адпаведных дзеянняў лаўнікаў...

Скарачалі штатны расклад

У ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях, як, верагодна, і ў ХVІ стагоддзі, магістрат складаўся з трох сесій бурмістраў, райцаў і лаўнікаў. Кожная з іх засядала ў ратушы па чарзе — праз два гады на трэці.

Іх змена адбывалася ў дзень новага года па грыгарыянскім календары. Толькі ў 1654—1667 гадах, калі Полацк падпарадкоўваўся Маскоўскай дзяржаве, магістрат мяняўся 1 верасня — па сістэме летазлічэння ад стварэння свету.

— Можна меркаваць, што колькасць бурмістраў і райцаў на працягу двух вякоў заставалася нязменнай — па двое. А штат гадавых лаўнікаў паступова змяншаўся: спачатку з шасці да чатырох, потым да двух. Верагодна, гэта было выклікана паступовым — прыблізна трохразовым, скарачэннем насельніцтва горада з сярэдзіны ХVІІ да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Яшчэ больш скарачаць было нельга, бо пры магдэбургскім праве гарантавлася аднолькавае прадстаўніцтва ў магістраце асоб «рымскай» і «грэчаскай» веры, — канстатуе Максім Макараў.

Але часам ураднікаў (членаў магістрата) не хапала. І прыходзілася працаваць у «няпоўным складзе». У прыватнасці, 1 студзеня 1732 года бурмістр Тэадор Камковіч заняў месца ў ратушы, як адзначана ў гістарычнай крыніцы: «сам толькі, без калегі («рымскага» бурмістра) і без паноў райцаў...»

Пры дзвюх уладах

Даследчык паспрабаваў прасачыць ратацыю сесій полацкага магістрата ў згаданыя вышэй два стагоддзі.

Дакладна вядома, што ў 1602 і 1608 гадах у ратушы засядала адна і тая ж сесія магістрата. Напэўна, яна выконвала свае абавязкі і ў 1605 годзе. А «адпачывала» ў 1603—1604 і ў 1606—1607 гадах.

— Можна ўпэўнена сцвярджаць, што адбывалася рэгулярная ратацыя «кадраў» трох устойлівых па складзе сесій магістрата. У 1654 годзе Полацк занялі маскоўскія войскі. Персанальны склад магістрата моцна змяніўся. Але прынцыпы дзейнасці засталіся ранейшымі... У 1662 годзе маскоўскі гарнізон быў не ў стане надзейна забяспечыць абарону горада. Войска спаліла горад з умацаваннямі і схавалася ў замку. Большасць мяшчан перасялілася ў Дзісну або збегла. А мясцовы магістрат, відавочна, увогуле перастаў функцыянаваць, — працягвае суразмоўца.

У 1667 годзе Полацк зноў увайшоў у склад Рэчы Паспалітай. І магістратам сталі кіраваць прадстаўнікі той сесіі, якая дзейнічала перад вайной (амаль усе тады збеглі на тэрыторыю ВКЛ). Гісторык мяркуе, што гэтыя ж людзі працавалі і ў наступным годзе...

У першай чвэрці ХVІІІ стагоддзя рэгіён знаходзіўся ў катастрафічным стане. Падчас Паўночнай вайны (1700—1721 гады) колькасць жыхароў паменшылася ў разы. У спісе супрацоўнікаў магістрата за 1704—1709 гады зусім мала прозвішчаў.

— Гэта наводзіць на думку пра недахоп ураднікаў і хранічны кадравы голад. Сітуацыя палепшылася толькі ў канцы другога дзесяцігоддзя ХVІІІ стагоддзя, — працягвае Максім Макараў.

У прыватнасці, у 1750—1772 гадах колькасць бурмістраў павялічылася. Цікава, што гадавыя лаўнікі, якія занялі пасаду ў 1762 годзе — Ян Мірановіч і Рыгор Касабуцкі, — выконвалі свае абавязкі на працягу ажно сямі гадоў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: У каго ключ ад ратушы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.